Землі, якія пасля аварыі на ЧАЭС не засяваліся чвэрць веку, паступова ўводзяць у севазварот. Больш падрабязна аб гэтым мы папрасілі расказаць галоўнага спецыяліста па радыялогіі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзіміра Белага.
– Уладзімір Васільевіч, раней на забруджанай тэрыторыі забаранялася гаспадарчая дзейнасць. Араць, сеяць, рыхтаваць кармы нельга было. Сёння там каласіцца збажына, даспявае кукуруза. Як гэта можна патлумачыць?
– Сапраўды, палявыя работы вядуцца згодна з дагаворам ад 31 сакавіка 2011 года паміж камітэтам па сельскай гаспадарцы аблвыканкама, РНДУП “Інстытут радыялогіі” і дзвюма гаспадаркамі нашага раёна: КСУП імя Жукава і “Брагінскі”. Сутнасць яго – апрабацыя і ўкараненне сістэмы мерапрыемстваў па рэкультывацыі тэхнагенна забруджаных высокапрадуктыўных аграландшафтаў для выкарыстання наступнымі пакаленнямі.
– Якім гаспадаркам належалі гэтыя землі да аварыі на ЧАЭС?
– Калгасам Імя Калініна, “Запаветы Леніна” і саўгасу “Астрагляды”. Іх бальнасць – ад 20 да 40, а не апрацоўваліся яны 25 гадоў. Каб вярнуць да жыцця, давялося прыцягнуць энерганасычаныя трактары меліяратараў з усёй вобласці (11 арганізацый) і цяжкія дыскі. Людзі працавалі сумленна, захоўваючы меры бяспекі. Красавік выдаўся цёплы, сухі, пасля праходу трактароў узнімалася воблака пылу. І ўсё ж плошчы былі падрыхтаваны да сяўбы ў тэрмін.
– Якія культуры размясцілі на гэтых участках?
– КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” пасеяў 355 гектараў кукурузы і 125 – ячменю, КСУП імя Жукава гэтай культуры адвёў 245 гектараў, а на астатняй плошчы (52 гектары) пасеяў зерневыя з падсевам траў. Каралеву палёў будуць убіраць на сілас, і зробяць гэта пасля заключэння супрацоўнікаў рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут радыялогіі”. Яно ж давала ўсе неабходныя рэкамендацыі, навуковыя абгрунтаванні, якія культуры вырошчваць, якой тэхналогіі прытрымлівацца. У агульнай колькасці будзе вернута ў севазварот 2940 гектараў урадлівых земляў. Дарэчы, яны будуць пераведзены з разраду радыяцыйна небяспечных у землі абмежаванага сельгаскарыстання.
Гаспадаркі ў далейшым будуць праводзіць работы ўласнымі сіламі. Затое КСУП імя Жукава атрымае дадаткова 1555 гектараў, “Брагінскі” – 1385.
– З якімі праблемамі сутыкнуліся сельгасвытворцы?
– Асноўная – набегі дзікай жывёлы. Землі, якія доўгі час пуставалі, далі добры ўраджай. Кукуруза дасягае ў вышыню больш двух метраў. Яе вартасці адразу ж “ацанілі” дзікія свінні. Усе праблемы вырашацца з цягам часу, а ён пакажа, як гаспадарыць, каб і прадукцыю атрымаць, і не нашкодзіць здароўю людзей.
Гутарыла Ніна СІНІЛАВА