З БОЖЫМ БЛАГАСЛАВЕННЕМ

Грамадства

З’яўленне пісьменства на беларускіх землях цесна звязана з праваслаўнай царквой, храмы якой былі цэнтрамі культурнага і духоўнага асветніцтва. Таму, пачынаючы з 1994 года, калі ўпершыню адзначаўся Дзень беларускага пісьменства, яго часткай стала навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”.  Прадстаўнікі духавенства, журналісты, паэты, пісьменнікі, артысты, настаўнікі  штогод збіраюцца разам, каб наведаць святыя мясціны і гістарычныя помнікі Беларусі. Пачынаючы з Мінска, экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках  краіны і завяршаецца ў горадзе-сталіцы свята. Яе нязменны кіраўнік – заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменніца Ніна Загорская.



У суботу, 4  верасня, удзельнікаў экспедыцыі віталі брагінчане на чале з намеснікам  старшыні раённага выканаўчага камітэта Ганнай Мікалаеўнай Бабрынёвай. Сустракалі хлебам-соллю і цёплымі словамі на мяжы раёна.


Затым дэлегацыя накіравалася ў Камарын.  Там, на плошчы каля храма ў гонар Узнясення Гасподняга, сабраліся  прыхаджане, прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі, каб прыняць удзел у святочным мітынгу. Гасцей чакаў старшыня Камарынскага пасялковага Савета В.М. Свіслоўскі, які перадаў удзельнікам экспедыцыі асвечаную зямлю Камарыншчыны.



Галоўны захавальнік Благадатнага Агню ад Гроба Гасподняга протаіерэй Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску Сергій Гардун звярнуўся да прысутных з пранікнёнай прамовай. Ён падкрэсліў, што сумесная экспедыцыя прадстаўнікоў царквы і свецкай інтэлігенцыі праходзіць з мэтай данесці да сэрца кожнага, хто сустрэнецца на шляху,  слова Божае,  яго благаслаўленне. Айцец Сергій падараваў камарынскаму храму металічную копію іконы Прасвятой Багародзіцы.


Жыхары гарпасёлка і навакольных вёсак запалілі ад лампады з Благадатным Агнём свае свечкі, каб асвяціць імі дамы і кватэры, памаліцца за лёс сваіх родных, за светлае будучае нашай краіны. Каля храма быў пасаджаны Сад  Малітваў,  дрэвы  для якога выдзеліла ДЛГУ “Камарынскі лясгас”.



Каля помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны быў адслужаны  памінальны малебен па воінах, якія паклалі сваі жыцці  за  Радзіму. Да брацкай магілы ўскладзены кветкі і вянкі.


На беразе Дняпра ўдзельнікі экспедыцыі правялі адкрытыя ўрокі. З вучнямі і настаўнікамі Камарынскай сярэдняй школы сустрэліся  пісьменнікі і паэты. Яны распавядалі пра свае падарожжы па роднай зямлі, чыталі вершы. А дзеці  дзяліліся з імі сваімі ведамі пра беларускіх літаратараў.


Госці таксама наведалі Камарынскую бальніцу. Канцэртную праграму для іх падрыхтавалі супрацоўнікі ўстаноў культуры раёна.