Нават калі мы шчыра жадаем дабра блізкаму чалавеку, але не ўмеем яго выслухаць, то не толькі не дапаможам яму, але і нашкодзім.
Падзяліцца набалелым
Жыццё ўвесь час падкідвае нам праблемы. Дробныя і вялікія. Вечны кругаварот спраў на рабоце, матэрыяльныя цяжкасці, канфлікты з калегамі ці кіраўніцтвам, сваркі ў сям’і, панесеныя страты, неспадзяваная смерць кагосьці з блізкіх… Кожны з нас тую ці іншую няпростую сітуацыю ўспрымае па-рознаму, і нехта – значна вастрэй, больш балюча, даўжэй перажывае і пакутуе.
Не заўсёды хочацца падзяліцца набалелым, шчыра расказаць аб тым, што прыгнятае, родным ці сябрам. Адны лічаць, што іх будуць асуджаць ці празмерна павучаць, другія перасцерагаюцца кпінаў і насмешак, трэція – неразумення, плётак… А часам і ўвогуле некаму выказацца, раскрыць душу. Чалавек проста знаходзіцца ў палоне ўласных думак. Ён не бачыць выйсця, не можа справіцца, не адчувае падтрымкі. І ад гэтага становіцца яшчэ больш трывожна.
Выратаваннем менавіта ў такой сітуацыі, па меркаванні псіхолага ўстановы аховы здароўя “Брагінская ЦРБ” Святланы Радоўскай, можа стаць тэлефон даверу: 8-029-372-24-45 (Velcom). Яго перавага ў тым, што цябе, якая б праблема ні турбавала, абавязкова выслухаюць. Прычым у любы час сутак і ананімна. Ні ў чым не абвінавацяць, не будуць крытыкаваць, навязваць меркаванні, даваць ацэнку, а ўспрымуць такім, які ёсць. Іншая справа – нейкія асабістыя перакананні, што грунтуюцца на прынятых у грамадстве асцярогах і стэрэатыпах, перашкаджаюць, а то і выклікаюць боязь набраць тэлефонны нумар, звярнуцца да псіхолага. У свядомасці многіх закралася, што гэта сорамна ці, напрыклад, не прынясе ніякага выніку, да такога спецыяліста ідуць толькі слабыя ці “ненармальныя”. Палохаюць ужо самі першыя тры літары “псі”.
Каб упарадкаваць хаос
– Сваю прафесійную дзейнасць я пачынала ў сферы адукацыі і, адпрацаваўшы там трынаццаць гадоў, была пераканана, што да такога спецыяліста як псіхолаг, метадаў яго работы мясцовыя жыхары прывыклі. Ды, як высветлілася потым, калі перайшла ў сістэму аховы здароўя, маё меркаванне памылковае. На практыцы сутыкнулася з асцярогамі і нават бояззю некаторых людзей, якіх урач накіроўвае да мяне на кансультацыю, – заўважае Святлана Радоўская.
Асобныя яшчэ ў пачатку сустрэчы, па словах суразмоўцы, імкнуцца падкрэсліць, што з псіхікай у іх усё нармальна, і задаюцца пытаннем: чаму я тут? Ці, іншымі словамі, людзі проста блытаюць такія падобныя па гучанні, але розныя па значэнні прафесіі – псіхіятр, псіхатэрапеўт і псіхолаг. Таму ў першую чаргу Святлане Іванаўне нярэдка даводзіцца тлумачыць, што ў полі яе зроку не псіхіка, а душэўны стан чалавека, яго ўнутраны свет.
Да ведама:
Псіхолаг – спецыяліст, які займаецца вывучэннем душэўнага жыцця, законаў карэкцыі паводзін чалавека і выкарыстоўвае гэтыя веды для аказання дапамогі людзям.
Сучаснае жыццё, безумоўна, цесна звязана са стрэсамі, напружаннем, апатыяй і хандрой. Ды што рабіць, калі нейкія жыццёвыя складанасці, дрэнныя думкі, песімістычны настрой набываюць больш сур’ёзную форму і пагражаюць нашаму маральнаму і фізічнаму здароўю? Менавіта ў такой сітуацыі дапамога псіхолага якраз дарэчы. Ён працуе са звычайнымі, псіхічна здаровымі людзьмі, якія з-за пэўных праблем, існуючых цяжкасцей не могуць знайсці ўнутранага спакою – усё толькі прыгнятае і хвалюе. Не бачыцца выйсця з замкнёнага кола неладоў. Адны перажыванні і трывога.
