Арганізатарам сустрэчы з’яўляецца раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр.
Абавязкі па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства ўзяла на сябе дырэктар СПЦ Кацярына Скараход. Як і было задумана, свята атрымалася добрым, душэўным і сямейным. Кацярына Анатольеўна не скупілася на цёплыя словы ў адрас удзельнікаў конкурсу. А як жа інакш? На гэтых людзях ляжыць адказнасць за дзяцей з няпростымі лёсамі. Сёння хлопчыкі і дзяўчынкі растуць побач з клапатлівымі дарослымі. І, гледзячы на іх, прыгожа апранутых, вясёлых і актыўных, нават цяжка ўявіць, што зусім нядаўна яны знаходзіліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Падчас мерапрыемства крэатыўныя, таленавітыя і артыстычныя выхаванцы прадэманстравалі свае здольнасці і дасягненні. Яны пазнаёмілі прысутных з дэвізамі і гербамі сваіх сем’яў, расказалі ў фотапрэзентацыях аб сваёй малой радзіме, а з дапамогай малюнкаў на тэму “Маё бяспечнае лета” – як падрыхтаваліся да доўгачаканых канікул.
Паспяхова справіліся ўсе і з дамашнімі заданнямі, доказам чаму сталі шчодры стол з кулінарнымі шэдэўрамі і выстава дэкаратыўных вырабаў “Умелыя ручкі”.
У зале панавала святочная атмасфера, сагрэтая сонечнымі прамянямі і ўсмешкамі прысутных. Актыўны ўдзел у конкурсе прынялі выхаванцы Асарэвіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку, якія не толькі парадавалі прысутных творчымі нумарамі, але і падрыхтавалі для членаў журы і гасцей сувеніры. Падтрымаць канкурсантаў і парадавацца за пераможцаў прыйшлі і тыя, хто ўжо завяршыў сваю працоўную дзейнасць у якасці прыёмных бацькоў.
Інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Аляксандр Ельсукоў звярнуў увагу на паводзіны дзяцей падчас летняга адпачынку, нагадаў правілы бяспекі, ігнараванне якіх можа абярнуцца непрыемнымі наступствамі, раздаў тэматычныя памяткі.
Нягледзячы на рашэнне, прынятае журы пры выстаўленні балаў, пераможцамі конкурсу можна было назваць усіх удзельнікаў. Бо галоўная іх перамога – гэта перамога над чалавечай абыякавасцю, жаданне дарослых жыць справамі і праблемамі дзяцей, саграваючы іх сэрцы і ўсяляючы веру ў дабро.
Першае месца занялі маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Вольга Аўдзеенка і яе падапечныя. Дарэчы, як і ў мінулым годзе. Другое месца таксама другі год запар займае прыёмная сям’я Таццяны Цішкевіч (выхаванец – Дзмітрый Ефіменка). Трэцімі сталі Ірына Сцяпанава і яе выхаванка Святлана Ваявода.
За крэатыўны падыход у пад-рыхтоўцы да конкурсу падарунак атрымала прыёмная сям’я Іны Прыходзькі (выхаванкі – Сняжана і Ірына Ефіменкі). Спецыяльным прызам ад абласной дабрачыннай арганізацыі “Лепшы шлях” узнагароджана Вікторыя Кушнярэнка (прыёмная маці – Вольга Гардзеенка). Дыпломамі і сувенірамі адзначаны ўсе дзеці, якія падрыхтавалі творчыя нумары.
Аб падарунках для ўдзельнікаў мерапрыемства паклапаціліся аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, абласная дабрачынная арганізацыя “Лепшы шлях”.