Заняць летні адпачынак дзяцей карыснымі і цікавымі мерапрыемствамі, каб у іх не было часу на свавольствы, – такая задача стаіць сёння перад дарослымі. І адно з іх – квэст, які прайшоў у раённым доме культуры ў рамках акцыі “Юны веласіпедыст”, што праводзілася на Брагіншчыне з 12 па 19 чэрвеня. Акцэнт падчас сустрэчы быў зроблены на прафілактыку і папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму і іншых надзвычайных сітуацый сярод непаўналетніх.
Да ўдзелу ў квэсце былі запрошаны выхаванцы прышкольных лагераў. Хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся на каманды і пачалі падарожжа па станцыях займальнай гульні. За правільныя адказы і заданні, выкананыя без памылак, дзеці атрымлівалі картачкі з літарамі, з якіх неабходна было скласці словы.
Першае заданне – агучыць нумары экстраных службаў: 101 – выратавальнікі, 102 – міліцыя, 103 – хуткая дапамога, 104 – газавая служба. Дзеці назвалі іх беспамылкова. Ім таксама нагадалі, што беспадстаўна тэлефанаваць на гэтыя нумары нельга. Потым удзельнікі квэста сустрэліся з персанажамі народных казак, якія праявілі даверлівасць і сталі ахвярамі нядобразычліўцаў. Памылкі Бураціны, Калабка, Чырвонай Шапачкі і семярых казлят лепей не паўтараць.
Што рабіць, калі адчулі ў пакоі пах газу? Ні ў якім разе нельга запальваць агонь і карыстацца электрапрыборамі. А патэлефанаваць у аварыйную газавую службу па нумары 104 патрэбна з вуліцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама пагутарылі аб іншых правілах бяспекі дома і ў побыце, як паводзіць сябе на вадзе і на дарозе, адказалі на пытанні віктарыны і разгадалі загадкі.
– Падобныя квэсты – гэта альтэрнатыва шэрым будням і шкодным звычкам, а таксама настрой на здаровы лад жыцця, – адзначыла метадыст раённага дома культуры Ірына Чарняўская. Яна ўпэўнена, што падчас гульні дзеці атрымалі шмат карыснай інфармацыі, якая дапаможа ім у жыцці.
Вольга ПАЛЯШЧУК