Слухаючы, пачуць
Зразумела, што нават самы лепшы спецыяліст не дасць стопрацэнтны ўніверсальны рэцэпт ад усіх бед і няшчасцяў. Але ў чалавека заўсёды ёсць рэсурсы, каб прыняць на сябе адказнасць за сваё жыццё, свае паводзіны, сваю сістэму выбараў. І задача псіхолага – узняць гэтыя рэсурсы на паверхню, даць магчымасць іх выкарыстаць, дапамагчы зірнуць на праблему пад іншым вуглом. Змяніць, у рэшце рэшт, адносіны чалавека да непрыемнай сітуацыі, падштурхнуць яго да думкі: каб перайначыць свет, патрэбна ў першую чаргу змяніць сябе. А на які эфект можна разлічваць?
– Многае, вядома, залежыць ад асабістых якасцей мужчыны ці жанчыны, цяжкасці праблемы, у якую яны трапілі. Але вельмі важную ролю пры ўзаемадзеянні з суразмоўцам мае ўменне, слухаючы, пачуць. Красамоўнае і дэталёвае выказванне ўласных поглядаў спецыяліста на праблему з’яўляецца хоць і істотным фактарам, але само па сабе поспеху не гарантуе. Куды важней даць магчымасць раскрыцца асобе, якая перад табой, – лічыць Святлана Іванаўна.
У сваёй практыцы, дарэчы, яна нярэдка сутыкалася з сітуацыямі, калі ў час індывідуальнай гутаркі, а то і ўвогуле свайго маналогу чалавек сам знаходзіў выйсце з сітуацыі, якая яго непакоіць. Дастаткова было толькі заставацца ўважлівым слухачом і крыху накіроўваць суразмоўцу на шлях канструктыўнага дыялогу.
Так, напрыклад, атрымалася з мужчынам, які не бачыў далейшага развіцця сямейных адносін і доўга вагаўся: набраць нумар тэлефону даверу ці не? А калі пазваніў, шчырая зацікаўленасць на другой лініі паўплывала на тое, каб прадоўжыць работу з псіхолагам. І гэта дапамагло яму не толькі асэнсаваць, што з ім адбываецца, але і выратаваць сямейны саюз.
Яшчэ адна сітуацыя: жанчына, якая ўвесь час пражывала з маці, вельмі балюча ўспрыняла яе смерць. Яно і зразумела. Не стала адзінага роднага чалавека. У выніку – стрэс і дэпрэсія. Вельмі ранімая, чулая і добразычлівая па натуры, яна не магла не толькі з гэтым прымірыцца, але і набыць упэўненасць у сабе, пабудаваць правільныя адносіны з тымі, хто яе акружае, хаця і бачыла свае памылкі. Таму разам з псіхолагам давялося іх дбайна аналізаваць, вучыцца спраўляцца з цяжкасцямі, адганяць ад сябе змрочныя думкі і нават гаварыць іншым у пэўных сітуацыях “не”. У рэшце рэшт, змяняць свае погляды на жыццё, з якім раней звязваўся адзін негатыў. А там – знайшлася справа па душы, сталі прыкмячацца звычайныя чалавечыя радасці, і свет ужо паўстаў у больш яркіх, насычаных пазітыўнымі эмоцыямі фарбах.
– Псіхолагу вельмі важна быць у ролі якаснага слухача, каб не прапусціць, магчыма, стан крызісу, у якім знаходзіцца чалавек. І калі ён пакутуе, напрыклад, ад дэпрэсіі, то яму патрэбна больш гаварыць самому, чым размаўляць з ім, – у гэты момант павінны адчувацца асаблівая душэўная цеплыня, дапамога і падтрымка, – звяртае ўвагу Святлана Радоўская.
Не нашкодзіць
У агульнапрынятым сэнсе павышаны ўзровень трывожнасці праяўляецца ў пастаянным чаканні чалавекам адмоўных падзей. Некаторыя празмерна хвалююцца за ўсё: стан здароўя, справы дзяцей, асабістае жыццё… Грызуць чужыя гаворкі, існуючыя промахі, крыўды. Асабліва гэта характэрна для жанчын. Песімістычны настрой прыводзіць да бяссонніцы, страты апетыту, негатыўных думак. І ў такім стане чалавек не бачыць нічога пазітыўнага ў навакольным свеце, не можа абстрагавацца ад праблем. Таму вельмі важна, як прыкмячае спецыяліст, дапамагчы яму разгледзець праменьчык святла і надзеі:
– Вялікая колькасць канфліктаў і нават разбуральных войнаў адбываецца з-за няўвагі да іншых. Калі мы не ўмеем слухаць, то не толькі не дапаможам чалавеку, але і можам яму нашкодзіць.
