Права на гонар. Заўтра, 14 кастрычніка, сваё 90-годдзе сустрэне Праскоў’я Іванаўна Цалуйка з Хракавіч.

Грамадства

На жыццёвым шляху Праскоўі Іванаўны было шмат выпрабаванняў, але яна заўсёды знаходзіла фізічныя і душэўныя сілы, каб пераадолець іх. Разам з мужам у няпростых жыццёвых абставінах расцілі пяцярых дзяцей. У рэшце рэшт усё ў іх атрымалася: і дом пабудавалі, і сад пасадзілі, і нашчадкаў сваіх выхавалі як след,даўшы кожнаму зайздросную (думаю, аднавяскоўцы са мной згодны) пуцёўку ў жыццё.

Мужа не стала, а Праскоўя Іванаўна працягвае крочыць па жыцці, падаючы сваім дзецям, семярым унукам, дзвюм праўнучкам і ўсім аднавяскоўцам прыклад, годны для пераймання. А дзеці  ахінаюць маці яшчэ большай увагай, клопатам і цеплынёй.

Расказвае Ларыса Царанок: “Па-сваяцку я наведваю сваю цётачку Пашу. Шмат цікавых эпізодаў даведалася аб яе маладых гадах, працы ў жывёлагадоўлі, аднавяскоўцах. Ніколі не праміне расказаць пра дзяцей.

Я ж не праміну зрабіць ёй камплімент: амаль кожны раз на галаве ў яе новая хусцінка, яшчэ прыгажэйшая за папярэднюю. Гэта падарункі ад дзяцей і ўнукаў. І, слухаючы Праскоўю Іванаўну, разумееш, наколькі яны ёй дарагія і  колькі ў іх цеплыні, клопату і павагі”.

Суседка Валянціна Казачэнка дапаўняе: “Дружныя і клапатлівыя дзеці не даюць матулі сумаваць. Ва ўсе поры года яны нясць “вахту”. Таму і агарод заўсёды ў бездакорным стане, і падворак дагледжаны, і ў пакоях чысціня і парадак. Звычайную вясковую хату дзеці пераабсталявалі на сучасны лад: тут і ўсе выгоды, і сучасная бытавая тэхніка.

Праскоўя Іванаўна – спагадлівы і шчодры  чалавек: і параду слушную дасць, і дапаможа справай, і садавіной-гароднінай пачастуе”

Валянціна Цалуйка дадае: “Дабро, зробленае табе, доўга-доўга не забываецца. Калі я пачынала працаваць у дзіцячым садку, Праскоўя Іванаўна вельмі мне дапамагала. Без празмернай мітусні яна ўмела ўсюды навесці парадак, гэтаму навучыла і мяне, за што я  ўдзячная і па сёння”.

Ёсць такая мудрасць: жыццё даецца ўсім нам, а вось старасць толькі абраным. Напэўна, нездарма і нарадзілася Праскоўя Іванаўна на Пакровы. Калі я запыталася, у чым жа шчасце, юбілярка адказала: “За ўсё ў сваім жыцці я дзякую Бога. Маё шчасце – мае дзеці, мая радасць – мае дзеці, маё жыццё – гэта таксама мае дзеці”.

А жыццё не песціла. Як расказвае Праскоўя Іванаўна, яе дзяцінства было няпростым. Бацька пакінуў яе з сястрой на хворую маці, стварыўшы новую сям’ю. Сястра паехала ў горад, а Праскоўя прыкіпела да вёскі. Рана навучылася і касіць, і дровы нарыхтоўваць, і торф рэзаць, і карову даіць. Былі вялікія здольнасці і да вучобы, але ж у тыя галодныя пасляваенныя гады галоўнай стала гаспадарка, каб быць з кавалкам хлеба.

Стварыўшы ўласную сям’ю, марыла аб шчасці дзяцей. Выхоўвалі іх з адвечнай сялянскай мудрасцю: кожны займаецца сваёй справай і выконвае яе добра. Бацькі працуюць, каб накарміць, апрануць і абуць сям’ю. Дзеці старанна вучацца, а ў вольны час займаюцца справамі па гаспадарцы.

