Кожная літара на сваім месцы. І кожнае слова мае не толькі сэнс, але і сілу. Канстытуцыя – галоўная кніга краіны.
Якой яна павінна быць? Што ў першую чаргу патрэбна там замацаваць? Якія і чаму неабходны змяненні, дапаўненні, навацыі?.. Адказы, мне здаецца, можна параўнаць з выслоўем: колькі лю-дзей – столькі меркаванняў. Таму не пазайздросціш тым распрацоўшчыкам, што карпяць над канстытуцыйнымі нормамі – улічыць важна ўсе довады і зрабіць Асноўны Закон бездакорным. Так, няпроста. Але без надзейнага фундамента, на якім павінен трывала стаяць наш агульны дом, не абысціся. І яго будаўнік – народ. Пацвярджэнне таму – чатыры рэферэндумы, праз якія прайшоў галоўны дакумент краіны.
Крызіс улады
Першую ў гісторыі суверэннай Беларусі Канстытуцыю зацвердзілі 15 сакавіка 1994 года на сесіі Вярхоўнага Савета. Яна ўстанавіла прынцыпы дэмакратычнага ладу, прыярытэт правоў і свабод чалавека, вяршэнства міжнароднага права. У сістэме вышэйшых органаў дзяржаўнай улады з’явілася пасада Прэзідэнта. Гэты дакумент заклаў трывалы прававы падмурак незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларусаў быць паўнапраўнымі гаспадарамі на роднай зямлі.
Прымаўся ён, безумоўна, у складаны для краіны час. Калі ў выніку развала Савецкага Саюза разбурыўся агульны народнагаспадарчы комплекс, разарваліся надзейныя вытворчыя і гандлёвыя сувязі, а прамысловасць у літаральным сэнсе спынілася. Людзі страцілі магчымасць дастойна жыць. Многія палітычныя і эканамічныя інстытуты патрэбна было ствараць з нуля. Без дастатковага вопыту, можна сказаць, на хаду. Будучая мадэль дзяржавы толькі выкрышталізоўвалася. І хаця ў краіне ўводзіўся інстытут прэзідэнцтва, шырокія паўнамоцтвы захоўваліся за Вярхоўным Саветам, а Прэзідэнту іх не хапала, каб ажыццяўляць сваю выбарчую праграму і вырашаць надзённыя праблемы. Народ жа не верыў парламентарыям, далёкім ад яго патрэб і спадзяванняў. Як вынік – у краіне назіраўся крызіс улады. З гэтым трэба было нешта рабіць.
14 мая 1995 года, падчас ініцыіраванага кіраўніком дзяржавы рэферэндуму, у грамадзян спыталі (па сутнасці, упершыню пасля растаптанага галасавання за захаванне СССР): як быць далей? У якой краіне яны хочуць жыць і працаваць? На суд народа вынеслі канкрэтныя, жыццёва важныя ініцыятывы. І людзі іх падтрымалі. У тым ліку магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі.
Прэзідэнцкая рэспубліка
На жаль, напружанасць у грамадстве пасля гэтага не зменшылася. Палітычнае супрацьстаянне, у якое былі ўцягнуты партыі і грамадскія арганізацыі, негатыўна адбівалася на ўсіх галінах жыццядзейнасці. Яно дасягнула апагею ў 1996-м: канфлікт настолькі абвастрыўся, што патрэбна было шукаць выйсце з тупіка – ні мастацтва кампрамісу, ні прапісанага механізму цывілізаванага вырашэння спрэчак тады яшчэ не назіралася.
Рашэнне Аляксандра Лукашэнкі – правесці рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, асноўны сэнс якіх зводзіўся да таго, каб ператварыць рэспубліку з парламенцка-прэзідэнцкай у прэзідэнцкую. Дату назначыў Вярхоўны Савет: 24 лістапада. І пры гэтым дэпутаты вынеслі на народнае абмеркаванне альтэрнатыўны праект: прадугледжвалася пост Прэзідэнта ліквідаваць, а рэспубліку зрабіць парламенцкай. Народ такую авантуру не падтрымаў – выбраў курс Прэзідэнта.
Да слова, за паўтара месяца да плебісцыту – 9 кастрычніка 1996 года – Аляксандр Лукашэнка так растлумачыў сутнасць сваіх прапаноў: спробы наладзіць канструктыўнае супрацоўніцтва з Вярхоўным Саветам застаюцца беспаспяховымі. Толькі ў выніку канстытуцыйнай рэформы з’явіцца магчымасць нарэшце адысці ад бясконцых бессэнсоўных палітычных баталій наверсе і засяродзіцца на праблемах, якія больш за ўсё хвалююць людзей. Менавіта ў моцнай уладзе Прэзідэнт бачыў выратаванне для беларускай дзяржавы і эканомікі.
Важны момант. Да таго як вынесці пытанні канфлікту двух бакоў улады на рэферэндум, у Беларусі прайшло яшчэ адно знакавае мерапрыемства – першы Усебеларускі народны сход. Так па сутнасці быў пакладзены пачатак новаму палітычнаму інстытуту. Кіраўнік дзяржавы вырашыў абмеркаваць з народам стратэгію і тактыку развіцця краіны. А вынікам стала прыняцце першай у гісторыі суверэннай Беларусі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. Народнае веча прыйшло да высновы, што краіне патрэбна больш працаваць на экспарт, будаваць жыллё і развіваць аграпрамысловы комплекс. Абгрунтавана, празорліва і справядліва.
Па выніках праведзенага рэферэндуму Канстытуцыю прынялі ў новай рэдакцыі. У прыватнасці, былі пераразмеркаваны паўнамоцтвы паміж Прэзідэнтам, парламентам і ўрадам, пашыраны некаторыя правы і свабоды.
Далей – разам
Чарговыя змяненні, унесеныя ў Асноўны Закон, таксама прадыктаваны часам. Узяты курс на пабудову моцнай прававой сацыяльнай дзяржавы не толькі апраўдаў сябе і прывёў да канкрэтных вынікаў, але і патрабаваў лагічнага прадаўжэння. Прэзідэнт ніколі не разыгрываў нейкія схемы і камбінацыі, а дзейнічаў адкрыта і чэсна. Таму прама спытаў у народа, ці давярае ён яму прайсці далейшы шлях разам. І ў выніку галасавання, што адбылося на рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 года, былі зняты абмежаванні на колькасць выбранняў аднаго чалавека на вышэйшы пост у краіне.
Зыходзіць тут патрэбна, калі ўдумацца, з двух аспектаў. Па-першае, Беларусь знаходзілася на важным этапе свайго развіцця. Яшчэ не сфарміраваліся канчаткова палітычная сістэма і эканамічная мадэль, мадэль грамадства – 10 гадоў у гістарычным маштабе вельмі мала. І будзем гаварыць прама: многія працэсы залежалі наўпрост ад прысутнасці на палітычнай арэне асобы Аляксандра Лукашэнкі, яго смеласці адстойваць інтарэсы свайго народа, нягледзячы ні на якія выклікі і знешнія пагрозы. Па-другое, у тых самых «развітых дэмакратыях», што нам пастаянна ставяць у прыклад, змена лідара дзяржавы не вядзе да глабальнай змены палітычнага курсу, традыцый і канцэпцыі развіцця. А Беларусі на тым этапе гэта пагражала. Згадзіцеся, прайсці дзесяцігадовы шлях ад хаоса да стабільнасці і развіцця, каб зноў апынуцца ў бездані перамен, – так сабе задавальненне.
З беларускім менталітэтам
Нарэшце, самыя маштабныя карэкціроўкі ў Асноўны Закон былі ўнесены па выніках рэферэндуму 27 лютага 2022 года. На грамадскае абмеркаванне па ініцыятыве Прэзідэнта тады вынеслі абноўлены варыянт Канстытуцыі, дзе прапаноўвалася змяніць 83 артыкулы, дапоўніць тэкст адной главой аб Усебеларускім народным сходзе і 11 новымі артыкуламі. «За» выказаліся 82,86 працэнта грама-дзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Змяненні, без сумненняў, сугучны з беларускім менталітэтам.
З аднаго боку, захаваны нашы галоўныя прынцыпы – міралюбнасці, сацыяльнай справядлівасці, павагі да дасягненняў мінулага, пераемнасці нацыянальных каштоўнасцей. З другога, закладзена надзейная аснова для ўмацавання народнага адзінства, стабільнасці ў краіне. Суверэнітэт, гістарычная памяць, традыцыйная сям’я, праца на агульную карысць – тое, што значна для беларусаў.