А псіхолаг працуе па прынцыпе “Не нашкодзь!”, таму ў пэўнай сітуацыі лепш прыслухацца да яго парад, прыйсці разам на кансультацыю, падказаць нумар тэлефона даверу. Асабліва – у выпадках, калі заўважаецца дэпрэсія. Такія людзі, а таксама схільныя да суіцыду – асобная катэгорыя. Яны маюць патрэбу ў прафесійнай дапамозе, і прамаруджванне можа быць небяспечным.
Некалькі лічбаў:
У мінулым годзе ў Гомельскай вобласці ад знешніх прычын загінулі 1187 чалавек, 315 з якіх скончылі жыццё самагубствам, у тым ліку шэсць трагедый зарэгістравана ў нашым раёне.
Аналіз прычын здзяйснення суіцыдаў сведчыць, што такое рашэнне прымаецца людзьмі пераважна на фоне дэпрэсіўнага стану, абумоўленага ўласнай незапатрабаванасцю, сацыяльнай неўладкаванасцю, нядобранадзейным становішчам у сям’і, нізкім узроўнем матэрыяльнага дастатку – 63,3%, наяўнасцю хранічных, у тым ліку псіхічных захворванняў – 21,8%, сваркай, рэўнасцю, бояззю адказнасці за здзейсненае злачынства (правапарушэнне) – 11,6%. У некалькіх выпадках прычыны самагубстваў не ўстаноўлены.
Здавалася б, сёння інфармацыі аб гэтай праблеме, метадах прафілактыкі суіцыдальных паводзін насельніцтва шмат. Але адказы на многія пытанні так і не знойдзены.
– Я лаўлю сябе на думцы, што нямала з прыведзенага па данай тэме – толькі меркаванні, здагадкі і дапушчэнні, – разважае спецыяліст. – Не заўсёды людзі, якія прымаюць рашэнне пайсці з жыцця, пакутуюць ад моцнага душэўнага болю і знаходзяцца ў стрэсе. Не выключана, што яны проста глядзяць у будучыню без надзеі, адчуваюць немагчымасць справіцца са сваімі праблемамі, таму вельмі важна звярнуць на такога чалавека ўвагу і падтрымаць яго. А лепшы спосаб умяшацца ў крызіс – клапатліва задаць прамое пытанне: “Ты думаеш пра самагубства?” Яно не прывядзе да падобнай думкі, калі ў чалавека яе не было. А калі, наадварот, ён думае аб гэтым і нарэшце знаходзіцца той, з кім можна забароненую тэму абмеркаваць і каму неабыякавыя яго перажыванні, часта прыходзіць палёгка.
Вельмі важна ў такую крытычную хвіліну быць псіхалагічна гатовым пачаць цяжкую размову і не пакінуць чалавека, якога адольвае роспач, аднаго.
У любы час сутак
1906 год. Нью-Ёрк. Глыбокая ноч. У доме пратэстанцкага святара Гары Уорэна раздаўся тэлефонны званок: “Малю аб сустрэчы! У мяне бязвыхадная сітуацыя!” “Заўтра, – адказаў святар. – Царква будзе адкрыта раніцай”. А назаўтра святы айцец даведаўся, што той, хто званіў, скончыў жыццё самагубствам – павесіўся. І тады ён, узрушаны, даў тэрміновую аб’яву ў газету: “Перад тым, як пайсці з жыцця, пазваніце мне ў любы час сутак”. Так больш за сто гадоў назад з’явіўся першы ў свеце тэлефон даверу.
Гэтую гісторыю, што папярэднічала стварэнню кваліфікаванай службы аказання псіхалагічнай дапамогі па тэлефоне, Святлана Іванаўна прыгадвае часта – узрушыла да глыбіні душы. Таму і ў сваёй справе ўзяла яе за аснову: на сувязі – кругласутачна. Магчыма, і камусьці з вас у складанай жыццёвай сітуацыі спатрэбіцца яе дапамога.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА