А ты так не рабі!

Позиция Валентины Бельченко

“Ну колькі можна гаварыць, што так рабіць нельга”, – павучала маладая маці сынулю-дашкольніка, які кінуў рэшткі салодкага пачастунка разам з абгорткай прама пад ногі. А сам – да арэлі. Гэта вымусіла жанчыну ўстаць з лавы і прыбраць за малым. Відаць, толькі з улікам, што побач гулялі і іншыя дзеці. Бо, прысеўшы, яна прадоўжыла… лузаць семкі, шалупінне ад якіх сыпалася пад ногі, засмечвала зямлю.

Вось вам, падумалася мне, і тая “вялікая сіла” слова, пра якую мы так шмат пішам і гаворым. Патрэбна, маўляў, дзецям расказваць, тлумачыць, даваць наказы. А навошта, калі пярэчыць сказанаму ўласнымі паводзінамі і ўчынкамі? Дзеці ўсё матаюць на вус. І гэтым даказваюць: яны разумнейшыя за нас!

Не дзіўна, што гутарка аб шкодзе курэння, “падмацаваная” цыгарэтай у руках дарослага, з’яўляецца бессэнсоўнай. А фраза “ніколі не падманвай мяне”, калі маці сама прыдумвае для дзіцяці гісторыю, каб паўстаць перад іншымі ў лепшым свеце, не спрацоўвае. Як, дарэчы, і “не апускайся да ўзроўню плеткароў”, калі дома абмяркоўваюцца родныя, сябры ці суседзі. І такіх жыццёвых прыкладаў набярэцца вялікае мноства: ад “будзь ветлівы” да “лепш бы пагуляў на дварэ, чым сядзець у тэлефоне”.

Прымаўка кажа, што словы ўзруш-ваюць, а прыклад прыцягвае. Тым больш калі перад табой асоба аўтарытэтная. Дык ці ёсць сэнс даказваць, што мацней: дзеянні або словы?

Зразумела, што ў нас, дарослых, часта не хапае жадання, цярплівасці, а дзе і мудрасці, сілы волі, каб дзейнічаць правільна, з карысцю для сябе і не на шкоду камусьці. Але іншая справа – дзеці. Дзеля іх многія людзі здольны на большае.
Вядома, куды лягчэй зноў кінуць збітую фразу, знайсці вінаватых ці прыкрыцца нейкімі абставінамі, чым заняцца выхаваннем. Не дзяцей, а сябе. Яны пяроймуць усё і без залішніх слоў, дадатковыя намаганні не спатрэбяцца.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА