Восень, як і кожная пара года, дыктуе свае правілы і ўмовы, а чакаць не любіць. З прыходам халадоў час будзе беззваротна ўпушчаны, і многае з таго, што не зроблена, так і застанецца ў планах і на паперы.
У пачатку апаратнай нарады старшыня раённага выканаўчага камітэта спыніўся на пытаннях сельгасвытворчасці. Ён выказаў шэраг крытычных заўваг у адрас кіраўнікоў ААТ. Не наводзіцца належны парадак на прыфермскіх тэрыторыях, яны зарастаюць пустазеллем, агароджы зламаныя, гной не вывозіцца і інш. Недаравальна маруднымі тэмпамі ідзе азімая сяўба, многія пры гэтым не выконваюць патрабаванні культуры земляробства. Зніжаецца вытворчасць малака, і прычына – невыкананне нормаў кармлення і ўтрымання.
У якасці апраўдання часта даводзіцца чуць аб недахопе механізатараў, жывёлаводаў. Ці ўсе рэзервы выкарыстоўваюцца, пацікавіўся старшыня райвыканкама ў начальніка ўпраўлення па ПРАЦЫ, ЗАНЯТАСЦІ і сацыяльнай абароне Любові Кулабухавай. Яна праінфармавала: усе непрацуючыя азнаёмлены з інфармацыяй аб вакансіях у АПК раёна. Жадаючыя накіроўваюцца на працу ў гаспадаркі. Але іх няшмат. Аналізуючы пытанне ўсебакова, кіраўнік раённай вертыкалі даручыў старшыні райкама прафсаюза АПК Віктару Балобану параўнаць калектыўныя дагаворы, сістэму аплаты працы і заахвочвання ў гаспадарках, дзе патрэбна – перагледзець іх у бок павелічэння матэрыяльнага стымулявання работнікаў. Ды і кіраўнікам гаспадарак неабходна праяўляць нейкую ініцыятыву: бываць у навучальных установах, запрашаць на працу да сябе.
Намеснік старшыні райвыканкама Пётр Раманюк праінфармаваў аб тэрмінах і крыніцах фінансавання на ВЫПЛАТУ ЗАРАБОТНАЙ ПЛАТЫ. Парушэнняў графіку быць не павінна, – падкрэсліў Пётр Канстанцінавіч. Ёсць пэўныя цяжкасці ў ПМС, у фінансавым становішчы гэтай арганізацыі будуць разбірацца з удзелам абласнога кіраўніцтва.
МАБІЛЬНАЯ ГРУПА райвыканкама наведала аб’екты КЖУП “Брагінскае”, гандлю, сельгаспрадпрыемствы. Аб выніках маніторынгу праінфармаваў Сяргей Даўгулявец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Начальнік РАНС Віктар Марчанка давёў да ведама прысутных: з пачатку года на тэрыторыі раёна здарылася 12 пажараў, што на пяць больш, чым у 2018. Гібелі людзей не дапушчана. За тыдзень выязджалі ў Кавалі, Рыжкаў, Карлаўку на тушэнне ўзгаранняў сухой расліннасці і смецця. У раёне па-ранейшаму захоўваецца пажаранебяспечнае становішча, асабліва пільнымі неабходна быць у лясах і на тарфяніках. Пры першых прыкметах узгарання патрэбна інфармаваць пажарных, і тады яго можна будзе лакалізаваць з меншымі затратамі.
Часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС Мікалай Якунін праінфармаваў, што за тыдзень на лінію 102 паступіла 36 званкоў. Узбуджаны дзве крымінальныя справы па фактах крадзяжоў, выяўлены дзесяць правапарушэнняў, складзены пратаколы. Адзін з іх – за сямейныя скандалы, тры – за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Зафіксавана 37 парушэнняў правілаў дарожнага руху.
Як ідзе нарыхтоўка ДРУГАСНАЙ СЫРАВІНЫ і чаму даведзеныя заданні не выконваюцца такім буйным нарыхтоўшчыкам, як КЖУП “Брагінскае”, тлумачылі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Лук’яненка і дырэктар прадпрыемства Аляксандр Атрошчанка. Паперу і пластык вецер ганяе па міні-палігонах і кантэйнерных пляцоўках (а часта – і па дварах), а камунальнае прадпрыемства, дзе ёсць і спецыяльная тэхніка, і людзі, паказчыкі “валіць”. Сітуацыя парадаксальная, і яна патрабуе тэрміновага выпраўлення. “Усе даведзеныя заданні павінны быць выкананы”, – патрабаваў Аляксандр Кохан.
Арганізацыю СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧЫХ КІРМАШОЎ кіраўнік раённай вертыкалі даручыў адпаведным структурам. “Гандлёвыя рады павінны быць насычанымі садавіной, гароднінай, зернем, рыбай, прадуктамі харчавання, а прадукцыя – таннай, без гандлёвых надбавак”, – распарадзіўся старшыня райвыканкама. Удзел у кірмашы павінны прыняць усе сельгасвытворцы раёна.
Пытанні ДОБРАЎПАРАДКАВАННЯ пастаянна ў полі зроку кіраўніка раёна. На гэты раз ён выказаў шэраг крытычных заўваг наконт таго, як праводзяцца работы на тэрыторыі Буркоўскага сельскага Савета. “Там, дзе змагаліся з кустарнікавай расліннасцю ў мінулыя гады і, здавалася, перамаглі яе, зараз зноў усё пушчана на самацёк, вёскі зарастаюць”, – канстатаваў Аляксандр Кохан. Дзейнасць гэтую патрэбна актывізаваць.
Набліжаецца АЦЯПЛЯЛЬНЫ СЕЗОН. На днях патрэбна падаць цяпло ва ўстановы медыцыны, адукацыі, сацыяльнай сферы. Наступны на чарзе – жыллёвы фонд, і толькі потым пацяплеюць батарэі ў адміністрацыйных будынках.
Барацьба з ВАЎКАМІ які год не саступае з парадку дня. Шкода, якую могуць нанесці (і наносяць) звяры сельгаспрадпрыемствам, непапраўная, таму членам аб’яднання таварыства паляўнічых і рыбаловаў нельга драмаць, неабходна арганізоўваць засады. Гаспадаром на фермах і ў кашарах, нягледзячы на час сутак, павінен быць чалавек, а не драпежнік.
Аб падрыхтоўцы да ПЕРАПІСУ НАСЕЛЬНІЦТВА праінфармавала начальнік аддзела статыстыкі Алена Палявая. У прыватнасці, яна адзначыла, што ўсё гатова, каб пачаць работу. І яшчэ раз акцэнтавала ўвагу: максімальна патрэбна выкарыстоўваць магчымасць самастойнага ўнясення даных у перапісны ліст на інтэрнет-рэсурсе. Гэта зручна і для чалавека, і для перапісчыкаў: у апошніх нагрузка вельмі вялікая, а грамадзянін у любую вольную хвіліну можа самастойна, удумліва, не спяшаючыся адказаць на пытанні.
На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні выканання прагнозных паказчыкаў, навядзення парадку на міні-палігонах, будаўніцтва, утрымання дарог, пагранічнай бяспекі, вулічнага асвятлення.
Галіна ШАЎЧЭНКА