БУЛЬБУ, КАПУСТУ, МОРКВУ…

Грамадства

Прынеслі гаспадары дамоў з кірмаша, які разрагнуўся на цэнтральнай плошчы  брагіна ў суботу.


Прадукцыю палёў прадавалі гаспадаркі раёна. Да іх далучыліся райспажыўтаварыства, якое акрамя гародніны і садавіны прапанавала мяса, і ААТ “Наша Меленка” – мучныя вырабы, крупы, камбікармы для хатняй жывёлы.


Бульбу ў той дзень  можна было набыць ад 1300 рублёў за адзін кілаграм, моркву – па 2150 рублёў.  КСУП “Брагінка” прадавала дробную цыбулю па 1500 рублёў, буйную – па 3000, а  ў райспажыўтаварыства яна была ўжо па 4620 рублёў. Ішлі ў ход  памідоры з балгарскімі перцамі і баклажанамі, прапанаваныя фермерам з Малажына. Раскупілі і ўсіх парасят, якія прывезла КСУП “Малажынскі” па 19 800 рублёў за кілаграм. Многія набывалі зерневыя: пшаніцу, ячмень і авёс.


Сваю прадукцыю рэалізоўваў і ААТ “Брагінскі КБА”.


З упэўненасцю можна сказаць, што кірмаш прайшоў паспяхова, задаволіўшы інтэрасы не толькі пакупнікоў і прадаўцоў, але і тых, хто прыйшоў на плошчу адпачыць.  Жадаючыя куплялі духмяны шашлык, прапанаваны райспажыўтаварыствам і слухалі спевы ў выкананні ўдзельнікаў эстраднай студыі, заснаванай пры раённым Доме культуры. Тут жа разгарнулася і выстава вырабаў народных умельцаў.