Вірус А/H1N1 будзе прадаўжаць цыркуляваць на працягу некалькіх гадоў у якасці сезоннага грыпу. Аб гэтым заявіла генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Маргарэт Чань. Яна нагадала, што ў жніўні 2009 года было аб’яўлена аб заканчэнні пандэміі грыпу А/H1N1, аднак ён не знік: гэты зімовы сезон некаторыя краіны ў паўночным паўшар’і па-ранейшаму сутыкаюцца з цяжкімі формамі захворвання. Асабліва гэта тэндэнцыя праяўляецца сярод маладых людзей.
З мэтай недапушчэння распаўсюджвання інфекцыі цэнтральная бібліятэка правяла для старшакласнікаў Брагінскай сярэдняй школы інфармацыйна-пазнавальную гадзіну “Грып: абарона і лячэнне без лекаў”. Адкрыла мерапрыемства дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Карпенка і перадала слова ўрачу-інфекцыяністу Ірыне Талюк. Ірына Міхайлаўна расказала аб шляхах перадачы захворвання, асноўных сімптомах, мерах прафілактыкі. Параіла, якія прэпараты будуць найбольш эфектыўнымі пры лячэнні. У прыватнасці, аспірын прымаць нельга, бяссільныя перад інфекцыяй і антыбіётыкі. Самы надзейны спосаб засцерагчы сябе – зрабіць прышчэпку супраць грыпу.
Адказваючы на пытанне, ці патрэбна даваць арганізму перапынак, калі прышчэпкі рабіліся на працягу двух гадоў запар, урач падкрэсліла, што працэдура будзе эфектыўная толькі тады, калі праводзіцца рэгулярна. У час пандэміі пажадана вакцынавацца нават два разы ў год.
Паколькі ў чытальнай зале сабраліся падлеткі, павяла гутарку і аб прафілактыцы інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. На жаль, выпадкі захворванняў сіфілісам, ганарэяй у раёне зарэгістраваны, прычым сярод іх равеснікаў. Урач адказала на іншыя пытанні юнакоў і дзяўчат, якія не датычылі грыпу. Сустрэчы такія, як высветлілася, вельмі патрэбны. Да ўсяго Ірына Міхайлаўна аказалася цікавай субяседніцай і змагла прыцягнуць увагу старшакласнікаў, заваяваць іх давер, што таксама немалаважна пры ўсталяванні кантакту доктар – падлетак.
Каб тое, аб чым гаварылася, не толькі запомнілася, але было даступным для іншых, работнікі цэнтральнай бібліятэкі ўручылі кожнаму невялікія памяткі, у якіх змяшчаліся звесткі пра грып.
Ніна СІНІЛАВА