Яшчэ ў руінах ляжала народная гаспадарка, а раённая газета ўжо аднавіла сваю работу. Першы яе нумар пасля выгнання фашысцкіх акупантаў з Брагіншчыны паштальёны разнеслі 23 снежня 1943 года.
Апошні месяц вясны ўрываецца ў наша жыццё сакавітай зелянінай, квеценню садоў, буйствам водараў і фарбаў. А яшчэ – знакавымі падзеямі і ўрачыстасцямі, святамі ў гонар чалавека-працаўніка, пакалення пераможцаў, сям’і… Ёсць у гэтым ланцужку і наша, прафесійнае, – Дзень друку. Дата 5 мая звязана з выхадам першага нумара газеты “Правда” ў 1912 годзе. Акрамя таго, у гэты ж дзень у 1581 годзе ў Астрожскай друкарні Івана Фёдарава выйшаў першы славянскі каляндар на старабеларускай мове, які называўся “Храналогія”.
Што ж датычыць нашай раёнкі, то першы яе нумар свет убачыў больш за 90 гадоў назад – 19 лютага 1932-га, і называлася яна тады “Трыбуна калгасніка”. Газета ўсебакова асвятляла калгаснае будаўніцтва, прамысловасць, культурна-масавую работу. Выходзіла два разы на тыдзень фарматам у палову старонкі сучаснага выдання. Працавала і друкарня, дзе займаліся выпускам дробнай бланачнай прадукцыі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць гэтая, вядома, была прыпынена. Але часова. Яшчэ ў руінах ляжала народная гаспадарка, а паштальёны зноў пачалі разносіць мясцовае выданне. Першы яго нумар пасля выгнання з Брагіншчыны ворага чытачы атрымалі 23 снежня 1943 года. Перагарнуць некаторыя старонкі мы маем магчымасць разам з вамі, паважаныя чытачы, дзякуючы архіўнай галіне рэспублікі.
Год сорак чацвёрты, дзявятага чэрвеня. На першай старонцы – аператыўная зводка інфармбюро аб выніках наступальных баёў Чырвонай арміі. А побач – інфармацыя аб тым, як калгаснікі раёна, прасякнутыя ўдзячнасцю вызваліцелям ад гітлераўская няволі, па-франтавому працуюць на палях і спадзяюцца атрымаць добры ваенны ўраджай. Паміж гаспадаркамі разгарнулася сацспаборніцтва. У ліку калгасаў, якія перавыканалі план сяўбы, называюцца “Власть Советов”, “Шлях да камунізму”, “Чырвоная дуброва”. Шэраг працаўнікоў першага, сярод якіх і падлетак-сейбіт Рыгор Варонека, выпрацавалі норму на 250 і больш працэнтаў.
У “XVIII партз’ездзе” з-за недахопу цяглавай сілы масава апрацоўвалі зямлю ўручную. На ўскопванне палёў выходзілі ўсе: ад падлеткаў да старых.
На другой старонцы выдання рахункавод калгаса імя Тэльмана Кулеш распавядае, як у гаспадарцы вядзецца масавая праполка пасеваў:
“Садово-огородняя бригада провела первую прополку-шаровку 2 га капусты, 1 га помидоров, 2 га махорки, 0,80 га арбузов. Колхозницы этой бригады Дуня Игнатенко и Александра Рак выполняют нормы на 120 проц.
Полеводческая бригада закончила прополку озимых. Прополото 12 га ржи и 8 га пшеницы. Сейчас началась прополка яровых. От сорняков уже очищено 2 га льна. Колхозницы Ольга Радченко и Маруся Шруб дают на прополке 1,5 нормы”.
Адведзена, дарэчы, месца ў газеце і для міжнароднага агляду. Ёсць артыкулы, дзе падкрэсліваецца важнасць палітмасавай і культурнай работы. Для гэтага, напрыклад, пры Малажынскім сельсавеце створаны агіткалектыў у складзе васьмі чалавек з ліку лепшых калгаснікаў і сельскай інтэлігенцыі. Яны праводзяць з вяскоўцамі гутаркі, расказваюць ім пра падзеі на фронце. Поспехі перадавікоў вытворчасці адлюстроўваюцца ў насценных газетах. А ў клубе Брагіна дзякуючы ўстаноўленай гукавой апаратуры ёсць магчымасць паглядзець кіно. 5 мая, у каторы раз пасля вызвалення, дэманстраваўся савецкі фільм “Камсамольск”.
Па ўсім відаць, што патрэбна было мабілізоўваць беларускі народ на пераможнае завяршэнне Вялікай Айчыннай, на аднаўленне і далейшае развіццё разбуранай ворагам народнай гаспадаркі. Гэтая тэма і праходзіць амаль праз кожную публікацыю. Асвятляюцца не толькі падзеі на фронце, але і жыццё на вызваленай ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэрыторыі.
У сярэдзіне чэрвеня 1944-га ў мясцовых калгасах – сенакос, падрыхтоўка да ўборкі ўраджаю. Большая частка сялянскіх клопатаў па-ранейшаму ляжыць на кволых жаночых плячах.
