На постсавецкай прасторы і ў Еўропе працягваецца вакханалія знішчэння гістарычнай памяці. Хвалю бясчынстваў супраць помнікаў савецкім воінам прымеркавалі да даты, якая камусьці стала ўпоперак горла, – Дня Перамогі. Зрэшты, акты вандалізму ў дачыненні да манументаў здзяйсняліся і раней. З засмучальнай рэгулярнасцю. Але тут – падстава асаблівая. Вайна супраць помнікаў і, як вынік, фальсіфікацыя вынікаў Другой сусветнай адбываецца пад маркай “салідарнасці з Украінай”. Заўважаць там нацыяналізм, каму гэта не на руку, не збіраюцца. Больш таго, складваецца ўражанне, што асобныя краіны ў сваім імкненні знішчыць подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай наладзілі сапраўдныя спаборніцтвы.
З апошняга і найбольш агіднага: у Латвіі да 15 лістапада могуць быць знесены ўсе савецкія манументы. Мясцовы парламент адобрыў адпаведны дакумент. Падставай для такога, даволі хуткага рашэння сталі нядаўнія падзеі ў сталіцы, калі тысячы людзей прынеслі кветкі да рыжскага мемарыяла. Насуперак таму, што ўлады забаранілі святкаванне Дня Перамогі. Яны палічылі гэта правакацыяй. І нават назвалі акт ушанавання памяці савецкіх воінаў-вызваліцеляў праслаўленнем “акупацыі Латвіі пасля Другой сусветнай вайны”. Не прыдумалі нічога лепшага, як раніцай наступнага дня, 10 мая, прыгнаць бульдозер, згрэбці букеты і адправіць іх на памыйніцу. Такая яна, праява той самай сучаснай еўрапейскай культуры. Тлумачэнне гэтым неадэкватным, дзікунскім дзеянням знаходжу адно: спужаліся. Прывёў у жах маштаб удзячнасці рыжан савецкім вызваліцелям. Хутчэй яго з вачэй далоў! Але людзі зноў неслі кветкі да помніка, і ў выніку паліцыя правяла шэраг затрыманняў. Супрацьстаянне, звязанае з Днём Перамогі, завяршылася тым, што міністр унутраных спраў Марыя Голубева прапанавала знесці манумент. Бо ён, паводле яе слоў, уносіць разлад, ад “помнікаў акупацыі патрэбна пазбаўляцца”. Такой жа думкі, дарэчы, прытрымліваецца і прэзідэнт краіны, які назваў помнік вызваліцелям “стрэмкай у латышскай душы”. І дадаў, што было б пажадана, каб знос адбыўся “пры вялікім адзінстве насельніцтва, у тым ліку каб за выступалі грамадзяне Латвіі рускага паходжання”. Актывісты Рускага саюза краіны выразілі ў дачыненні да такога “за” сваю пазіцыю: ініцыіравалі ў цэнтры Рыгі жалобную цырымонію, прысвечаную “пахаванню дэмакратыі”.
У Польшчы на гэты раз мішэнню вандалаў сталі воінскія магілы ў Гданьску – паламалі, сагнулі, а дзе і вырвалі з коранем дзясяткі ўсталяваных там зорак. І, відаць, толькі дададуць яшчэ большай рашучасці варварам прыведзеныя нядаўна ў выданні “The Telegraрh” словы прэм’ер-міністра краіны, які называе рускі свет смяротнай пагрозай для ўсёй Еўропы і лічыць неабходным “поўнасцю выкараніць гэтую пачварную новую ідэалогію”.
У Чэхіі, па ініцыятыве мэра сталіцы, пазбавілі звання ганаровага грамадзяніна горада Івана Конева, двойчы Героя Савецкага Саюза. Удастоены яго быў маршал, дарэчы, у сувязі з тым, што менавіта войскі на чале з ім вызвалілі Прагу ад фашыстаў. Але цяперашняму кіраўніцтву не спадабалася пасляваенная дзейнасць савецкага военачальніка, уключаючы падзеі 1956 года ў Венгрыі, а таксама яго палітычныя погляды. Яшчэ раней мясцовыя “патрыёты” пазбавіліся ад манументнай статуі палкаводца, на чарзе – разгляд пытання аб перайменаванні вуліцы Конева.
