Мабільная сувязь, інтэрнэт і афрыканская чума свіней… Аб гэтым і не толькі вялася размова на сустрэчы жыхароў вёскі Гдзень з прадстаўнікамі інфармацыйнай групы, якая адбылася ў мінулы чацвер. У яе склад увайшлі намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук, дырэктар Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Пархамец, намеснік галоўнага ўрача Брагінскай ЦРБ Вольга Рабыкіна, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач.
…Гдзень. Гэта каля 70 кіламетраў на поўдзень ад Брагіна, да Чарнобыля – рукой падаць. Здаецца, што згубілася яна сярод лясоў і палёў. Чужыя прыезджыя людзі тут вялікая рэдкасць. А віной усяму – аварыя на Чарнобыльскай АЭС.
У 1986-м вёска была эвакуіравана і расселена, тады тут пражывала каля тысячы чалавек. Праз год-другі большасць з іх вярнулася, пачалася другая хваля эвакуацыі. А сёння Гдзень жыве толькі за кошт тых, хто не ўяўляе сябе без роднай вёскі. Пачынаць новае жыццё ў іншым месцы яны або не жадаюць, або не маюць магчымасці. Гэта 90 чалавек, з якіх каля 30 – дзеці.
Прыезд інфармацыйнай групы тут чакалі з нецярпеннем – да ўлады ў мясцовых жыхароў назапасілася нямала пытанняў. Хоць старшыня Камарынскага сельскага выканкама Віктар Свіслоўскі бывае ў населеным пункце даволі часта, вяскоўцам хацелася пагутарыць і з кіраўніцтвам раёна.
Адна з галоўных на сёння тэм, якая абмяркоўваецца жыхарамі, – не вядуцца свінні. Яны вымерлі практычна ва ўсіх, хто меў гэтую жывёлу ў падсобнай гаспадарцы. Вяскоўцы падазраюць наяўнасць нейкага вірусу і просяць дапамогі, разабрацца ў сітуацыі.
Шмат спрэчак выклікае праблема інтэрнэту і мабільнай сувязі. Для аператараў сотавай сувязі пашыраць зону пакрыцця да гэтага ўскрайку зямлі немэтазгодна, таму ў бліжэйшым будучым у іх няма такіх планаў. У некаторых дамах усталяваны правадныя тэлефоны, але з-за недасканалага абсталявання інтэрнэт працуе вельмі павольна. Па гэтай жа прычыне не задавальняе вяскоўцаў і паслуга інтэрактыўнага тэлебачання “Zala”.
Была паднята і тэма выбараў Прэзідэнта Рэс-публікі Беларусь, якія пройдуць 11 кастрычніка. Некаторых хвалявала пытанне, чаму выбарчы ўчастак для гдзеньцаў знаходзіцца ў Верхніх Жарах, куды ім нязручна дабірацца. Але Віктар Міхайлавіч запэўніў, што праблемы з дастаўкай да ўчастка ў выбаршчыкаў не будзе – у дзень галасавання плануецца арганізаваць спецыяльны аўтобусны рэйс.
Абмяркоўвалі таксама асаблівасці пражывання каля дзяржаўная мяжы. Да яе ад вёскі – каля 2,5 кіламетраў. Менавіта таму частымі гасцямі ў гэтым населеным пункце з’яўляюцца супрацоўнікі пагранічнай службы. Не для таго, каб стварыць вяскоўцам нязручнасці, як мяркуюць некаторыя з іх, а з мэтай папярэджання парушэнняў.
Пагранічнікі просяць мясцовых жыхароў сур’ёзна ставіцца да іх патрабаванняў. Прычым нядаўна больш жорсткімі сталі меры пакарання за шэраг парушэнняў заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы, павялічыліся памеры штрафаў.
Тыповая для сельскай мясцовасці праблема – вулічнае асвятленне. Па словах Віктара Міхайлавіча, па ўсёй вёсцы павесіць лямпачкі не атрымаецца, але некалькі ліхтароў тут у хуткім часе ўсё ж з’явіцца. У мэтах эканоміі энергарэсурсаў на іх будзе ўсталявана рэле. Як адзначыў старшыня, гэта вымушаная мера, паколькі штомесяц на вулічнае асвятленне населеных пунктаў Камарынскаму сельскаму Савету даводзіцца выдаткоўваць каля 8-9 мільёнаў рублёў.
Гаварылі таксама аб спілаванні аварыйных дрэў, графіку работы аўтамагазіна, падрыхтоўцы печаў да ацяпляльнага сезону, захоўванні маёмасці, зборы макулатуры і як не даць знікнуць з карты раёна рацэ Брагінцы… Пытанняў было шмат. Усе яны разнастайныя і ўсе патрабуюць узважанага, прадуманага падыходу. Вядома, адразу вырашыць іх не атрымаецца. Вяскоўцы гэта разумеюць, але надзеі не губляюць.
Жыхароў маленькай вёскі не хвалююць праблемы сусветнага маштабу, але яны, адданыя роднаму краю людзі, хочуць жыць годна: мець інтэрнэт, мабільную сувязь, іншыя выгоды цывілізацыі. І гэта нармальна. З прадстаўнікамі інфармацыйнай групы развітваліся на пазітыўнай ноце і са спадзяваннямі, што сустрэча будзе для іх мець станоўчыя вынікі.