“Высокой густой травой покрылись сенокосные угодья колхоза «Петьковщина» Сперижского сельсовета, обещая высокий урожай сена. Сейчас колхозники приступили к сенокошению.
В первый день на луга вышло 14 женщин и 8 мужчин. Скошены первые 9 гектаров сочной травы. Колхозницы Стася Лаханская и Домна Мастицкая скосили по 0,30 гектара”.
А торфазавод “Міхнаўка” перавыканаў майскі план здабычы торфу. На рахунку многіх рабочых – па 2–2,5 нормы.
Поруч з поспехамі, да слова, адзначаюцца і недахопы, на старонках выдання – смелая крытыка:
“Наряду с передовыми есть и такие колхозы, где ещё не занялись вопросами образования кормовой базы и ничего не сделали в деле подготовки к сеноуборке. К числу таких относятся колхозы Шкуратовского сельсовета. Немалая вина падает и на райпотребсоюз, который не завёз в район ни одной косы”.
“Население нашего района имеет большой спрос на предметы домашнего обихода. Но спрос населения в бытовых нуждах ещё далеко не удовлетворён. В подтверждение этого приведём несколько фактов.
Разве может обслужить нужды населения Брагинская столярная мастерская, насчитывающая 3 человека рабочих. Притом отношение райпотребсоюза к мастерской также заслуживают внимания. Райсоюз за 5 месяцев не уплатил рабочим зарплаты, не позаботился, чтобы увеличить количество рабочих”.
А вось нумар за 9 красавіка 1945-га: да пераможнага мая – месяц. “Трыбуна калгасніка” паведамляе пра палявыя работы ў калгасах, якія з кожным днём прымаюць усё большы размах. “Правільна арганізаваць працу, выкарыстаць усе магчымасці на хутчэйшае правядзенне сяўбы – неадкладны абавязак кожнага калгаса”, – вынесена на першую старонку вялікімі літарамі. Аўтары артыкулаў – брыгадзіры, звеннявыя – расказваюць пра змаганні за высокі ўраджай. У прыватнасці, змяшчаюцца звесткі з палёў калгаса “Пераможнік”. Вось што піша брыгадзір брыгады №1 Вольга Гутнікава:
“На палявых работах, акрамя коней, выкарыстоўваюцца каровы калгаснікаў. З 16 кароў, маючыхся ў калгаснікаў, 13 абучана. На конях і на каровах ужо вывезена на поле пад бульбу 400 вазоў гною.
…У першыя дні на ворыве звеннявая Каця Ласіца ўзарала 0,60 га, 65-гадовы Аляксей Новік – 0,50 га. Перавыканалі нормы Алемпей Дзялец, Раман Чуйка, Рыгор Дзялец”.
Пад рубрыкай “Пісьмо з фронту” змешчаны радкі падпалкоўніка Мянькова, які піша пра подзвіг нашага земляка, ураджэнца вёскі Валахоўшчына Фёдара Пятровіча Ярмоленкі:
“У нядаўніх баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі тав. Ярмоленка праявіў адвагу і мужнасць. Ён са сваёй ротай першы ўварваўся ў траншэі ворага, нанёсшы яму вялікія страты. Асабіста сам ён знішчыў чатырох гітлераўцаў”.
Такі гераічны ўчынак высока ацэнены камандаваннем: старшага лейтэнанта Ярмоленку ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны другой ступені.
Адметна, што гэты і наступныя нумары выдання друкуюцца выключна на беларускай мове. Адказны рэдактар – П.І. Купрэенка. Прыводзіцца і тыраж: 1000 экзэмпляраў.
Асаблівай урачыстасцю і ўсенароднай радасцю прасякнуты ўсе артыкулы, змешчаныя на старонках выдання за 11 мая 1945-га. Вестка аб капітуляцыі Германіі маланкава абляцела ўсе сяленні і будынкі. Усхваляваныя, шчаслівыя жыхары віталі адно аднаго. З нагоды такой падзеі – мітынгі, у тым ліку ў Брагіне:
«Раніца. Майскае сонца заліло сваімі праменнямі гарадскі пасёлак. На вятры калыхаюцца ўзнятыя пад установамі і жылымі дамамі Чырвоныя Сцягі. Урачыстасць ва ўсім: ва ўбранні людзей, іх вясёлай ажыўленасці, у радаснай узнятасці пачуццяў. Пры сустрэчах вітаюцца: “З Перамогай!” Абдымкі, пацалункі… Колькі шчасця і радасці ў савецкіх людзей. Дзень 9 Мая – Свята Перамогі яны ніколі не забудуць”.
Так, мы памятаем… І застаёмся ўдзячнымі сваім папярэднікам за здабытыя мір і незалежнасць, за краіну, якую адрадзілі з руін і попелу. А раённае выданне, неаднойчы змяніўшы за гэты час сваю назву, працягвае летапіс роднага краю. Пройдуць гады – і ўдумлівы, разважлівы, неабыякавы чытач, магчыма, гэтак жа пажадае зазірнуць у сваё мінулае, адкрые для сябе нешта новае, цікавае з сённяшніх артыкулаў “Маяка Палесся”. Гісторыю мы пішам і захоўваем разам.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА