Нашы жывёлаводы: да справы – з самааддачай

Грамадства

Каб павіншаваць лепшых жывёлаводаў, у мінулую пятніцу мы накіраваліся на вытворчыя аб’екты ААТ «Брагінскі». А дакладней – на МТФ у Сяльцы і Вуглах.

Сяргей і Марына Міхайлюкі
Сяргей і Марына Міхайлюкі

Валянціна Патапенка шмат гадоў аддала працы ў гаспадарцы. Яна памятае яе яшчэ як калгас Імя Тэльмана, куды прыйшла працаваць даглядчыцай у 1987 годзе. З 2011-га жанчына – аператар машыннага даення на ферме ў Сяльцы, дзе зарэкамендаваля сябе як вопытны работнік. Акрамя таго, Валянціна Васільеўна – маці васьмярых дзяцей. Яе калега Таццяна Раманюк, з якой удваіх дояць больш чым 200 кароў, прыйшла працаваць на ферму адразу пасля заканчэння школы. Як і Валянціна Васільеўна, яна мнагадзетная маці і добрая гаспадыня. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан павіншаваў жанчын і падзякаваў ім за сумленную працу, уручыўшы граматы і падарункі.

Віктар Балобан павіншаваў  Валянціну Патапенку і Таццяну Раманюк
Віктар Балобан павіншаваў Валянціну Патапенку і Таццяну Раманюк

На ферме ў Вуглах нас чакала сямейная пара – Сяргей і Марына Міхайлюкі. Працуюць яны тут з 2014 года, калі пераехалі ў наш раён з суседняй Украіны. Як прызналася Марына Валер’еўна, ехалі наўздагад, але ні разу не пашкадавалі, бо прадпрыемства ім выдзеліла ўтульны катэдж. Ды зменай месца жыхарства справа не абышлася. Сяргей Іванавіч з металурга перакваліфікаваўся ў слесара, а яго жонка – з кандытара ў аператара машыннага даення. Працуюць яны разам у новым даільным блоку. Маладыя і пазітыўныя, да справы адносяцца з поўнай самааддачай. Па словах загадчыцы фермы Таццяны Кажадуб, сямейная пара ні ў чым не саступае сваім больш вопытным калегам. Яны ідуць разам па жыцці, выхоўваюць сына, якому таксама падабаецца новае месца жыхарства.

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ
Фота аўтара