Пры падвядзенні вынікаў работы ў жывёлагадоўлі Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання ў апошнія годы ў ліку лепшых адзначаецца і наш раён. А сярод комплексаў па вырошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы – КСУП «Пераможнік».
Часта здараецца так, што пры адных і тых жа ўмовах працаўнікі дасягаюць розных вынікаў. У чым жа справа? Усё заключаецца ў адносінах да даручанага, добрасумленнасці людзей. Асабліва важна не парушаць распарадак дня, патрабаванні заатэхнічнай службы, прымяняць набыты вопыт пры доглядзе жывёлы.
Жывёлагадоўля – найбольш складаны, адказны ўчастак сельскагаспадарчай вытворчасці, і ўпушчэнняў тут быць не павінна. Вытворчыя поспехі працоўнага калектыву ў многім залежаць ад кіраўніка, яго здольнасцей і ўмення арганізаваць людзей. У гэтым плане пашанцавала жывёлаводам “Пераможніка”, дзе працуе галоўным заатэхнікам Таццяна Леанідаўна Боркіна. Яна – добра падрыхтаваны і адказны спецыяліст, змагла стварыць дружны калектыў. Станавілася пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.
У 1982 годзе прыехала па размеркаванні ў гаспадарку Тамара Аляксееўна Хлебіна ды так і працуе брыгадзірам комплекснай брыгады. Аб іншай прафесіі і не думала. Да цяжкасцей прывыкла, навучылася іх пераадольваць разам з калектывам. Таму і працоўныя перамогі — заканамернасць.
У ліку лепшых аператараў па вырошчванні маладняку не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне, — Валянціна Дзям’янаўна Боркіна. Летась сярэднесутачныя прывагі ў яе групе складалі 700 грамаў. Працоўны стаж налічвае дваццаць тры гады, дзевятнаццаць з якіх – на комплексе. У групе жанчыны – 520 галоў маладняку. Да пашавага перыяду налічвалася 760. Цяпер больш 200 галоў цяліц знаходзяцца на кругласутачнай пашы. Хаця колькасць пагалоўя зменшылася, абавязкі засталіся ранейшыя. Каб накарміць такую колькасць жывёлы, патрэбна не адна гадзіна. А дома таксама не менш работы — гаспадарка немалая. Ёсць і карова, і свінні, ды яшчэ агарод. Так і праходзіць дзень у клопатах.
Шчырыя адносіны да работы Валянціна Дзям’янаўна выхавала і ў сваіх дзяцей, якіх у сям’і трое. І яны адказваюць маці ўзаемнасцю, павагай, заўсёды дапамагаюць спраўляцца з хатнімі абавязкамі.
На трэцім, заключным перыядзе — два жывёлаводы. Калі Вячаслаў Васільевіч Коцур працуе тут тры гады, то яго напарнік, Аляксей Пятровіч Дзядкоў, шчыруе на комплексе ўжо пятнаццаты год. Яшчэ ў час летніх канікулаў, закончыўшы 10 класаў, дапамагаў гаспадарцы – пасвіў кароў. Пасля службы ў арміі вярнуўся дадому, у Сцежарнае. З таго часу і працуе на комплексе. Сярэднесутачныя прывагі ў гэтыя дні на яго групе дасягаюць 756 грамаў. Цяпер са сваёй сям’ёю, у якой падрастаюць сын і дачка, жывуць у Малейках. Трымаюць вялікую гаспадарку: ёсць конь, карова… Як і Валянціна Дзям’янаўна, здаюць лішкі малака дзяржаве. Падрасце цяля – таксама ў гаспадарку. За гэта атрымаеш не толькі жывую капейку, але і зерне, і сена.
Па словах галоўнага заатэхніка Таццяны Леанідаўны, на сёння ў гаспадарцы 3268 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 680 – дойных. Калісьці толькі на комплексе ў Малейках утрымлівалася каля шасці тысяч галоў, цяпер – трэцяя частка гэтай колькасці – 2500. За апошнія гады правялі рэканструкцыю на першым і трэцім перыядах.
Патрэбна адзначыць, што ў гаспадарцы адпрацавана тэхналогія вырошчавання і адкорму буйной рагатай жывёлы. Комплекс камплектуецца ў асноўным за кошт уласнага маладняку. На першым перыядзе на грубай падсцілцы ўтрымліваюцца цяляты да 140 кілаграмаў, на другім – 750 галоў да 250-300. Трэці перыяд – заключны, дзе знаходзяцца 400 галоў да 450 кілаграмаў.
У рацыёне жывёлы – усё неабходнае. Яна атрымлівае зялёную масу, канцэнтраты.
Клапоцяцца і аб навядзенні парадку. Комплекс агароджаны. Правялі культывацыю, пасеялі газонную траву. Прыфермскую тэрыторыю абкошваюць жывёлаводы. Яны не дзеляць працу на “сваю” і “чужую”, лічаць, што тут іх другі дом, і ён абавязкова павінен быць чыстым і ўтульным.
Т. ЦІШКЕВІЧ