На мінулым тыдні гасцінна прымаў адпачывальнікаў летні лагер “Трохвугольнік”

Грамадства

0000001

Тут было зроблена ўсё, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі змаглі адпачыць ад замкнёнай прасторы сваіх кватэр і знайсці сяброў.

Пляцоўкай для правядзення мерапрыемства стаў прасторны двор евангельскай царквы “Благодать”, што ў Стралічаве (Хойніцкі раён). І ўсе, хто сюды наведаўся, змаглі на доўгі час зарадзіцца здаровай энергіяй, якая проста неабходна для гэтых людзей.

0000004

Сёлета лагер прыняў больш за 30 чалавек з Лоева, Хойнік і Брагіна. З нашага раёна шанц адпачыць на свежым паветры атрымалі Аляксей Бялега, Таццяна Патапава, Вольга Новік і Аляксандр Прыходзька. А суправаджалі іх супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Брагінскага ТЦСАН.

Аляксей Бялега, Таццяна Патапава, Вольга Новік і Аляксандр Прыходзька ў суправаджэнні супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Брагінскага ТЦСАН
Аляксей Бялега, Таццяна Патапава, Вольга Новік і Аляксандр Прыходзька ў суправаджэнні супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Брагінскага ТЦСАН

Сустрэча з сябрамі, з якімі пазнаёміліся ў мінулым годзе, і добразычлівая атмасфера, па задумцы арганізатараў, павінны былі дапамагчы ўсім пазбавіцца ад негатыўных эмоцый, пераключыцца на пазітыў. І сапраўды, тут ніхто не адчуваў сябе абмежаваным у магчымасцях.

Арганізатары лагера адносяцца да такіх людзей як да роўных, не робяць з іх “аб’ект” жалю, не глядзяць на іх вачамі, поўнымі спачування. Наадварот, у праграме адпачынку – розныя гульні, спартыўныя спаборніцтвы, вечарына з юшкай каля вогнішча і іншыя звычайныя радасці жыцця.

00000030000006

Адпачывальнікі з непадробнай цікавасцю і азартам удзельнічалі ва ўсіх прапанаваных мерапрыемствах і даказалі, што вельмі добра ўмеюць працаваць у камандзе і ім па сіле любая справа. Дзень у лагеры быў для іх своеасаблівай прыгодай, падчас якой усе атрымалі шмат прыемных уражанняў.

000000700000050000008

“Праводзячы шмат часу толькі ў рамках сям’і, гэтыя людзі адчуваюць нейкую сацыяльную ізаляцыю. Такое становішча і падштурхнула да ідэі заснавання лагера, – гаворыць Юрый Куніцкі. – Ён праводзіцца другі год запар, і сёлета жадаючыя яго наведаць з нецярплівасцю чакалі гэты дзень”.

Юрый Аляксандравіч – лідар дабрачыннай арганізацыі “Лепшы шлях”. Гэта чалавек надзвычай шчодрай душы і добрага сэрца. Маючы талент арганізатара, ён здолеў аб’яднаць вакол сябе аднадумцаў, што дазволіла распрацаваць і рэалізаваць даны праект. Дарэчы, лагер для інвалідаў дзейнічае выключна дзякуючы грашовым ахвяраванням і іншай падтрымцы неабыякавых людзей.

Інваліднаць – нікому не дадзена спазнаць, у чым прычына такога ўдару лёсу. Нехта нарадзіўся са складаным дыягназам, нехта атрымаў яго ўжо ў дарослым узросце. У любым выпадку, гэтыя людзі не павінны быць асуджаныя на адзіноту. Кожны чалавек дастойны таго, каб жыць цікава і насычана.

0000009