Губернатар: ініцыятыўныя і адказныя могуць разлічваць на дапамогу

Грамадства

Пра развіццё рэгіёна, ураджай, лёс перасяленцаў, перспектывы малых гарадоў і прыпяцкага Палесся ішла размова на прэс-канферэнцыі губернатара нашай вобласці Уладзіміра Дворніка. Гутарка з журналістамі атрымалася адкрытай і самае галоўнае — узаемакарыснай.

Dvornik2

Але напачатку Уладзімір Андрэевіч ўручыў старшыні Чачэрскага райвыканкама, дзе праходзіла сустрэча, дыплом — пацвярджэнне таго, што раён прызнаны лепшым рэгіёнам Беларусі з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек, для вядзення бізнесу.

Затым губернатар расказаў аб выніках развіцця вобласці сёлета. Ён адзначыў, што тэмпы стабільныя, ёсць прагрэс. Гэта сведчанне, што галоўную задачу, якую ставіць кіраўнік дзяржавы — павышэнне ўзроўню дабрабыту людзей — у нас імкнуцца выконваць. Ацэньваючы сацыяльна-эканамічнае развіццё, Уладзімір Андрэевіч заклікаў усіх беражліва ставіцца да бюджэтнага рубля, бо гэта ўплывае на дабрабыт усяго грамадства, пры гэтым заўважыўшы, што вобласцю выкананы практычна ўсе прагнозныя паказчыкі, акрамя экспарту паслуг.

Адказваючы на пытанне пра ўраджай гэтага года, Уладзімір Дворнік паведаміў, што Гомельская вобласць у гэтым годзе атрымае 1,5 млн тон збожжа. Паводле яго слоў, гэтага будзе дастаткова, каб задаволіць усе патрэбы, у тым ліку забяспечыць кармамі жывёлагадоўлю грамадскага сектара.

«У гэтым годзе ўдалося сабраць рэкордную за апошнія 20 гадоў колькасць зерня. Шмат гадоў у Гомельскай вобласці не было такой ураджайнасці — 34,3 цэнтнера з гектара. Таму мы не ставім вялікіх задач перад гаспадаркамі па зборы збожжа кукурузы. Плануем, што гэтая лічба будзе ў межах 200 тысяч тон. Калі ў кагосьці атрымаецца большы аб’ём, значыць, сельгаспрадпрыемствы змогуць яго рэалізоўваць самастойна», — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Цікавіліся журналісты і развіццём канкрэтных рэгіёнаў. Уладзімір Андрэевіч падкрэсліў, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў будзе выконвацца прынцып канцэнтрацыі фінансавых сродкаў для комплекснай рэканструкцыі раённых цэнтраў. «У гэтым годзе, напрыклад, мы прывядзём у парадак Буда-Кашалёва, дзе адбудуцца абласныя «Дажынкі», а ў 2015-м на адпаведны ўзровень плануецца вывесці інфраструктуру Веткі, Жыткавіч, Турава, Петрыкава і, магчыма, Добруша».

Пытанне пра перспектывы бізнесу рэгіёна губернатар пракаментаваў так: «Развіццё прадпрымальніцтва з’яўляецца адным з карэнных пытанняў умацавання эканамічнага патэнцыялу Гомельскай вобласці. У цяперашні час прыватны бізнес прадстаўлены амаль 36 тысячамі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Намецілася ўстойлівая тэндэнцыя да павелічэння колькасці юрыдычных асоб. У даходную частку бюджэту Гомельскай вобласці ад дзейнасці суб’ектаў прадпрымальніцтва малога і сярэдняга бізнесу паступіла 20% ад усіх паступленняў у бюджэт (раней — 13%). Мы зацікаўлены развіваць прыватную ініцыятыву і ўсяляк гэтаму бу-дзем спрыяць», — падкрэсліў губернатар.

На пытанне пра неабходнасць прывядзення ў парадак дарог у малых населеных пунктах губернатар заўважыў, што ў цэлым аб’ём выканання рамонтаў звязаны са станам спраў у рэальным сектары эканомікі. У прыватнасці, на балансе камунальнай гаспадаркі знаходзіцца больш за шэсць тысяч кіламетраў дарог, з іх чатыры — у сельскай мясцовасці. Многае залежыць ад кіраўнікоў дарожнай і камунальнай службаў. Калі няма грошай на капітальны рамонт, то выканаць ямачны балансаўтрымальнікам цалкам пад сілу.

Не маглі журналісты пакінуць без увагі сітуацыю на Украіне. Неабходна ўважліва ставіцца да патрэб грамадзян, якія прыбываюць на тэрыторыю Гомельскай вобласці, — адзначыў Уладзімір Андрэевіч. Прыехала больш за восем тысяч чалавек, з якіх больш за тры тысячы, якія прыбылі ў наш рэгіён за апошнія тры месяцы з Данецка, яны ўжо зарэгістраваныя і расселены на новым месцы. 80% украінцаў працаўладкаваны ў аграгарадках. Больш за трыста дзяцей залічаны ў нашы школы, каля ста — у дзіцячыя сады.

Губернатар звярнуў увагу на тое, што ў працы на агульны вынік задача кожнага кіраўніка — накіраваць калектыў на эфектыўную працу, не чакаць дапамогі ад абласных структур, а рэалізоўваць уласную ініцыятыву, быць гаспадарамі, клапаціцца аб будучыні рэгіёна.