Ф. СКАРЫНА: “ЛЮБІЦЕ КНІГУ,

Грамадства

Пятага верасня мы будзем адзначаць Дзень беларускага пісьменства. Свята ўжо 17 год упэўнена крочыць па нашай краіне і заўсёды адзначаецца  з размахам.  На гэты раз цэнтрам святкавання стане радзіма вядомага беларускага пісьменніка Івана Паўлавіча Мележа – горад Хойнікі.


Магчыма, хтосьці не зможа паехаць туды ў нядзелю, каб прыняць удзел у святочных мерапрыемствах. Таму мы запрашаем вас у цэнтральную бібліятэку, супрацоўнікі якой не засталіся ў баку і падрыхтавалі да свята шмат цікавага. Што менавіта? Аб гэтым расказвае дырэктар  раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Георгіеўна  Карпенка:


– Безумоўна, Дзень беларускага пісьменства – свята патрэбнае. Мы беларусы, і павінны ведаць родную мову, вучыць размаўляць на ёй  сваіх дзяцей.



Зараз у бібліятэчнай сістэме раёна налічваецца 65 тысяч 340 экзэмпляраў беларускамоўных выданняў, з іх 8021 – у Брагінскай цэнтральнай бібліятэцы. Гэта як мастацкая літаратура, так  і  прафесійная. І, трэба сказаць, кнігі карыстаюцца попытам у наведвальнікаў, асабліва  сярод вучняў і студэнтаў.


А нядаўна  наш  фонд  папоўніўся яшчэ адным выданнем. Яго нам падараваў беларускі пісьменнік, наш зямляк з вёскі Грушнае, Якаў Рыгоравіч Анапрэенка. Твор змяшчае аўтарскія ўспаміны  аб дзяцінстве і аднавяскоўцах. Магчыма, некаму будзе цікава пазнаёміцца з імі.


У гэтыя дні ў бібліятэцы працуе выстава  “Беларускае пісьменства і друк”, наведаўшы якую можна даведаца аб гісторыі кніг, пазнаёміцца з жыццёвым шляхам вялікіх дзеячаў нашай зямлі Францыска Скарыны і Еўфрасінні Полацкай.


А з 5 па 12 верасня мы плануем правесці тыдзень пісьменства,  у рамках якога пройдзе гістарычна-краязнаўчы экскурс “Пачынальнік беларускага кнігадрукавання”. Запрашаем!


В. ПАЛЯШЧУК