Рэдкая для нашых месц такая свойская птушка, як перапёлка, на падворку Наталлі і Аляксандра Савянкоў з’явілася два гады назад. Першых прадстаўнікоў гэтага віда, шырока распаўсюджанага ў прыродзе, ім прывезлі з Оршы.
Гартаючы вечарам часопіс “Хозяин” за 1993 год, Савянкі звярнулі ўвагу на артыкул птушкавода-аматара “Птичка-невеличка”, у якім расказвалася пра каштоўныя якасці перапяліных мяса і яек, дамашніх умовах утрымання, кармлення курапатак. Захацелася развесці іх на сваім падворку. Звязаліся па тэлефоне з аўтарам артыкула, які ахвотна згадзіўся прадаць маладняк.
За паводзінамі шэрай самачкі ў першыя дні гаспадары дома маглі назіраць гадзінамі, а тая, нібы адчуваючы, што знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, павольна і важна расхаджвала па пакоі, ацэньваючы абставіны, у якіх апынулася. Паступова птушыная сямейка разрасталася, паглыбляліся і веды ўладальнікаў сядзібы. Спачатку разводзілі маньчжурскую пароду, потым – японскую, больш яйканосную, а затым і англійскую, так званую смокінгавую. Пра асаблівасці і перавагі кожнай Наталля расказвала з захапленнем і веданнем справы. Мы з фотакарэспандэнтам Вольгай Паляшчук слухалі і здзіўляліся. Гэта ж трэба так захапіцца новай справай! У Савянкоў ужо завязаліся сяброўскія сувязі з такімі ж апантанымі аматарамі новага і незвычайнага, як самі. У Гомелі, напрыклад, жыве сям’я, якая рэалізуе мяса курапатак. Напярэдадні Вялікадня прыязджаюць пастаянныя кліенты, каб набыць замест свініны дыетычны прадукт да святочнага стала.
У маіх знаёмых справа да гэтага пакуль не дайшла, развядзеннем курапатак займаюцца, як кажа Наталля, для сябе, але ж многія звяртаюцца да іх з просьбай прадаць пару-другую. І нехта ўжо набыў. Я не ўяўляю, як з невялікага перапялінага яйка, у некалькі разоў меншага за курынае, можна вывесці патомства. А ў Савянкоў гэта атрымліваецца. Набылі спецыяльны інкубатар, які і выводзіць птушанят. Праўда, захаваць іх – цэлая праблема, настолькі кволыя і невялікія па памеру, што боязна ўзяць у рукі. І тым не менш з 17 выведзеных 12 засталося.
Утрымліваюць іх у клетках. Першую Аляксандр набыў у спецыялізаваным магазіне, а потым пачаў вырабляць сам, удасканальваючы першапачатковы варыянт і ўлічваючы набыты вопыт у птушкагадоўлі. Атрымалася не горш. Кормяць у асноўным камбікармамі, у якіх змяшчаюцца ўсе неабходныя для птушак мікраэлементы і дабаўкі. Спрабавалі даваць сыр, гародніну, але пераканаліся, што лепш спецыялізаванага корму, які можна набыць зараз свабодна, няма нічога.
Дарэчы, на падворку дбайных гаспадароў – птушынае царства. Куры розных парод, пра якія я, напрыклад, і не чула. Былі, як іх называлі Савянкі, нават шаўковыя. Чубаткі, галашыйкі, арлоўскія адчуваюць сябе тут прывольна. А кучаравы пеўнік (таксама ёсць такая парода), стаў усеагульным любімцам. Больш утульна яму на плячах старэйшага сына, які любіць бавіць з ім вольны час. Ёсць індыкі, качкі, гусі, трусы. І гэта далёка не ўсё, што патрабуе ўвагі і клапатлівых рук. Сёлета Аляксандр і Наталля здзейснілі сваю мару, купілі свінку пароды ” Земляничка”. Два гады ездзілі на рэспубліканскую выставу, дзе і нагледзелі яе. Як прызнаўся Аляксандр, увесь час зайздросціў і хацеў набыць. Сабраўшы грошай, мару ажыццявілі. Цяпер вырошчваюць не толькі гэтую пароду свіней, але і іншых. Набываюць маладняк у племаб’яднаннях.
Разводзяць і буйную рагатую жывёлу. У Савянкоў – пяць дойных кароў, малако ад якіх рэалізуюць дзяржаве, а таксама тры нецелі. Зрабілі вывад, што наша звычайная чорна-белая парода па прадуктыўнасці не ўступае замежнай, калі правільна даглядаць. Як і многім іншым з асацыяцыі брагінскіх фермераў і ўладальнікаў асабістых падсобных гаспадарак, ім выдзелілі рагулю гальштына-фрызскай пароды з племянной гаспадаркі. Кажуць, яна больш прывярэдлівая.
Малако сваім транспартам завозяць у Шкураты, за гэта КСУП “Брагінка” выдзяляе сена з разліку 1,5 кг за літр малака. 15 тон грубага корму ўжо ляжыць пад павеццю, але ж такой колькасці на вялікае пагалоўе недастаткова. Назапашваюць самі.
Развіццём асабістай падсобнай гаспадаркі Аляксандр і Наталля заняліся ў 2003-м годзе. Часта сустракалася з імі ў час розных мерапрыемстваў, якія праводзіліся з удзелам замежным спонсараў. Гаспадароў, якія вырашылі заняцца ўласнай справай, вучылі, кансультавалі, дапамагалі матэрыяльна і маральна. Як бачна, удзел у рэалізацыі праектаў па развіцці фермерства і ўласнай гаспадаркі даў свой плён.
Аляксандр трымае пчол. Душыстым і залацістым мёдам мы частаваліся ў іх утульным доме, ацаніўшы смакавыя якасці лячэбнага прадукта. Савянкі хочуць заняцца развядзеннем страусаў. У Беларусі ўжо ёсць пэўны вопыт і ў гэтым напрамку дзейнасці.
Гадоў сем таму яны жылі на трэцім паверсе шматкватэрнага дома ў двухпакаёвай кватэры. Абмяняўшы яе на дом, пачалі гаспадарыць. Ды так, што па-добраму пазайздросціць можна. Слухаючы іх шчыры расказ пра свае набыткі, міжволі думала пра тое, што ў кожнага з нас ёсць выбар: застацца на абочыне жыцця, дарэмна траціць час і здароўе, а потым і чалавечае аблічча за чаркай спіртнога, ці быць тварцом. Усяго. Уласнага лёсу, дабрабыту, будучыні сваіх дзяцей. Няпраўда, што жыць у невялікім пасёлку або вёсцы – нецікава. Калі ёсць жаданне працаваць, упрыгожваць уласны быт і сядзібу, радаваць іншых, будзе і настрой, і ўдача, і дабрабыт.
Ніна СІНІЛАВА