КАСІ, КАСА…

Сельская гаспадарка

Касі, каса, пакуль раса. Гэтай народнай мудрасці прытрымліваюцца механізатары, выводзячы раніцай тэхніку на сенажаці.


-Убраць майскія травы на сена і сянаж мы плануем да 20 чэрвеня, — расказвае галоўны аграном КСУП “Брагінскі” Юрый Гіляравіч Ясінскі. – Для гэтага створаны атрады, якія ўкамплектаваны неабходнай тэхнікай, даведзены заданні. Вызначаны маршруты перамяшчэння, каб выключыць халастыя перагоны машын. Ёсць дастатковы запас паліва. Для ўдзельнікаў корманарыхтоўкі ўстаноўлена адпаведная аплата працы.


З першага ўкосу сельгаспрадпрыемству неабходна нарыхтаваць 1500 тон сена і 10-12 тысяч тон сенажу. Нягледзячы на познюю вясну, віды на ўраджай нядрэнныя. Кожны гектар траў у сярэднім дае па 120-150 цэнтнераў зялёнай масы, на больш урадлівых  участках  яна  будзе дасягаць 200.


За тыдзень работы механізатарамі нарыхтавана 6 тысяч тон сенажу, скошана больш 700 гектараў, у тым ліку 170 — сена. А ў цэлым да зімы неабходна назапасіць 17 тысяч тон сакавітага корму, з якіх 5-7 – з другога ўкосу,  і 2 тысячы тон сена.


Ужо з першых дзён механізаваныя атрады дружна ўключыліся ў работу. Цяпер на нарыхтоўцы кармоў задзейнічаны 18 адзінак сельгастэхнікі, два трактары — на трамбоўцы зялёнай масы. У першай дэкадзе чэрвеня набудуць у гаспадарку прэс-падборшчык замежнай вытворчасці.


Асноўная нагрузка кладзецца на “Ягуары”. На іх працуюць Уладзімір Міхайлавіч Рэбка і Мікалай Аляксандравіч Дзегцярэнка. Сучасная тэхніка дазваляе выконваць некалькі аперацый. Адначасова з падборам валкоў пры дапамозе дазатараў у зялёную масу ўносіцца біялагічны кансервант “Лаксін”.
На адвозцы  заняты чатыры аўтамабілі “МАЗ” і шэсць трактароў “МТЗ” з прыцэпамі.


Асаблівая ўвага – якасці закладкі кармоў. Да здраблення траў прыступаюць толькі тады, калі яны добра правяляцца ў пракосах. Практычна круглыя суткі вядзецца трамбоўка іх у траншэі. Дзякуючы стараннасці механізатараў, асабліва Мікалая Іванавіча Сіража і яго сына Васіля, якія працуюць пазменна, за чатыры дні была закладзена сянажная траншэя ёмістасцю больш  чатырох тысяч тон. У першыя дні сюды дастаўлялася па 1000-1100 тон зялёнай масы.


На касьбе  першынство трымаюць Васіль Фёдаравіч Шубянок і Аляксандр Уладзіміравіч Кацуба. На КПР-9 яны за суткі скошваюць па 80-100 гектараў. Не першы год задзейнічаны на касавіцы і Міхаіл Міхайлавіч Сяргеенка, Павел Паўлавіч Стрыбук, якія таксама кладуць у валкі траў не менш сваіх напарнікаў. Працоўны дзень у гэты гарачы час для іх пачынаецца ў чатыры гадзіны і заканчваецца позна вечарам. Больш накосіш – заробак нядрэнны атрымаеш…


Як толькі сенажаці пакідае корманарыхтоўчая тэхніка, на змену ёй прыходзяць машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў. Каб атрымаць паўнацэнны другі ўкос, паклапаціліся аб набыцці азотных угнаенняў, дзе патрэбна – падкормяць травы і  калійнымі. Гэта гарантыя таго, што заданне нарыхтаваць больш 23 цэнтнераў травяністых кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы будзе выканана.


Адначасова вядзецца і догляд за пашай — яна падкормліваецца, падкошваецца. На касілцы працуе малады механізатар Максім Літашэнка.  


Для матэрыяльнай зацікаўленасці ўдзельнікаў зялёнага жніва ў сельгаспрадпрыемстве распрацаваны ўмовы спаборніцтва. Паклапаціліся і аб гарачым харчаванні, якое дастаўляецца прама на працоўнае месца. Словам, зроблена ўсё магчымае, каб касавіца прайшла хутка і якасна.


Т. ЦІШКЕВІЧ