Акцыя пад такой назвай 30 студзеня прайшла ў нашым раёне. Яе ініцыятарам ужо не першы год выступае Гомельскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру на чале з Цімафеем Глушаковым.
Жыхары Брагіншчыны ганарацца сваёй багатай гісторыяй і дасягненнямі ў шматлікіх сферах дзейнасці. Але першым чынам – працавітымі людзьмі, якім неабыякавы дабрабыт роднага краю і якія кожны дзень укладваюць часцінку сваёй працы ў агульны поспех раёна. Менавіта такіх людзей на мінулым тыдні ўшаноўвалі ў Красненскім цэнтры культуры і вольнага часу.
Ва ўрачыстай атмасферы гучалі словы шчырай удзячнасці ў адрас лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, тых, дзякуючы каму на нашых сталах заўсёды ёсць хлеб і малако, гародніна і мясная прадукцыя. Віталі прысутных старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Цімафей Глушакоў, яго намеснік Уладзімір Восараў, намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Ганна Бабрынёва і старшыня Брагінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Міхаіл Залугоўскі.
Свята працы атрымалася шчырым і хвалюючым. Спатрэбілася каля дзвюх гадзін, каб заслужаныя ўзнагароды і падарункі атрымалі ўсе, хто шчыра працуе і ўслаўляе свой край. Адзін за адным на сцэну падымаліся вопытныя даяркі, механізатары, брыгадзіры… Тыя, на каго сапраўды сёння павінна раўняца падрастаючае пакаленне. Як не раз падкрэсліў Цімафей Іванавіч, у Брагінскага раёна вялікія перспектывы, калі ў ім жывуць і працуюць такія людзі.
Ну, а якое ж свята без песні і ўсімі любімых мелодый? З асаблівым натхненнем іх дарылі ўдзельнікам мерапрыемства творчыя калектывы Брагіншчыны.
Нагадаем, Беларускі фонд міру – гэта грамадская арганізацыя, якая сёння з’яўляецца адной з найбуйнейшых у краіне. Яе актывісты накіроўваць свае намаганні, заснаваныя на ідэях міласэрнасці і гуманізму, на ўмацаванне міру і згоды паміж людзьмі. Беларускія міратворцы рэалізуюць шматлікія праграмы, і адна з галоўных – захаванне памяці аб подзвігу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Прычым фінансаванне ўсіх мерапрыемстваў і акцый фонду адбываецца выключна дзякуючы добраахвотным узносам і ахвяраванням.