Спадчына, якая натхняе пакаленні. На мінулым тыдні споўнілася 104 гады з дня нараджэння Івана Мележа

Галоўнае Грамадства Літаратурная гасцёўня

На мінулым тыдні споўнілася 104 гады з дня нараджэння Івана Мележа, народнага пісьменніка Беларусі, чыя творчасць назаўжды ўпісана ў гісторыю беларускай і сусветнай літаратуры.

Нарадзіўся Мележ 8 лютага 1921 года ў маленькай палескай вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна, прайшоў складаны і цярністы шлях да літаратурнага Алімпу. Ён увайшоў у гісторыю не проста як пісьменнік, а як летапісец душы беларускага народа, як чалавек, які здолеў паказаць жыццё палешукоў як ніхто дагэтуль.

Сам Мележ прызнаваўся, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны яго натхнялі творы Льва Талстога і Міхаіла Шолахава. Стварыўшы сваю «Палескую хроніку», ён сам стаў у адзін шэраг з гэтымі класікамі, а таксама з Фадзеевым, Граніным, Астаф’евым.

«Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі» прысвяціў класік свой знакаміты твор, які заваёўвае чытачоў каларытнай мовай і глыбокім веданнем сялянскага жыцця. Гэта не проста апісанне побыту, гэта пранікненне ў самую сутнасць палескага характару, у яго мудрасць, стойкасць і невычэрпную любоў да роднай зямлі.

Шлях да прызнання быў няпросты. Атрымаўшы выдатны атэстат, Мележ марыў вучыцца ў Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры, але ж не паступіў. Вярнуўшыся на радзіму, працаваў у райкаме камсамола, і, як сам гаварыў, гэты год даў яму значна больш, чым любая вучоба ў інстытуце.

Нягледзячы на няўдачы, Мележ не адступаў ад сваёй мары. Ён пачынаў з вершаў, і ўжо першая публікацыя ў «Чырвонай змене» стала для яго важным крокам наперад. Другая спроба паступіць у інстытут была ўдалай, але вучобу прыпыніла вайна.

Яна стала суровым выпрабаваннем для маладога пісьменніка. У сваёй аўтабіяграфіі ён успамінаў: «Хоць нас загадзя папярэджвалі, што вайна непазбежная, хоць мы і самі ў думках рыхтавалі сябе да яе, яна стала ўсё ж нечаканай, незвычайнай, непараўнальна ні з чым страшнай бядой…». Іван Мележ прайшоў праз цяжкія баі, адступленні, акружэнні, бачыў смерць і разбурэнні.

Цяжкае раненне, атрыманае на фронце, ледзь не каштавала яму рукі. Цудам, дзякуючы растоўскаму хірургу Антонаву, яе ўдалося захаваць. Менавіта ў шпіталі, левай рукой, Мележ пачаў пісаць свае першыя апавяданні.

Пасля вайны ён з галавой акунуўся ў літаратурную дзейнасць, і талент Мележа быў хутка заўважаны і ацэнены. Ён стаў народным пісьменнікам Беларусі, лаўрэатам мноства прэмій, у тым ліку Ленінскай і дзяржаўнай.

Мележ не толькі пісаў кнігі, але і актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Ён быў старшынёй Беларускага аддзялення таварыства «СССР–Францыя», старшынёй Беларускага аддзялення Камітэта абароны міру, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Сучаснікі запомнілі літаратара як сціплага, шчырага і добразычлівага чалавека. Яго любілі і паважалі на роднай зямлі.

Успамінаючы пра ўплыў творчасці Івана Мележа, пісьменнік Барыс Сачанка расказваў: «… зусім добра памятаю, як пайшоў неяк з бацькам на базар у Хойнікі і можа з гадзіну таптаўся ля кніжнага кіёска, за шклом якога стаяла кніга земляка-пісьменніка. Калі ж кіёск, нарэшце, адкрыўся і я завалодаў той кнігай – гэта быў «Мінскі напрамак», тут жа разгарнуў, пачаў чытаць… а я стаяў, зачараваны першымі радкамі той кнігі. Уразіла, да глыбіні душы кранула, кромсанула па сэрцы тое, пра што пісаў Мележ».

Сваёй творчасцю ён праславіў беларускі народ на ўвесь свет. Яго творы і сёння застаюцца актуальнымі, працягваючы натхняць новыя пакаленні чытачоў і пісьменнікаў. Памяць пра яго жыве ў кнігах, у сэрцах землякоў і ў гісторыі беларускай літаратуры.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.