Няхай не пакідае натхненне

Грамадства

Праз феерверк фантазіі, творчасці, цікавых знаходак і ідэй імкнуцца паказаць нам работнікі культуры, наколькі разнастайны, цудоўны  і духоўна багаты навакольны свет. Патрэбна толькі глянуць на яго праз прызму прыгожага. Таму і працуюць з году ў год над тым, каб напоўніць нашу паўсядзённасць яркімі, насычанымі фарбамі, прымусіць захапляцца, здзіўляцца, радавацца, будуюць масты да чалавечых сэрцаў і памяці. Упэўнены: без гэтага згасне жыццё.


Па існуючай традыцыі вынікі сваёй дзейнасці ў пачатку лютага падводзілі супрацоўнікі клубных устаноў, раённага метадычнага цэнтра, гістарычнага музея з карціннай галерэяй, бібліятэкары, выкладчыкі школ мастацтваў. Як заўсёды, акцэнтоўвалі ўвагу не толькі на поспехах, але і на тых момантах, якія патрабуюць дапрацоўкі.  Творчасць таксама патрабуе аналізу, каб узважыць зрухі і недахопы, намеціць планы на бліжэйшае будучае, паставіць новыя задачы.


Начальнік раённага аддзела культуры Ліна Пятніцкая гаварыла аб тым, якія ўмовы створаны на Брагіншчыне для арганізацыі адпачынку мясцовых жыхароў, развіцця іх эстэтычнага густу і творчых здольнасцяў, захавання гісторыка-культурнай спадчыны. У сярэднім, дарэчы, кожны год для насельніцтва рыхтуецца 4200 мерапрыемстваў. На духоўнае ўзбагачэнне брагінчан працуе зараз больш як сто спецыялістаў. Раскрыць свой творчы патэнцыял і з карысцю правесці вольны час дазваляюць 170 аматарскіх аб’яднанняў, у якіх займаецца 1250 чалавек. Месцам дзейнасці калектываў з’яўляецца не толькі сцэна, але і адкрытыя пляцоўкі, палі, фермы, мехдвары. На сяле самадзейных артыстаў сустракаюць з асаблівай пашанай.
Як станоўчае было адзначана дасягненне галіной усіх мэтавых паказчыкаў: і па платных паслугах, і па энергазберажэнні, і па канцэртнай дзейнасці; перавыкананне сацыяльных стандартаў. З кожным годам менш вострай становіцца кадравая праблема: у 2011-м вярнуліся ў раён маладымі спецыялістамі чатыры ўраджэнцы Брагіншчыны, трое выпускнікоў дзіцячых школ мастацтваў паступілі ў каледж імя М. Сакалоўскага, 16 чалавек працягваюць вучобу ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах завочна.


Але ёсць на паверхні і праблемы, вырашэнне якіх не абмяжоўваецца адным энтузіязмам, стараннасцю ці ініцыятывай – многае ў значнай меры падпарадкоўвацца фінансам. Таму і адчуваецца недахоп музычных інструментаў, сцэнічных касцюмаў, тармозяцца рамонтныя работы. Каб, напрыклад, цалкам укамплектаваць установы сучасным абсталяваннем, патрэбен як мінімум мільярд, – пазнаёміла з  сітуацыяй Ліна Адамаўна. Пры абмежаваным бюджэце больш даводзіцца разлічваць на падтрымку спонсараў: палепшыць матэрыяльна-тэхнічнае становішча дапамагае супрацоўніцтва з сельгаспрадпрыемствамі, замежнымі партнёрамі. Калі мінулы год быў толькі стартавай пляцоўкай у будаўнічых работах гаспадарчым спосабам (выкананы на 17,6 мільёна), то сёлета на іх – галоўная стаўка (патрэбна асвоіць 119 мільёнаў). Для галіны гэта значная эканомія.


Па-ранейшаму застаюцца актуальнымі асветніцкая, інфармацыйная і выхаваўчая функцыі бібліятэк. Толькі за мінулы год іх паслугамі скарысталіся больш як 12 000 чалавек. Фонд складаюць як бумажныя, так і электронныя носьбіты. Бібліятэкар сёння ўжо з’яўляецца не проста захавальнікам і прапагандыстамі кнігі, а яшчэ і своеасаблівым компасам у акіяне інфармацыі, правадніком на патрыятычнай, экалагічнай, краязнаўчай і іншых сцяжынах. Аб’ектам яго павышанай увагі стала работа з інвалідамі, пенсіянерамі, ветэранамі вайны, праблемнымі сем’ямі. Жыхары, якія не маюць магчымасці наведваць бібліятэку, абслугоўваюцца на даму. На гэтых і іншых напрамках дзейнасці спынілася дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Карпенка. Яшчэ да большага ў павышэнні аўтарытэту чытання, садзейнічанні інтэлектуальнаму і духоўнаму росту грамадства абавязвае  Год кнігі.


