Прыемна праз год-другі сустрэцца з героямі сваіх публікацый, а гэта заўсёды цікавыя і шчырыя людзі, каб даведацца, што новага адбылося ў іх жыцці, якіх поспехаў дасягнулі.
Пра планы маладога агранома з КСУП “Пераможнік” Анатоля Панчанкі ведала: паступіць у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Мару сваю ажыццявіў. За год працы ў гаспадарцы не толькі асвоіўся, але і невялікі вопыт набыў, стаў больш упэўненым. Адказнасць жа на тэхнолага палёў кладзецца вялікая, даводзіцца быць прынцыповым і патрабавальным. Гэта стала зразумела ў час размовы, калі гутарка зайшла пра заробкі камбайнераў. Як растлумачыў Анатоль, пад увагу бралася і колькасць намалочаных тон, і якасць уборкі. Апошнюю вызначае менавіта ён, аграном. Па яго словах, людзей не пакрыўдзілі.
Жніво вялі пяць экіпажаў, загартаваных гэтай гарачай парой фізічна і маральна. Камбайнеры – з багатым вопытам работы і стажам, іх памочнікі да ўсяго – спецыяльнай адукацыяй. Аграном-аграхімік Максім Каўцэвіч (убіраў зерневыя з Міхаілам Дарошчанкам) закончыў сельскагаспадарчы каледж у Калінкавічах, Аляксей Крус вучыўся на механіка ў Буда-Кашалёве (працаваў з Мікалаем Дарошчанкам). Загадчык мехдвара Іван Карпенка быў памочнікам у Васіля Боркіна. Добра зарэкамендаваў сябе на хлебным полі экіпаж у складзе Уладзіміра Карпенкі і Сяргея Катлярэнкі. Па выніках работы найвышэйшага намалоту дабіліся Сяргея Сідарок і Аляксандр Бухавец, якія і летась працавалі разам, сярод вадзіцеляў – Міхаіл Іотчанка.
Нельга абмінуць увагай тых, хто ўбірае з палёў салому, прасуе, грузіць і звозіць яе, вызваляючы плошчы пад будучы ўраджай. Адзін з іх – Алег Цыбуля.
Ёсць у мужчынскім калектыве адна жанчына, роля якой на вытворчасці не апошняя. Гэта загадчыца склада Галіна Несцярэнка, на першы погляд, строгая, але ж справядлівая. Дваццаць гадоў яна адпускае механізатарам паліва, лёгка знаходзіць з усімі агульную мову.
Крыўдна за хлебаробаў гаспадаркі, ураджайнасць зерневых і зернебабовых атрымалі сёлета намнога ніжэйшую, чым планавалі. Найлепшы вынік – на ячменным полі (па 32 цэнтнеры з гектара). Вырошчвалі сарты “бровар” і “дзівосны” беларускай сялекцыі. Азімымі культурамі было занята 1,5 тысячы гектараў, 360 га – яравым аўсом і 256 – ячменем. Кукурузе адвялі 1150 гектараў, у тым ліку 270 – на зерне. Нездарма гэтую культуру ў свой час прызналі каралевай палёў, сёлета яна цалкам адпавядае сваёй назве. Настаў і яе час. На курузныя палі накіроўвалася ў той дзень (14 жніўня) тэхніка. Мікалаю Дарошчанку даводзіцца жаць і малаціць шосты сезон, колькі залацістага зерня кукурузы выдасць яго камбайн, залежыць не толькі ад механізатара, але і ад надвор’я, арганізацыі работы. За штурвалам камбайнаў – з 1996 года.
Трактарыстаў хапае, а вось тэхнікі – малавата. Нядаўна набылі новы МТЗ-3522 коштам 1,5 мільярда, добра, што зараз можна ўзяць сельгасмашыну ў растэрміноўку. Патрэбна, па словах Анатоля Панчанкі, купіць яшчэ тры МТЗ-1221 і хаця б два МТЗ-82. Няхай і гэтае пажаданне спецыяліста матэрыялізуецца.
Ніна СІНІЛАВА