У ліку лепшых механізатараў раёна адзначаны Мікалай Смальцар

Грамадства

Kasavica_002

Водар касавіцы, пах пакладзеных у валкі траў мы на поўныя грудзі ўдыхнулі ў ААТ “Імя Жукава”. Густыя зараснікі кустоўя за Сабалямі, нарэшце, расступіліся, і мы апынуліся на сенажаці. Убачыўшы сканцэнтраваную тут тэхніку, міжволі ўзгадалі савецкія часы, калі нарыхтоўка сена вялася з удзелам вялікай колькасці людзей і сельгасмашын. Прыгожая пара, апаэтызаваная беларускімі лірыкамі! Менавіта на гэтым участку працаваў Мікалай Смальцар, для якога старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан прывёз грамату і падарунак. У ліку лепшых механізатараў раёна ён адзначаны за плённую працу на пасяўной.

Kasavica_003

 

Kasavica_001

Адкрытае акцыянернае таварыства “Імя Жукава” па-ранейшаму займаецца вырошчваннем бульбы, якую спачатку пасадзіў, а потым і апрацаваў пасевы Мікалай Сямёнавіч. Зараз падварушвае травы, рыхтуе грамадскаму статку сытную зімоўку.

Акрамя Мікалая Смальцара, па ўзгадненні з кіраўніцтвам гаспадаркі і прафкамам лісты з падзякай за стараннасць і прафесіяналізм прадназначаліся таксама Сяргею Прыходзьку і Віталю Грамовічу. Першы з іх усю вясну выконваў пагрузачныя работы, а з пачаткам зялёнага жніва пераключыўся на трамбоўку зялёнай масы.

Корманарыхтоўчы канвеер не абыходзіцца без Віталя Грамовіча. З першых дзён пасяўной ён разам з Сяргеем Ігнаценкам дыскавалі глебу, цяпер косяць травы.

Дарэчы, убіралі іх як напрамую, так і з падбору. Адна за адной спяшаліся аўтамашыны да камбайна “Ягуар-870”, які эксплуатаваў Аляксей Лазовік. А па скошаным участку, не зважаючы на гул тэхнікі і людзей, павольна праходжваліся буслы. У іх – свае клопаты. Калі птушка і чалавек разам, гэта добры знак.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