У перыяд купальнага сезона ўзмоцнена прафілактычная работа каля вадаёмаў Брагіншчыны

Грамадства Школа бяспекі

Юным адпачывальнікам уручаюць памяткі па правілах бяспечных паводзін на вадзе.

Лета набірае абароты. А з ім – і купальны сезон. Да вадаёмаў, ратуючыся ад спёкі, накіроўваецца нямала людзей. Прычым многія ігнаруюць самыя элементарныя меры бяспекі і выбіраюць для адпачынку месцы, не абсталяваныя для купання. Дзеці там нярэдка бавяць час без суправаджэння дарослых – з дазволу бацькоў ці ўпотай ад іх. А між тым  змрочная статыстыка толькі папаўняецца: у рэках і азёрах Беларусі з-за асабістай  неасцярожнасці ці бяздумнасці, невыканання жыццёва важных правіл гінуць людзі. Ёсць сярод ахвяр вады і непаўналетнія.

Часам, дарэчы, на блакітнай акваторыі падлеткі паводзяць сябе занадта бесклапотна, па-даросламу самаўпэўнена. У час азарту і ўсплёску эмоцый сваволяць, дэманструюць сваю “адвагу”, не задумваюцца, што ёсць рызыка атрымаць траўму, трапіць у бяду і не выратавацца.

Каб не дапусціць няшчасных выпадкаў з дзецьмі на вадзе, у рэйды па месцах, дзе часцей за ўсё можна сустрэць юных купальшчыкаў, накіроўваюцца не толькі выратавальнікі, але і прадстаўнікі камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх. Яны праводзяць гутаркі з адпачывальнікамі, папярэджваюць аб магчымых паследках неабдуманых паводзін і ўчынкаў, а таксама нагадваюць бацькам, што дзеці павінны знаходзіцца ў іх полі зроку. Гэта не тая сітуацыя, дзе можна можна быць спакойным і паслабіць кантроль.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА