Санаторны яслі-сад г.п. Брагіна прыняў актыўны ўдзел у конкурсе для дашкольнікаў “Я – даследчык”

Грамадства

00000

Па словах загадчыцы ўстановы адукацыі Людмілы Гурын, выхаванцы і прадставілі творчыя праекты ў намінацыях “Дзіця і прырода” па тэме “Незвычайныя ператварэнні вады” і “Незвычайнае ў звычайным” па тэме “Для чаго патрэбны хвасты?” Андрэй Надтачэй, Вадзім Шульга, Паліна Анісімава падчас даследаванняў гарталі кнігі і часопісы, вучыліся супастаўляць і аналізаваць, праводзілі эксперыменты і назіралі, рабілі высновы. У іх з’явілася цікавасць да новых ведаў.

00001

З дапамогай сабранага матэрыялу былі зроблены дыдактычныя гульні: Вадзічка-чараўнічка”, “Прыгоды кропелькі”, складзены экалагічныя казкі “Падарожжа па рэках і азёрах Беларусі” і “Прыгожы хвост”.

А Ірына Корхава, Уладзіслаў Гаршкоў у гэтым навучальным годзе даследчым шляхам спрабавалі даведацца пра асаблівасці масла, уласцівасці лёду і даказвалі, што цыбуля – паратунак ад сямі хвароб.

На прысадаўскім участку пракладзена эколага-аздараўленчая сцежка, дзе педагогі праводзяць фізкультхвілінкі і рухомыя гульні, дэманструюць эксперыменты, разам з выхаванцамі назіраюць за ўсім, што адбываецца ў прыродзе ў розныя поры года. І зіма – не выключэнне. А каб холад прынёс карысць і не перашкодзіў дзецям атрымаць задавальненне ад прагулкі, стараюцца захапіць іх цікавай справай. Нядаўна ўсе разам будавалі снежны гарадок, не забываючы пры гэтым пра эстэтычнае афармленне зімовых участкаў, стварэнне камфортных умоў для развіцця рухальнай актыўнасці, працоўнай і гульнявой дзейнасці.

00002000070000800009

Педагогі Наталля Козел, Наталля Карпенка, Таццяна Леўчанка са сваімі падапечнымі некалькі дзён працавалі над стварэннем снежных фігур, ляпілі і афарбоўвалі лёд. Ужо і не верыцца, што ўсё гэтае хараство створана са снегу!

Прыродаахоўныя акцыі сталі ў яслях-садзе традыцыйнымі. Адна з іх – “Дапамагчы перажыць зіму”. Калі надыходзяць халады, кожная садаўская група вывешвае кармушкі. Іх можна лёгка зняць, і выхаванцы самі насыпаюць для птушак зярняткі, кладуць хлебныя крошкі.

00003000040000500006

Ажыццяўляецца ў садку яшчэ адна акцыя – “Выратуем лес” – па зборы макулатуры. Дзеці папярэджваюць бацькоў загадзя, што трэба нарыхтоўваць другасную сыравіну, што паперу нельга выкідваць на сметнік, яе лепш здаць.

Выхаванцы здзіўляюць захопленасцю, дзелавітасцю, цікаўнасцю, адкрытасцю і непасрэднасцю, уменнем бачыць незвычайнае ў звычайным. Шляхоў развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу ў дзяцей шмат, але адным з самых эфектыўных з’яўляецца ўласная даследчая практыка.