КЛІЧА ДЗІЎНЫ СВЕТ ВЕДАЎ

Грамадства

Будучы   першакласнік  Уладзіслаў Вашкевіч атрымаў падарункі ад калектыву раённага аддзела ўнутраных спраў.


Праз тры дні школьны званок пакліча вучняў за парты.  З  асаблівай нецярплівасцю чакаюць гэтага моманту хлопчыкі і дзяўчынкія, якія ўпершыню пераступяць парог школы. Сярод іх –  Уладзіслаў Вашкевіч.  У яго ўжо ўсё падрыхтавана да першага верасня: у шафе вісіць новы касцюм з беласнежнай кашуляй, начышчаны да бляску туфлі, укамплектаваны рукзак.
Улад расце  ў  шматдзетнай сям’і, дзе, як кажуць, кожная капейка на ўліку, таму зборы ў школу маглі сур’ёзна “падарваць” дамашні бюджэт.  Але якраз дарэчы да будучага вучня з падарункамі завітаў намеснік начальніка Брагінскага РАУС Вячаслаў Лысянок.


Удзел у дабрачыннай акцыі “Збяром партфель першакласніку” супрацоўнікі міліцыі прымаюць кожны год.  Дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў – справа высакародная. Тым больш, напярэдадні адной з важных у іх жыцці  падзей –  пачатку школьнай пары. Вячаслаў Васільевіч пажадаў Уладу  поспехаў у вучобе, а той у сваю чаргу паабяцаў, што будзе вучыцца толькі на “выдатна”.


Вольга ПАЛЯШЧУК