Рэчы з лазы, створаныя рукамі Аляксандра Вініцкага, прывабліваюць самабытнасцю і нацыянальным каларытам

Грамадства

10000_1000_5386

Брагіншчына – край, дзе майстэрства, прыродны дар і здольнасці людзей не маюць межаў.

Упэўніцца ў гэтым дапамагаюць і работы Аляксандра Вініцкага з райцэнтра, талент якога, відаць, быў прыхаваны да пары да часу. Цікавасць да пляцення з саломкі і лазы ўзнікла, калі разам з жонкай пабываў у Холмечы ў гасцях: дачка Таццянінай сяброўкі, Юлія, на той момант якраз працавала ў мясцовым цэнтры рамёстваў. Таму і выпала магчымасць не толькі ўбачыць цудоўныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і паназіраць за працэсам іх стварэння. А чаму б і самому не паспрабаваць?

10000_1000_5386_3

Пачаў, як і належыць, з падрыхтоўкі матэрыялу. Для гэтага патрэбна было ў ліпені сабраць у снапы жытнюю салому, потым – пачысціць яе, надаць сцяблінкам прыгожы колер, адпрасаваць. І вось ужо яно, сапраўднае чарадзейства: з-пад рук Аляксандра Уладзіміравіча выйшла першая работа. Дэкаратыўнае пано са сланечнікамі атрымала паэтычную назву “Напевы зямлі маёй”. А за ім ствараліся і новыя, з іншымі кветкамі, узорамі, вобразамі ды выявамі. Атрымліваліся прыгожыя вазы, падстаўкі пад прысмакі, чарот, капелюшы… І, вядома ж, самыя загадкавыя вырабы – падвясныя “павукі”, якія лічыліся ў нашых продкаў магічнымі ахоўнікамі жыхароў дома. Лічылася, што там, дзе яны лунаюць-кружацца, будуць панаваць лад, дабрабыт і згода.

10000_1000_5386_210000_1000_5386_4

Такой жа самабытнасцю, нацыянальным каларытам прывабліваюць і створаныя рукамі майстра кошыкі, іншыя рэчы з лазы. Не дзіўна, што многія з работ народнага ўмельца нярэдка красуюцца на выставах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, “выязджаюць” за межы не толькі раёна, але і краіны, як сувеніры і падарункі. Чым вам не арыгінальнае прывітанне з Беларусі!

000000_5306

Галоўнае ў гэтай справе, як лічыць сам аўтар рукатворных шэдэўраў, – зацікаўленасць, уседлівасць, акуратнасць і цярпенне. А калі яшчэ дадаецца фантазія, асаблівы настрой, няспынны пошук у галіне формаў і дэкору, то творы пачынаюць набываць сваю непаўторнасць і адметнасць.

Сваімі сакрэтамі пляцення з лазы і саломкі Аляксандр Уладзіміравіч паспеў падзяліцца і з падрастаючым пакаленнем, пакуль працаваў у Вуглоўскім цэнтры культуры і вольнага часу, а потым – у Сялецкім сельскім клубе культарганізатарам. Такую ж любоў да творчасці прывіў і сваёй дачцэ Карыне, якая захапілася рамяством яшчэ ў школьныя гады. З цікаўнасцю яна сачыла, як з немудрагелістага прыроднага матэрыялу ствараюцца сапраўдныя творы мастацтва, а потым тэхніку пляцення асвоіла і сама. Не дзіўна, што сумненняў у выбары далейшага шляху ў дзяўчыны не ўзнікла: пасля школы паступіла ў Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж народных мастацкіх промыслаў – стала вытворцам мастацкіх вырабаў з лазы. У мінулым годзе яна прыступіла да працы ў якасці культарганізатара ў Малейках. А літаральна на днях, з першага верасня, Карыне ўжо даверылі ўзначаліць Вуглоўскі цэнтр культуры і вольнага часу, дзе яшчэ некалькі гадоў таму з ахвотай наведвала гурток “Мазаіка”, якім кіраваў бацька. Значыць, народныя рамёствы і промыслы, дзякуючы сямейнаму захапленню, імкненню шанаваць духоўныя набыткі, будуць жыць. Тым больш калі душа прагне творчасці, цягнецца да прыгожага, узвышанага.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА