У мінулую пятніцу ва ўтульнай зале Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшоў навагодні ранішнік для маленькіх жыхароў раёна з абмежаванымі магчымасцямі.
Супрацоўнікі ЦКРНіР і на гэты раз падарылі сваім выхаванцам незабыўнае свята, успаміны пра якое яшчэ доўга будуць саграваць іх сэрцы. Дзеці зачаравана сачылі за развіццём падзей казачнага прадстаўлення, танцавалі, вадзілі карагоды. Сур’ёзна падрыхтаваліся яны і да сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягурачкай: не толькі вывучылі навагоднія вершы, але і стараліся выразна іх расказаць.
У ліку ганаровых гасцей на свяце прысутнічала намеснік старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Мялешка, якая падкрэсліла важнасць такіх мерапрыемстваў для асаблівых дзяцей і іх бацькоў. Яна выказала шчырыя словы падзякі супрацоўнікам установы за тое, што не шкадуюць цеплыні сваіх сэрцаў для хлопчыкаў і дзяўчынак, клапоцяцца пра іх. Ды і самі дзеці – сапраўдныя героі: змагаючыся са сваімі хваробамі, яны не губляюць імкнення жыць і развівацца. Вера Сямёнаўна таксама ўручыла выхаванцам ЦКРНіР салодкія гасцінцы і падарункі.
Павіншавала прысутных са святам і дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Іна Бандолік, адзначыўшы, што вышэйшай узнагародай для арганізатараў мерапрыемства сталі ўсмешкі на тварах дзяцей і пазітыўны настрой іх бацькоў.
Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара