Сацыяльная служба і саюз моладзі аб’ядналіся дзеля агульнай справы – дапамагчы пажылым людзям перажыць пандэмію ў ізаляцыі і пры гэтым не адчуваць сябе адзінокімі і пакінутымі.
– У сённяшняй неспрыяльнай эпідэмія-лагічнай сітуацыі ўсе павінны няўхільна выконваць меры прафілактыкі. А паколькі пажылым грамадзянам у гэтыя дні не рэкамендавана наведваць мнагалюдныя месцы, вялікая нагрузка па дастаўцы ім прадуктаў харчавання, іншых тавараў першай неабходнасці кладзецца на сацыяльных работнікаў. Таму ім на дапамогу гатовы прыйсці валанцёры раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, пры якой створаны добраахвотны атрад, – расказвае лідар маладзёжнага руху раёна Дар’я Сніцарэнка.
У ліку добраахвотнікаў і Максім Бабавоз. Атрымаўшы заяўку ад ТЦСАН, малады чалавек з наборам прадуктаў накіраваўся па ўказаным адрасе. Абавязковы атрыбут – індывідуальныя сродкі абароны: маска і пальчаткі.
Гаспадыня кватэры, адчыніўшы дзверы, прапаноўвае зайсці, але валанцёр адмаўляецца – гэта парушэнне правілаў бяспекі, і перадае пакупкі праз парог. Людміла Іванаўна была вельмі рада госцю, які выканаў заяўку, падзякавала маладому чалавеку за клопат, пажадала здароўя.
У перыяд распаўсюджвання карона-віруснай інфекцыі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання актыўна ўключыліся ў справу па падтрымцы пажылых, якія падчас пандэміі знаходзяцца ў групе рызыкі і павінны выконваць парады спецыялістаў радзей выходзіць з дому. Нагадаем, што на базе раённага камітэта ГА “БРСМ” па буднях працуе гарачая лінія для інфармацыйнай дапамогі людзям ва ўзросце ад 65 гадоў.
Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара