Апаратную нараду ў панядзелак старшыня райвыканкама пачаў з абмеркавання пытанняў АПК. Не лішнім будзе паўтарыць, што зараз той час, які патрабуе ад сельгасвытворцаў максімальнага напружання і канцэнтрацыі намаганняў, каб паспяхова правесці пасяўную кампанію і не дапусціць пралікаў у жывёлагадоўлі.
Складваецца меркаванне, што ў некаторых таварыствах пра гэта забываюць: энерганасычаная тэхніка задзейнічана не поўны светлавы дзень, трактары на поле выязджаюць позна, а вяртаюцца рана. Такога дапускаць нельга, як і спаду вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Вясна яскрава дэманструе пралікі, таму зараз нельга дапускаць памылак мінулага года, больш мэтанакіраванай павінна быць работа створанай рэктальнай групы, селекцыйнай службы.
Як працяг аналізу спраў у сельгасвытворчасці, зробленага кіраўніком раённай вертыкалі, прагучала даведка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргея Даўгуляўца. Ён паведаміў аб выніках маніторынгу, праведзенага МАБІЛЬНАЙ ГРУПАЙ. Яе прадстаўнікі наведалі жывёлагадоўчыя памяшканні ў ААТ “Брагінскі”, “Імя Жукава”, “Пераможнік”.
Па паведамленні намесніка начальніка РАНС Віктара Цімоніна, на мінулым тыдні ў Карлаўцы здарыўся пажар. Ад палаў сухой расліннасці загарэўся жылы дом. Пажар ліквідаваны. Дарэчы, за тыдзень за палы сухой расліннасці аштрафаваны пяць чалавек. Аляксандр Кохан падкрэсліў, што больш актыўна ў гэтым накірунку павінна працаваць інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Як праінфармаваў начальнік РАУС Валерый Чэкан, за тыдзень узбуджана адна крымінальная справа – па факце крадзяжу з дачнага дома маёмасці. Праводзяцца рэйды ў сельгасарганізацыіі раёна, парушэнняў не выяўлена. Старшыня райвыканкама даручыў належным чынам арганізаваць работу груп, створаных з упраўленчых кадраў ААТ. Яны ў вячэрні і начны часы таксама павінны аб’язджаць аб’екты, кантраляваць захаванасць прадукцыі, кармоў, ГЗМ. Часта гэтыя групы створаны фармальна, графік выездаў парушаецца.
Па словах начальніка пагранзаставы “Камарын” Антона Самалюка, 25 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў цёмны час сутак на тэрыторыі пагранічнай паласы.
Старшыня райвыканкама заслухаў таксама справаздачы кіраўнікоў адпаведных прадпрыемстваў аб РАМОНЦЕ ДАРОГ. Як паведаміў дырэктар КЖУП “Брагінскае” Аляксандр Атрошчанка, у райцэнтры праводзіцца ямачны рамонт, потым будзе адноўлена разметка. Участак ДРБУ-155, па інфармацыі Віктара Цімошчанкі, займаецца дарогай Мікулічы – Конанаўшчына. ЛДД №452 таксама прыступае да рамонту трасы – давёў да ведама прысутных Пётр Кастэнка. Узяць на асаблівы кантроль стан лясных дарог старшыня райвыканкама даручыў дырэктару ДЛГУ “Камарынскі лясгас” Аляксандру Дзягцярыку. Арганізацыі, якія займаліся распрацоўкай дзялянак, павінны прывесці іх у парадак.
На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні добраўпарадкавання, выканання заявак дыспетчарскай службай КЖУП “Брагінскае”, арганізацыі гарачага харчавання механізатараў на пасяўных работах.
Галіна ШАЎЧЭНКА