Спачатку рамонт, рэкорды будуць потым

Сельская гаспадарка

Вядомая прымаўка пра тое, што летам неабходна рыхтаваць санкі, а зімой – колы, ужо ўстарэла. Ва ўсякім разе ў той яе частцы, дзе гаворыцца пра санкі. Не тыя, на якіх дзеці слізгаюць з гары, а драўляныя “саматужкі”, на якіх нашы продкі вазілі сена і дровы. У век тэхнічнага прагрэсу і вяскоўцы на сваіх сядзібах выкарыстоўваюць трактары, не гаворачы ўжо пра буйныя гаспадаркі. Яны набываюць іх штогод, і ўсё больш дасканалыя. Вось толькі сельгасмашыны маюць тэндэнцыю выходзіць са строю, і тады іх “лечаць”. У ААТ “Брагінаграсэрвіс” ёсць спецыяльная служба, якая гэтым займаецца прафесійна.


У рамонтным цаху  мы сустрэлі людзей, якія ў сваёй справе дасягнулі высокага майстэрства. Па словах начальніка тэхнічнага цэнтра РУП “МТЗ” Аляксандра Хлебіна, такіх спецыялістаў у раёне адзінкі. Аляксандр Лёгкі працуе слесарам па рамонце паліўнай апаратуры, Іван Малочка – слесар станцыі тэхнічнага абслугоўвання, як і яго малады калега Яніс Цівумс. Мікалай Марчанка (вопытны механізатар)  летам  са сваім братам  убіраў  зерневыя і зернебабовыя  ў  гаспадарках раёна, а  зараз  рамантуе  камбайны. За  гэтым  заняткам мы і засталі  чацвёрку  ўмельцаў.


Плануюць, што да канца года два “стэпавыя караблі” на лінейку гатоўнасці паставяць, а ўсяго ім неабходна падрыхтаваць да ўборачнага сезона восем. На сёння ў рамонтных  майстэрнях  знахо-дзіцца сем КЗС-10 і КЗС-12 вытворчасці “Гомсельмаша”. Спачатку іх разбяруць, складуць дэфектныя ведамасці, якія потым адправяць на завод, вызначацца з сістэмай аплаты. Дарэчы, схема яе прапрацоўваецца, які працэнт кошту рамонту ляжа на гаспадаркі, які – на абласны бюджэт, днямі вызначыцца з удзелам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Гэта не вельмі важна для тых, каму неабходна перабраць сваімі рукамі кожны вузел і дэталь. Іх задача – выканаць работу якасна, каб потым не было нараканняў.


Сваёй чаргі чакаюць энерганасычаныя трактары “Беларус” 3022 ДВ. Чатыры  з гаспадарак нашага раёна, а пяты –  з  Лоеўскага. Суседзям, каб  вярнуць  яго  ў строй, давядзецца выдаткаваць  200 млн рублёў. Тры рухавікі завязуць  на маторарамонтны завод. Работы, па словах  маладога спецыяліста, хапае. Зімой у слесараў  і  інжынернай службы ёсць выхадныя, а вясной і летам,  у  час  адказных сельскагаспадарчых кампаній, пра іх забываюць. Заробкі, а яны складаюць больш за тры  мільёны  рублёў у месяц, у нейкай ступені  кампенсуюць   маральныя і фізічныя выдаткі.


Аляксандр  Хлебін – выпускнік Буда-Кашалёўскага  каледжа, завочна закончыў вышэйшую  навучальную  ўстанову.  У  час летніх канікулаў працаваў  памочнікам  камбайнера  ў  КСУП “Пераможнік”. Тады іх моладзевы экіпаж заняў першае месца ў раёне і быў запрошаны на абласныя “Дажынкі”. Як перспектыўнаму інжынеру Аляксандру прапанавалі ўзначаліць тэхнічны цэнтр рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “МТЗ”.  Бывае там часта, вырашае вытворчыя пытанні. Практыка, хаця і невялікая, дапамагае ў рабоце.


З пачуццём гонару гаварыў,  што  іх “Брагінаграсэрвіс”  разіваецца, кожны год з’яўляецца нешта новае. Перапрацоўвалі рапс, а зараз – і сланечнік. Галоўнае, што ў моладзі ёсць работа,  ста-більны заробак.


Ніна СІНІЛАВА