Аб пашырэнні поля сустрэч з насельніцтвам і канцэртных выступленняў, якія асаблівым поспехам карыстаюцца ў вёсках, дзе адсутнічаюць установы культуры, расказала загадчыца аўтаклуба Ала Злыдзенка. Менавіта ім, жыхарам глыбінкі, зачастую так не хапае звычайнай чалавечай увагі, маральнай падтрымкі, цёплага слова. Вось і “зараджаюць” творчыя натуры вяскоўцаў пазітывам. З выступленнямі таксама накіроўваюцца ў іншыя раёны. Як пацвярджэнне росту выканаўчага майстэрства калектываў, што дзейнічаюць пры аўтаклубе,  – трэцяе месца ў рэгіянальным конкурсе “Не старэюць душой ветэраны” ў намінацыі “Танец” і шостае з 87 – у рэгіянальным конкурсе бытавых танцаў.


Так як пасяджэнне праходзіла ў Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэяй, у прысутных была магчымасць агледзець, што змянілася ў яго абліччы. А год для ўстановы, па словах галоўнага захавальніка фондаў Надзеі Мялешкі, сапраўды быў плённы. Ён прынёс калектыву перамогу ў рэспубліканскім конкурсе  відэафільмаў “Радзіма мая дарагая”: лідарам у намінацыі “Аднахвілінны фільм” прызнана творчая работа “Адданы сын сваёй зямлі” пра  Сяргея Палуяна. Сабраны таксама багаты матэрыял у час экспедыцый у выселеныя вёскі, які пакладзены ў аснову фільма  “25 лет безмолвия” і фотавыставы “Не исчезай, моё село”. Гэта дазваляе ўявіць сучаснікам, як выглядаюць сёння апусцелыя з-за чарнобыльскай катастрофы населеныя пункты раёна.


У выніку даследчай дзейнасці, праведзенай сумесна з раённым метадычным цэнтрам, з’явілася кінастужка, прысвечаная духоўнай спадчыне Брагіншчыны, – адноўлены абрад хрэсьбінаў, што ладзіўся ў Бярозках. Сёлета плануецца акцэнтаваць увагу на тым, як сустракалі ў нас раней Юр’е, Купалле, святкавалі вяселле.


За мінулы год калектыў музея арганізаваў 30 новых выстаў, у тым ліку і выязных. Перад ім зараз пастаўлена задача большую ўвагу   ўдзяліць   папаўненню  і дапрацоўцы экспазіцыі залы баявой славы.


З пачуццём гонару аб поспехах выхаванак Камарынскай дзіцячай школы Яніны Грышаненкі і Вольгі Петрусевіч, якія сталі ўдзельніцамі рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, гаварыў дырэктар гэтай установы Юрый Піляк. Праявіць сябе вучні таксама плануюць у рэгіянальным фестывалі  “Русский портрет в белорусском интерьере”, прысвечаным Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, міжнародным конкурсе “Залатая пчолка”. Але, на жаль, дагэтуль ні Камарынская, ні Брагінская ДШМ не маюць калектываў з найменнем “узорны”.


Распрацоўка ўстановамі культуры мерапрыемстваў на бліжэйшае будучае ажыццяўляецца з улікам важных падзей і дат. Чырвонай ніткай сёлета ў планаванні праходзяць Год кнігі, парламенцкія выбары, юбілеі  Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка, 865-годдзе Брагіна.


Удзел у пасяджэнні прыняла намеснік начальніка упраўлення культуры аблвыканкама Наталля Дзегялевіч, якая звярнула ўвагу калег на тоеснасць паняццяў культура і прыгажосць. Каб пераўтварыць сваю ўстанову і навакольную тэрыторыю ў прывабны куточак парадку і красы, патрэбны яшчэ, акрамя грашовых сродкаў, і вялікае жаданне, стараннасць і працалюбства. Добрая магчымасць зарэкамендаваць сябе ў гэтым напрамку –абласны конкурс на лепшы санітарны стан аб’ектаў культуры.
Якой магутнай сілай уздзеяння валодаюць слова, музыка, песня, добры танец, падкрэсліла ў размове з прысутнымі намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва. “А гэта – вашы прылады працы. Карыстайцеся імі з розумам, ідзіце ў масы, стварайце для людзей атмасферу, у якой хацелася б жыць і працаваць”.


Вынікі падвялі. Лепшыя работнікі за сваю стараннасць і дасягнутыя поспехі атрымалі ад аддзела культуры і прафсаюзнага камітэта граматы, грашовыя прэміі і падарункі. Час зноў брацца за працу.


Канцэрты, фестывалі, конкурсы, сустрэчы, выставы… Няхай не пакідае натхненне.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА