Кінутая на сухую траву запалка ці неасцярожнасць пры курэнні, перагрэтыя канструкцыі ацяпляльнай сістэмы ці зусім, здавалася б, бязвінны жарт з агнём – і полымя ўжо пагражае прыродзе, ахоплівае маёмасць, дом, падбіраецца да суседніх будынкаў… На папярэджанне падобных сумных эпізодаў накіраваны шэраг мерапрыемстваў, адным з якіх з’яўляецца штогадовы рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Выратавальнікі – вачыма дзяцей”. Папярэднічаюць яму раённы і абласны туры. Асноўная задача – павысіць цікавасць падрастаючага пакалення да осноў бяспечнай жыццядзейнасці. Юных жыхароў Брагіншчыны да гэтай справы сёлета далучалі мясцовыя аддзелы адукацыі і па надзвычайных сітуацыях.
Каб у чарговы раз здзівіць дарослых, дзецям спатрэбілася зусім нямнога: папера, фарбы, кавалкі тканіны і драўніны, пластылін, саломка, іншыя простыя падручныя сродкі. І, вядома ж, фантазія. Розныя па змесце, жанрах, тэхніцы выканання работы аб’яднала агульная ідэя: кожны з нас у адказе за бяспеку ўласную і тых, хто побач. Дзеці наглядна выразілі свае адносіны да негатыўных з’яў, навакольнага свету ў цэлым, закранулі надзённыя праблемы.
На суд журы было вынесена 75 работ у дзевяці намінацыях. Высокі ўзровень падрыхтоўкі прадэманстравалі калектывы Камарынскага і Брагінскага цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі, Камарынская, Брагінская, Малейкаўская, Вуглоўская, Буркоўская, Іялчанская сярэднія школы, гімназія г.п. Брагіна, Чамярыскі дзіцячы сад-сярэдняя школа і Асарэвіцкі дзіцячы сад-базавая школа. Усяго ўдзел у раённым конкурсе прынялі 16 устаноў адукацыі.
Кожная работа – не проста па-свойму цікавы, выразны і арыгінальны твор ці выраб. Гэта яшчэ і магчымасць задумацца, атрымаць новыя веды, зрабіць вывад, асэнсаваць. Але толькі ў самых лепшых – аўтараў-пераможцаў – з’яўляецца шанц атрымаць высокую адзнаку на абласным узроўні. Вось яны, лідары ў намінацыях:
“Малюнак”, “Плакат” – Павел Набок (Камарынскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі);
“Верш” – Юлія Лявоненка (Асарэвіцкі дзіцячы сад-базавая школа);
“Казка” – Анастасія Чарняўская (Брагінская сярэдняя школа), Елізавета Васільева (Брагінскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі);
“Апавяданне” – Вераніка Хрэмлі (Буркоўская сярэдняя школа);
“Выраб” – Аляксандр Шавыра (Камарынскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі);
“Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі” – Уладзімір Баброўнік, Кірыл Верашчагін, Мікіта Майсеенка (Камарынская сярэдняя школа);
“Статуэтка” – Яніна Шпетная (Камарынская сярэдняя школа);
“Талісман рэспубліканскага злёту юных выратавальнікаў-пажарных” – Уладзіслаў Андрэенка (Вуглоўская сярэдняя школа).
Поспехаў у абласным конкурсе!
Валянціна БЕЛЬЧАНКА