Асобная старонка, не менш эмацыянальная па напалу, – Украіна, дзе вядзецца масавая барацьба не толькі з помнікамі героям Другой сусветнай вайны, абаронцам ад нацызму, але і з усімі аб’ектамі, звязанымі з савецкім мінулым. У горадзе Дняпры (раней – Днепрапятроўск), напрыклад, толькі за майскія дні здабыта ўжо дзясяткі такіх “перамог”. У тым ліку над дзвюма стэламі: з надпісам “Плошча Жукава” і з тэкстам загада Сталіна, у якім выражалася ўдзячнасць генералу арміі Радзівону Маліноўскаму і ўсім воінскім часцям, што вызвалілі Днепрапятроўск і Днепрадзяржынск. Менш значная “заваёва” – бетонная лепка ў выглядзе зоркі, сярпа і молата, якая змяшчалася на жылых дамах. Усё гэта, упэўнена адміністрацыя ўкраінскага горада, не нясе культурнай каштоўнасці. Больш таго, загад Сталіна “з’яўляецца своеасаблівым маяком, які прыцягвае рускі свет”. Па словах начальніцы ўпраўлення па пытаннях аховы культурнай спадчыны (!) Дняпроўскага гарсавета, у горадзе для такіх помнікаў адведзены спецыяльны склад. У планах – стварыць музей таталітарнага рэжыму пад адкрытым небам. Ну што тут скажаш… Гэта, відаць, ужо не лечыцца. Пад нож пайшоў нават савецкі ўрач, адзін з арганізатараў сістэмы аховы здароўя ў СССР Мікалай Сямашка. Яго бюст дэманціравалі яшчэ ў 2016 годзе, а цяпер – пастамент і гранітную панэль з надпісам “Сооружён в год 60-летия Великого Октября”.
Не жадаюць адставаць ад Дняпра ў гэтай ашалелай гонцы па зносе помнікаў савецкай эпохі і Львоў, Івана-Франкоўск, Цярнопаль, іншыя населеныя пункты Заходняй Украіны. А да іх з азартам далучыліся Кіеў, Адэса, Харкаў. Усе заўзята да таго ж перакінуліся на тапонімы. У сталіцы, напрыклад, перайменавалі станцыі метро. Не пашанцавала не толькі “Плошчы Льва Талстога” (стала “Васіля Стуса”), але і “Мінскай”: цяпер – “Варшаўская”. Відаць, у знак помсты Беларуcі за саюзніцтва з Расіяй. А ў тым жа Дняпры ў няміласць трапіў Пушкін. Праспект, які носіць яго імя, прапаноўваюць назваць у гонар “вялікага чалавека” Сцяпана Бандэры. Ужо, дарэчы, і не здзіўляе: гераізацыя лідара ўкраінскіх нацыяналістаў пачалася даўно, а зараз дасягнула апагея.