Мы зрабілі вывады са жнівеньскіх падзей 2020-га, але не выключана, што нехта зноў паспрабуе расшатаць дзяржаву. Таму запусцілі фарміраванне новага палітычнага ладшафту: больш магчымасцей для партыйнага будаўніцтва, прыданне статусу вышэйшага прадстаўнічага органа Усебеларускаму народнаму сходу, пашырэнне яго паўнамоцтваў. Зменены крытэрыі, якім павінен адпавядаць прэтэндэнт на вышэйшы пост у краіне, і падыходы да фарміравання партый. Пад забаронай – фінансаванне выбараў з-за мяжы.
Акцэнты расставілі ў тым ліку сучасныя геапалітычныя працэсы. «Мы, беларусы – мірныя людзі…» – гэта ў гімне. І ў новай Канстытуцыі. Так дакладна абазначана наша пазіцыя: краіна, якая беражэ і цэніць мір, ніколі не будзе крыніцай вайны. Яна выключае ваенную агрэсію ў дачыненні да іншых дзяржаў. Як і раней, адкрыта для канструктыўнага дыялогу з усімі. Тлумачэнне – зразумелае: мы добра засвоілі ўрокі мінулага.
Само існаванне беларускага народа непарыўна звязана з разгромам нямецка-фашысцкіх захопнікаў і нашай Вялікай Перамогай. Таму для нас важна не паддаць забыццю тыя трагічныя вогненные падзеі, гераізм продкаў, не дапусціць спроб перапісаць праўду аб вайне, як гэта назіраецца ў нашых суседзяў. Праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычная памяці – абавязак кожнага. Так замацавана ў Асноўным Законе.
З грамадскага – норма інстытута шлюбу толькі як саюза мужчыны і жанчыны. Таксама неабходнасць. У свеце, дзе бяруць курс на пераўтварэнне грамадства ў гендарна разнастайны соцыум, прапагандуюць талерантнасць да аднаполых саюзаў, нельга дазволіць, каб у свядомасць беларусаў (асабліва маладых) пранікала думка аб праве на жыццё без маральных асноў. Негатывы, на жаль, вызначаюцца вялікай «прабіўной» здольнасцю, хутка пашыраюць і паглыбляюць сферу свайго згубнага ўздзеяння. Тым больш у век інфармацыйных тэхналогій. Сямейныя каштоўнасці – тое, што патрэбна абараняць.
Адказнасць – узаемная
Наша Канстытуцыя гарантуе свабоды і правы, неабходныя для дастойнага жыцця, гарманічнага развіцця асобы, стваральнай працы на карысць Айчыны. У прыярытэце – абарона інтарэсаў грамадзян. Доступ да адукацыі, медыцынскай дапамогі, сацыяльнай абароны, спрыяльныя ўмовы для занятасці насельніцтва, выхавання дзяцей, клопат пра ветэранаў вайны і працы, інвалідаў, пажылых… У краіне захавалі і выкарыстоўваюць лепшыя мадэлі падтрымкі людзей, якія існавалі ў Савецкім Саюзе. І ў той жа час кожны грамадзянін абавязаны несці сацыяльную адказнасць перад грамадствам і дзяржавай, уносіць асабісты ўклад у развіццё Беларусі.
«Ва ўмовах напружанага міжнароднага становішча, пагроз нашаму традыцыйнаму ўкладу жыцця мы зрабілі сур’ёзны крок на шляху ўмацавання суверэнітэту краіны. Зрабілі яго, абапіраючыся на ўласны вопыт канстытуцыйнага рэфармавання, беручы пад абарону спрадвечныя каштоўнасці, назапашаныя за шматвяковую гісторыю беларускага народа. Народа, які ў пераломныя моманты заўсёды рабіў выбар на карысць міру, стварэння і ўмацавання асноў нашай дзяржаўнасці», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі падпісання рашэння рэспубліканскага рэферэндуму 2022 года.
Дзевяць раздзелаў, столькі ж глаў і 156 артыкулаў. Прынялі, «зыходзячы з адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі» – гэтым усё сказана.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.