З 1 студзеня абмяняць грашовыя знакі ўзору 2000 года можна будзе толькі ў Нацыянальным банку. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.
У Нацбанку нагадалі, што 31 снежня 2019 года заканчваецца перыяд, калі грашовыя знакі ўзору 2000 года можна абмяняць на грашовыя знакі ўзору 2009 года ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях. З 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2021 года ўключна старыя грошы можна будзе абмяняць на новыя толькі ў Нацбанку па адрасе г.Мінск, вул.Талстога, 6. Абмен праводзіцца без абмежаванняў і камісійнага ўзнагароджання.
З 1 студзеня 2022 года грошы ўзору 2000 года стануць несапраўднымі.
Па стане на 1 снежня 2019 года з абарачэння знята 98 працэнтаў ад сумы грашовых наяўных сродкаў старога ўзору і 60,6 працэнта ад колькасці банкнотаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні на 1 ліпеня 2016 года. Банкноты вялікіх наміналаў (Br50 тыс., Br100 тыс., Br200 тыс.) зняты з абарачэння практычна поўнасцю — больш як 99 працэнтаў ад агульнай колькасці. Узровень зняцця банкнотаў сярэдніх наміналаў (Br5 тыс., Br10 тыс. і Br20 тыс.) склаў 75,5 працэнта. Таксама выведзена з абарачэння 39,8 працэнта банкнотаў дробных наміналаў (Br100, Br500 і Br1000).
Дэнамінацыя афіцыйнай грашовай адзінкі — беларускага рубля — праведзена 1 ліпеня 2016 года. У абарачэнне выпушчаны сем наміналаў новых банкнотаў ўзору 2009 года — Br5, Br10, Br20, Br50, Br100, Br200 і Br500 і восем наміналаў манет — 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама Br1 і Br2. Банкноты ўзору 2000 года, якія знаходзіліся ў абарачэнні, абменьваюцца на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 да 1.