Яе праводзяць РК ГА “БРСМ” і РА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.
З Новым годам і Калядамі мы звязваем самыя лепшыя пачуцці – радасць, дабрыню, надзею. І, вядома ж, адчуванне казкі, якую чакаюць усе дзеці, асабліва хлопчыкі і дзяўчынкі, што ў гэтыя дні засталіся без бацькоўскай цеплыні.
Дапамагчы выхаванцам Асарэвіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку паверыць у цуды можна разам з актывістамі БРСМ і піянерамі. Іх дабрачынная акцыя накіравана на збор цацак, развіваючых гульняў, тавараў для творчасці, адзення, абутку.
З просьбай не быць абыякавымі і падарыць дзецям свята з доўгачаканымі падарункамі ў мінулую пятніцу валанцёры атрада “Добрае сэрца” звярнуліся да жыхароў і гасцей Брагіна. На заклік юнакоў і дзяўчат, якія ў касцюмах Дзедаў Марозаў і Снягурачак прайшлі па вуліцах райцэнтра, адгукнулася шмат людзей. У іх ліку – і прадпрымальнікі, якія ў той дзень гандлявалі на рынку, таму падрыхтаваная скарбонка запоўнілася вельмі хутка.
У адказ удзельнікі акцыі атрымлівалі чырвоныя рукавічкі – сімвал мерапрыемства, які адлюстроўвае імкненне дзяцей і моладзі акружыць клопатам і ўвагай тых, хто ў іх асабліва мае патрэбу.