ЖЫВЫЯ ТРАДЫЦЫІ РАМЁСТВАЎ

Грамадства

Захаванне  культурнай спадчыны – асноўны  накірунак працы раённага  метадычнага цэнтра народнай  творчасці і культурна-асветніцкай  працы, які аб’ядноўвае  клубныя  ўстановы Брагіншчыны. Супрацоўнікі цэнтра  праводзяць работу па адраджэнні традыцый  нашага краю, таго, што было згублена з цягам часу ці з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС.


Вялікая  ўвага тут надаецца павышэнню прафесійнага майстэрства і паляпшэнню якасці ведаў супрацоўнікаў клубаў. Так, два разы ў месяц працуе школа кіраўніка, дзе дырэктары культурных устаноў атрымліваюць  розныя навыкі.  Напрыклад, у мінулую пятніцу прайшлі заняткі па саломапляценні. Праводзіла іх выпускніца Гомельскага каледжа народна-мастацкага промыслу, а сёння – метадыст па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве цэнтра Аліна Пугач.


Дарэчы, вырабы  з  саломкі незвычайна прывабныя і цудоўна ўпісваюцца ў інтэр’ер сучасных памяшканняў. Такія сувеніры будуць прыемным падарункам  да любога свята. Далучыцца да старадаўняга беларускага рамяства  і паспрабаваць стварыць маленькія шэдэўры сваімі рукамі ў хуткім часе змогуць усе  жадаючыя, наведаўшы ўстановы культуры.


Як  паведаміў  дырэктар метадычнага цэнтра народнай  творчасці  і культурна-асветніцкай  працы Сяргей Даўгулявец,  акрамя гурткоў,  у  раёне дзейнічаюць аматарскія аб’яднанні  і  клубы  па  інтарэсах.  Жыхары вёсак збіраюцца разам, каб падзяліцца вопытам і творчымі ідэямі: як правільна  збіраць лекавыя травы ці гатаваць нацыянальныя стравы, раскрываюць сакрэты  рукадзелля і інш. З дапамогай вясковых умельцаў плануецца таксама  адрадзіць многія амаль забытыя народныя рамёствы, сярод якіх – лазапляценне і ганчарная  справа.


Прыемна, што да заняткаў продкаў праяўляе цікавасць моладзь. У гуртках юным майстрам не проста прывіваюцца навыкі  творчай працы з прымяненнем разнастайных матэрыялаў. Дзеці асэнсавана падыходзяць да справы, разумеючы, што мала ганарыцца мастацтвам свайго народа ў мінулым, трэба быць яшчэ і годнымі пераемнікамі яго лепшых традыцый.