Між іншым, калі гляджу сюжэты, чытаю ці слухаю паведамленні, якімі спосабамі часам “распраўляюцца” з помнікамі ашалелыя – ахоплівае жах. Дастаткова прыгадаць тую ж Польшчу, дзе варварства ўзвялі ў ранг урачыстасці і прадэманстравалі ў прамым эфіры. Распараджэнне дырэктара Інстытута нацыянальнай памяці (!) – першым чынам зняць з манумента пяціканцовую зорку з сярпом і молатам. Убралі з радасцю, а пасля пачалі планамернае разбурэнне абеліска – з дапамогай спецыяльных інструментаў, тэхнікі. “Няма месца для чырвонай зоркі ў грамадскай прасторы свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай Польшчы. Няма месца для чырвоных зорак у грамадскай прасторы свабоднай Еўропы. Няма, таму што за гэтым сімвалам хаваюцца злачынствы камуністычнага рэжыму яшчэ з міжваеннага часу”, – заявіў Наўроцкі. І дадаў, што помнік савецкім салдатам сімвалізуе “забойствы, рабаванні і згвалтаванні ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе”. Не ведаю, як іншым, а па-мойму, гэта – у духу той жа нацысцкай прапаганды, як і ў саракавых гадах. А публічнае знішчэнне манумента, апаганьванне яго – не напрошваецца аналогія? Ці не падобным чынам нацысты ў вайну абыходзіліся з пайманым праціўнікам? Здзекаваліся, катавалі, калечылі, наладжвалі паказальныя пакаранні.
Да месца будзе прыгадаць і сюжэт, які з захапленнем, смакуючы, зняла Украіна, – як па плошчы Кіева коціцца галава фігуры рускага рабочага. Такі вынік дэмантажу бронзавай скультуры двух рабочых – украінца і рускага, якія трымаюць ордэн Дружбы народаў са стужкай. Манумент устанавілі ў 1982-м – у рамках святкавання 1500-годдзя Кіева і 60-й гадавіны стварэння СССР.
Не меншым цынізмам у сваім шалёным імкненні вырваць з уласнай гісторыі адну з важнейшых старонак і перапісаць яе вызначыліся ў Чарнігаве: мясцовыя нацыяналісты накінулі вяроўку на помнік Герою Савецкага Саюза Зоі Касмадзям’янскай. Той самай, якую фашысты катавалі, а потым павесілі.
Вяртаючыся ў Рыгу, нельга не звярнуць увагу, як ужо паціраюць рукі ўлады, каб як мага хутчэй пазбавіцца ад “стрэмкі ў латышскай душы”. Перад мясцовай думай стаіць “надзвычай адказная” задача: якім спосабам знесці манумент вызваліцелям савецкай Латвіі. Па словах віцэ-мэра горада, разглядваецца некалькі варыянтаў, у тым ліку і… падрыў.
Па-мойму, ужо па адным пляўку ў сваю гісторыю, стаўленні да салдата-героя і яго подзвігу можна зразумець, хто перад табой. Усё гэта – вайна з мёртвымі, атака на помнікі, спаборніствы ў нянавісці да савецкага перыяду і хуткасці, з якой хочуць знішчыць усе напаміны аб ім, – доля слабых. Ганебныя, паскудныя спосабы прадэманстраваць сваю сілу і веліч, вярнуць кантроль над сітуацыяй. Так і хочацца спытаць у “высокіх эліт”: а што далей? Можа, пачняце крушыць і масты, будынкі, магістралі, якія ўзводзілі савецкія людзі – вашы ж продкі?.. Спадчына “акупацыі СССР” вялікая.
Вернемся, аднак, у мінулае і нагадаем тым, хто хоча сцерці з памяці цэлых пакаленняў і народаў нашу Перамогу, які лёс чакаў іх, калі б савецкі салдат не абараніў свет ад нацызму.
Згодна з афіцыйнай справаздачай польскага кіраўніцтва аб ваенных стратах, падрыхтаванай у 1947 годзе, у Польшчы ў перыяд Другой сусветнай вайны загінула 6 028 000 чалавек: прыкладна пятая частка даваеннага насельніцтва. З іх амаль тры мільёны сталі ахвярамі Халакосту. Раю тым, хто яшчэ не бачыў біяграфічны ваенны драматычны фільм “Піяніст”, заснаваны на рэальных падзеях, абавязкова яго паглядзець, каб зразумець, што адбывалася на тэрыторыі Польшчы, пакуль яе не вызвалілі савецкія войскі.