Праскоўя Іванаўна ўспамінае: “Я вельмі радавалася поспехам сваіх дзяцей. Але не “захвальвала” іх, а старалася накіраваць на новыя дасягненні. Маяком для малодшых быў і застаецца старэйшы сын Жэня. Ён выдатна закончыў школу, потым, з “чырвоным” дыпломам – універсітэт і быў размеркаваны ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, дзе абараніў дысертацыю і звыш сарака гадоў працуе старэйшым навуковым супрацоўнікам.

Дачка Наташа ўпэўнена пераняла эстафету ад брата. І школу, і тэхнікум, і кааператыўны ўніверсітэт скончыла. У дадатак атрымала яшчэ і вышэйшую адукацыю па правазнаўстве. Ганаруся, што кіраўніцтва раёна даручыла ёй адказную пасаду. А дома  да гэтага часу захоўваю дыпломы і граматы дачкі. Некалі настаўнік фізічнай культуры наканоўваў ёй спартыўную будучыню.

Мае дочкі-блізняты Марына і Святлана маюць ужо  амаль па трыццаць гадоў працоўнага стажу. Святлана, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працуе вядучым бухгалтарам на Міншчыне, а Марына пасля філфака Мазырскага ўніверсітэта выкладае родную мову ў г. Іванаве.

Малодшы сын Андрэй, адслужыўшы ў арміі, выбраў прафесію вадзіцеля, за плячамі ў яго – вялікі вопыт работы.

Кожны з дзяцей пайшоў сваёй дарогай і ў жыцці, і ў прафесіі. Я не перашкаджала – права выбару заўсёды заставалася за імі”. Мудрая жыццёвая філасофія… І зараз, як вынік, у маці права гонару за дзяцей.

А яны, дарэчы, вельмі прывязаныя да свайго роднага гнязда. І заўсёды разумелі і разумеюць, што многім абавязаны сваім бацькам.

Наперабой падкрэсліваюць: “Мама стрыманая, ураўнаважаная, нешматслоўная. Часам позіркам магла сказаць больш, чым словамі. Быццам і не паглядае на цябе, а бачыць усё”.

“Самае дрэннае – украсці”, – вучыла нас матуля.”

“Маці ва ўсім любіць парадак: і ў справах, і ў словах, і ў думках. Яна і дагэтуль кіруе намі: “Дзеткі, вы ж дружненька, не баўце марна час…”.

“Мы і дагэтуль вучымся ў маці справядлівасці і спагадзе. Яна навучыла нас чуць чалавека з першага слова”.

Я ведаю юбіляршу даўно, больш за пяцьдзясят гадоў. Яе заўсёды выбіралі ў агульнашкольны бацькоўскі камітэт: дзеці добра вучыліся, удзельнічалі ў мерапрыемствах.

…Праз колькі гадоў гляджу на Праскоўю Іванаўну: тыя ж блакітныя вочы, тая ледзь прыкметная ўсмешка на вуснах. Вось толькі валасы густа прысыпаны срэбрам узросту.

Падворак – у кветках, бацькоўскі сад паступова змяняюць больш маладыя дрэвы. Сталы пад бялюткімі абрусамі. Здаецца, чакаюць гасцей.

Вядома ж, часцей за іншых у маці бывае Наталля Міхайлаўна – жыве бліжэй. Як “хуткая дапамога”, па першым выкліку прыбывае да маці: сочыць за здароўем, прывозіць прадукты, дапамагае.

А калі ў вольную часіну разглядаюць сямейныя альбомы, узнагароды, здаецца, што і ўсе дзеці побач. Яны яшчэ не раз абавязкова збяруцца разам у бацькоўскім доме.

З юбілеем Вас, Праскоўя Іванаўна! Добрых Вам ранкаў, шчаслівых дзён, спакойных вечароў і начэй і светлай жыццёвай дарогі!

Любоў МАЙСЕЕНКА