Таму і жнівень, што ў ім кіпіць жніво. Апошні месяц лета заўсёды апраўдвае сваю назву: з раніцы да вечара ў ваколіцах вёсак раёна чутны гул машын. Камбайны на хлебнай ніве, аўтамабілі з зернем, рулоны саломы на палетках – звыклы пейзаж гэтай пары. Толькі ствараюць яго не мастакі, а руплівыя працаўнікі, дбайныя гаспадары, якія шчыруюць на палетках.
Гэтыя дні, бадай, самыя напружаныя, бо трэба паспець у адпаведныя тэрміны завяршыць уборку ўраджаю. Трывога за вырашчанае, пачуццё саперніцтва на хлебнай ніве не дазваляюць здаваць набраных тэмпаў. Адметна, што побач з вопытнымі камбайнерамі рашуча да фінішнай прамой ідзе і моладзь. Лепшыя прама на працоўных месцах прымаюць заслужаныя знакі пашаны і павагі.
Напрыканцы мінулага тыдня экіпаж двух поўных цёзкаў – Рыгораў Раманюкоў з КСУП імя Жукава віншаваў з высокімі намалотамі Мікалай Філіпцоў, прадстаўнік абласнога камітэта прафсаза работнікаў адукацыі і навукі.
А шлях старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктара Балобана, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы Ніны Кавалёк і галоўнага спецыяліста РК ГА “БРСМ” ляжаў у КСУП “Саўгас “Камарынскі” і КСУП “Чамярыскі”, дзе яны ўручылі каштоўныя падарункі і пісьмы з падзякай.
Нягледзячы на цяжкасці, жніво для шматлікіх вяскоўцаў – любімая пара года. Удыхаеш водар маладога хлеба – душа радуецца. Дакранешся да тугіх каласоў збажыны і разумееш, што хлебаробская праца не дарэмная. Вось і сёлета нівы многіх гаспадарак радуюць ураджайнасцю, а людзі – працавітасцю і стараннасцю. Некалькі дзён – і прыйдуць на палі сеялкі, і працягнецца бясконцы колазварот жыцця, у якім хлеб – самы трывалы падмурак.
Галіна ШАЎЧЭНКА