Вядома, што ідэолагі трэцяга рэйха, распрацаваўшы генеральны план “Ост”, спачатку адпрацавалі свае бесчалавечныя метады менавіта на паляках. І прадоўжылі потым распраўляцца з насельніцтвам на нашых землях. У аснову палітыкі на акупіраваных фашыстамі тэрыторыях легла маніякальная заява Гітлера: “Калі мы хочам стварыць нашу вялікую нямецкую імперыю, мы павінны перш за ўсё выцесніць і знішчыць славянскія народы – расіян, палякаў, чэхаў, славакаў, балгар, украінцаў, беларусаў. Няма ніякіх прычын не зрабіць гэтага”. Вось ад якой страшэннай чумы пазбавіў савецкі салдат Еўропу і ўвесь свет. Ён перамог небяспечную ідэалогію расізму, перавагу людзей адной нацыі і расы над усімі іншымі, перамог каланіяльную экспансію. У знак удзячнасці за гэта ў Польшчы было ўстаноўлена больш за 500 помнікаў – за яе вызваленне загінулі 600 тысяч савецкіх воінаў. А зараз?.. Польскія ўлады, неанацысты стараюцца ўсё абылгаць.
Агульныя страты Чырвонай Арміі ў Прыбалтыйскай аперацыі 1944 года склалі 280 тысяч чалавек – былі вызвалены Літва, Латвія, Эстонія. Усе яны пасля акупацыі немцамі ўваходзілі ў склад рэйхскамісарыята “Остланд”, які планавалася засяліць немцамі-каланістамі, а балтыйскія народы, прызнаныя у расавай іерархіі нацыстаў “неперспектыўнымі”, сталі б у іх рабамі. Ды чамусьці сёння вясна ў Прыбалтыцы – традыцыйны сезон шэсцяў легіянераў СС, ужо састарэлых, і іх паслядоўнікаў. Да маршу далучаюцца і мясцовыя палітыкі, якія сцвярджаюць, што нямецкая акупацыя была адзінай дарогай да вызвалення ад “ненавісных Саветаў”, а вайна пад сцягамі са свастыкай – барацьба за незалежнасць. І гэтае дзікунства з перакручваннем гісторыі не збаўляе абаротаў. Што, праўда, народам Прыбалтыкі было б пад гітлераўцамі ўтульней?
У бітве за Украіну, згодна з падлікамі гісторыкаў, загінула каля трох мільёнаў савецкіх воінаў. Рэспубліка, па розных ацэнках, страціла ў перыяд вайны ад 6 да 10 млн чалавек. Было знішчана звыш 700 гарадоў і пасёлкаў і каля 28 тысяч вёсак. Адзін з самых галоўных нацыстаў Германіі Эрых Кох, рукі якога па локаць у крыві, узначальваў рэйхкамісарыят “Украіна” (у склад якога, дарэчы, уваходзіў і Брагінскі раён). Яго кіраўніцтва вызначалася выключнай жорсткасцю. Ён прама гаварыў: “Мне патрэбна, каб паляк пры сустрэчы з украінцам убіваў украінца і, наадварот, каб украінец убіваў паляка. Нам не патрэбны ні рускія, ні ўкраінцы, ні палякі. Нам патрэбны ўрадлівыя глебы”. Каля чатырох мільёнаў знішчаных і больш за два мільёны вывезеных на прымусовыя работы – такі вынік “гаспадарання” на Украіне Коха.
І яшчэ. Польшча, з нападзення на якую пачалася Другая сусветная вайна, абаранялася ад войск Германіі ўсяго 27 дзён. З краін Еўропы больш за ўсіх пратрымаліся Нарвегія – 2 месяца і 1 дзень і Францыя – 1 месяц і 12 дзён. Данія – 6 гадзін, Галандыя – 5 дзён, Югаславія – 11, Бельгія –18, Грэцыя – 24. Савецкі Саюз ішоў да сваёй мэты 1418 дзён і завяршыў вайну ў логаве ворага. Германія капітулявала. Без сумненняў, гэта – наша Перамога. Вялікая. І векапомная.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА