Прайшла сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам Брагінскага раёна

Грамадства

Sustrecha-1

Да ўчарашніх выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у нашым раёне заўсёды асаблівае стаўленне, бо менавіта ў іх руках – перспектыва развіцця рэгіёна, для якога вельмі важныя актыўнасць, мэтанакіраванасць і ініцыятыўнасць моладзі.

Цікавай і карыснай была традыцыйная сустрэча маладых спецыялістаў, якая прайшла на мінулым тыдні ў РДК. Мэта мерапрыемства – пазнаёміць моладзь з кіраўніцтвам раёна, адказаць на ўсе хвалюючыя пытанні, забяспечыць неабходнай інфармацыяй.

Вядома, на Брагіншчыне не толькі шануюць вопытных спецыялістаў, якія адпрацавалі ў арганізацыях і на прадпрыемствах шмат гадоў, але і рады і тым, хто пачынае сваю працоўную дзейнасць. Менавіта таму нямала мудрых і добрых слоў адрасавала прысутным намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Ганна Бабрынёва, якая таксама падкрэсліла важнасць, першым чынам, шчырага жадання саміх маладых людзей працаваць у нашым раёне. Моладзі неабходна зразумець, што ім самім трэба будаваць жыццёвы шлях, імкнуцца да вучобы, якасна і адказна выконваць пастаўленыя кіраўніцтвам задачы. Тады будзе і заробак расці, і працоўная дзейнасць прыносіць радасць і задавальненне.

Sustrecha-2

Цёплыя пажаданні і наказы маладым спецыялістам прагучалі і ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кавалька. Ён адзначыў, што ад маладых супрацоўнікаў залежыць будучыня ўстановы ці прадпрыемства, на якое яны прыйшлі працаваць, і кіраўніцтва цалкам на іх разлічвае. Таму трэба памнажаць свае веды, не баяцца прымаць самастойныя і прадуманыя рашэнні. Але таксама трэба быць гатовым і да пераадолення любых цяжкасцей, бо менавіта за імі стаіць сапраўдны поспех.

– Мяне ўсё задавальняе, падзяліўся сваімі ўражаннямі аб першым месцы працы і малады ўрач Уладзімір Стралецкі. – Калі раней, як удзельнік каманды Клуба вясёлых і знаходлівых ва ўніверсітэце, я мог пажартаваць над Брагінскім раёнам, называючы яго апошнім месцам, куды б мне хацелася паехаць, то сёння я цалкам змяніў свой погляд. Мне падабаецца мая праца, кіраўніцтва і калектыў бальніцы. З арганізацыяй вольнага часу таксама няма праблем. Я прыехаў з жонкаю, пакуль заняты прыемнымі клопатамі па ўладкаванні ў новай кватэры і нам ёсць чым заняцца пасля працы. А ўвогуле лічу, што калі чалавек захоча, то абавязкова знойдзе сабе справу па душы, каб раскрыць свае здольнасці.

З раённай бальніцай я зак-лючыў кантракт на тры гады. Спадзяюся, што за гэты час з маладога спецыяліста яперарасту ў прафесіянала ў сваёй галіне.

З інфармацыяй, якая можа спатрэбіцца юнакам і дзяўчатам на пачатку іх працоўнай дзейнасці, выступілі спецыялісты розных службаў. Размова ішла аб даплатах да іх акладу, ільготных крэдытах на пакупку тавараў, забеспячэнні жыллём і інш. На сустрэчу таксама прыйшлі кіраўнікі арганізацый, прадстаўнікі іх кадравых службаў і прафсаюзныя лідары.

Sustrecha-3

Кароткі экскурс у гісторыю і сучаснасць раёна маладыя людзі зрабілі з дапамогай відэафільма аб нашым гарпасёлку, які прапанавала ім КДУП “Брагінкінавідэасетка”. А паглыбілі свае веды юнакі і дзяўчаты, наведаўшы гістарычны музей з карціннай галерэяй, без якога знаёмства з Брагіншчынай было б няпоўным. Яны з непадробнай цікавасцю слухалі галоўнага захавальніка фондаў На-дзею Мялешку, вывучалі экспанаты, задавалі пытанні. Асноўная тэма размовы датычылася аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе паследкаў. Аб тым, як праходзіла ліквідацыя наступстваў катастрофы, як змянілася жыццё тых, хто не пакінуў родны край, а застаўся яго адраджаць, гаварылі падчас наведвання залы, прысвечанай Васілю Ігнаценку, і выставы “Страчаная зямля”.

Дарэчы, сёлета ў наш раён прыехалі 77 маладых спецыялістаў. Жадаем ім поспехаў у рэалізацыі вызначаных планаў. Выкарыстоўвайце сваю маладую энергію на карысць арганізацый і прадпрыемстваў, дзе пачалі працоўны шлях, і атрымлівайце задавальненне ад сваёй работы!