Першых тысячнікаў Брагіншчыны павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан

Важнае Грамадства Сельская гаспадарка

Цёпла павіншаваў першых тысячнікаў Брагіншчыны старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. Гэта ў асноўным прадстаўнікі ААТ “Пераможнік” і “Чамярыскі”.

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Пераможнік”  ліст з падзякай і падарункі з рук кіраўніка раёна атрымалі старшы камбайнер Сяргей Сідарок і камбайнер Сяргей Катлярэнка, а таксама малады вадзіцель Аляксандр Ляўкоўскі.

– Я не сумняваўся ў тым, што першымі я буду ўзнагароджваць прадстаўнікоў менавіта вашай гаспадаркі, – сказаў Аляксандр Васільевіч. –  Вы малайцы! Мне падабаецца, як вы працуеце, вашы адносіны да справы. Вялікі дзякуй вам за вернасць хлебнай ніве!

Да яго слоў далучыўся і дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Карпенка.  Яму ўручылі пышны каравай. Працу хлебаробаў уславілі ў песнях удзельнікі ансамбляў “Белыя росы” і “Бліскавіца” .

Аляксандра Ляўкоўскага павіншавала  першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ”  Дар’я Сніцарэнка.

У ААТ “Чамярыскі” лік тысячнікаў адкрыў сямейны экіпаж у складзе Міхаіла і Віталія Салдаценкаў. А вось вадзіцеляў, якія перасягнулі тысячны рубеж, чатыры: Уладзімір Ярошка, Рыгор Малочка, Аляксандр Краўчанка, з маладых – Канстанцін Алішэўскі. Для кожнага з іх старшыня райвыканкама знайшоў шчырыя словы, падзякаваў за працу і ўручыў падарункі. Дырэктар “Чамярыскага” Адам Царанок можа ганарыцца  сваім калектывам. Ён звярнуўся да падначаленых з просьбай падвоіць намаганні, бо ўбіраць засталося больш за тысячу гектараў. Адаму Анісімавічу таксама ўручылі каравай.

Канстанціна Алішэўскага павіншавала і лідар раённага маладзёжнага аб’яднання Дар’я Сніцарэнка.

А ў ААТ “Імя Жукава” вадзіцеля-тысячніка Уладзіміра Шахніцкага павіншаваў і падзякаваў за працу першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Шэйка.

 

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК