Акцыя «Збяром партфель першакласніку» праходзіць у раёне

Грамадства

Portfel

Напэўна, кожны з нас памятае, як у дзяцінстве збіраўся ў школу, укладваючы ў новы партфель кнігі і сшыткі з маляўнічымі вокладкамі. А колькі эмоцый выклікалі звычайныя каляровыя фламастэры, фарбы або пластылін!.. На жаль, у нашым раёне ёсць дзеці, якіх некаму збіраць у школу, ці няма за што, бо яны жывуць у малазабяспечаных сям’ях.

Менавіта таму кожны год мы праводзім акцыю “Збяром партфель першакласніку”, у час якой усе жадаючыя маюць магчымасць аказаць будучым школьнікам дапамогу ў набыцці канцылярскіх прыналежнасцяў, а таксама адзення ці абутку. Дабрачынныя ўзносы прымаюцца як ад жыхароў раёна, так і ад арганізацый і прадпрыемстваў. Сабраныя падарункі будуць перададзены выхаванцам Асарэвіцкага сацыяльнага прытулку і дзецям, якія жывуць у сям’ях з невысокім даходам.

Мы просім усіх неабыякавых людзей падтрымаць акцыю і дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Бо толькі так мы можам першага верасня для іх пераўтварыць ў доўгачаканае свята, падарыць ім часцінку цеплыні, любові і дабра.

Падрабязней аб дабрачыннай акцыі можна даведацца па тэлефоне 2-11-37.

Кацярына СКАРАХОД,

дырэктар ДУА «Брагінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр»