Сярод тых, каму раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аб’явіў падзяку, урач-таксіколаг ветэрынарнай станцыі
Алена Пашкевіч.
У аддзеле лабараторнай дыягностыкі яна не навічок. Прыйшла сюды ў 1994-м (на той час лабараторыя існавала асобна ад ветстанцыі), і з цягам часу стала выдатным спецыялістам. У першыя гады працавала санітарам, асвойвала азы прафесіі. Тое, што Алена Іванаўна застанецца тут надоўга, у калектыве не сумняваліся. Заўважыўшы ў яе цягу да ведаў, жаданне ва ўсім дасканала разабрацца, накіравалі ў Рэчыцкі зааветэрынарны тэхнікум, які наша зямлячка паспяхова закончыла і ў 1999-м стала лабарантам. З гэтага года і пачалася напружаная і адказная работа, якая цалкам захапіла і дазволіла выйсці ў лік лепшых, раскрыла закладзены з дзяцінства патэнцыял. Высветлілася, што малады лабарант валодае дапытлівым розумам, любіць хімію, да выканання сваіх абавязкаў падыходзіць вельмі сур’ёзна і не лічыцца з асабістым часам.
Ды і вучаніцай аказалася стараннай, хутка засвойвала ўсё, што ёй тлумачылі ўрачы-таксіколагі. Спачатку працавала пад кіраўніцтвам Вольгі Бабіч, а калі тая пайшла ў водпуск па догляду дзіцяці да трох гадоў, выконвала яе абавязкі. Дарэчы, не толькі Вольгу Іванаўну замяняла, але і іншых. Вось што расказала намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна па дыягностыцы Вольга ДЗЯДЗІНКІНА:
– Алена Пашкевіч – вопытны таксіколаг. Дасягнуўшы высокага майстэрства, яна за кароткі тэрмін вызначае той ці іншы дыягназ. Не вельмі часта, але ж фіксуюцца выпадкі атручвання жывёлы, бярэцца бакматэрыял, праводзяцца лабараторныя даследаванні. Прычыну захворвання ўстанаўлівае за чатыры гадзіны. Мне лёгка з ёй працаваць, бо ўсё выконвае своечасова, якасна і ў тэрмін. Зараз у водпуску, але кожную сераду прыходзіць да нас, каб вырашыць некаторыя вытворчыя пытанні.
Робіць яна і біяхімічны аналіз крыві, для яе забору выязджае ў гаспадаркі раёна. Працэдура гэтая не з лёгкіх, таму калі кроў дастаўляюць у аддзел ветработнікі з перыферыі, аналіз на раніцу не пакідае, нягледзячы на тое, што працоўны дзень закончыўся.
Нарыхтоўка кармоў у раёне праходзіць пад кантролем спецыялістаў гэтага аддзела. І перш чым механізатары выведуць кормаўборачную тэхніку на палі і сенажаці, Алена Іванаўна і яе калегі правераць гатоўнасць траншэй да закладкі сенажу і сіласу: ці ачысцілі ад бруду, абкасілі іх, ці апрацавалі бетонныя пліты пяціпрацэнтным растворам хлорнай вапны.
А калі пачынаецца зялёнае жніво, больш увагі ўдзяляюць тэхналагічнаму працэсу. Вызначаюць вільготнасць масы, яе тэмпературу. Адабраныя пробы даследуюць у лабараторыі на ўтрыманне караціну, сухога рэчыва, нітратаў і нітрытаў.
Пры выяўленні парушэнняў тэхналогіі нарыхтоўкі выдаюць прадпісанні. Кармы павінны быць якасныя. Алена Іванаўна будзе правяраць іх яшчэ раз: у час зімоўкі, калі ёмістасць з кансерваваным кормам адкрыюць. На гэты раз зробіць поўны заатэхнічны аналіз.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