…І ЦЕПЛЫНЯ ДАЛОНЯЎ

Грамадства

Гэта цяпер і мэбля, і дываны, і карціны – усё, што знаходзіцца ў кватэры ці доме, пераважна з магазіна. Раней стваралі рэчы, што  служылі для гаспадарчых патрэб і ўпрыгожвалі  побыт, уласнымі рукамі. Колькі ў кожную ўкладвалі фантазіі, творчасці, карпатлівай працы – дагэтуль здольна зачароўваць і захапляць народнае майстэрства. Ніякай спецыяльнай адукацыі, прафесійных ведаў, а якое хараство! Відаць, таму, што рэчы гэтыя жывыя: захоўваюць настрой, цеплыню далоняў, скарбы душы  таленавітых людзей-самавукаў.  І не заўважыць вынікаў іх працы проста немагчыма.


Вось і ў доме Марыі Пятроўны Жоравай з Кірава позірк міжволі  прыпыняецца  на аздобленых творчымі работамі сценах. Гэта не набытыя ў краме ці на рынку, а народжаныя ўласнымі рукамі з дапамогай тканіны, іголкі і нітак карціны. Некалі Марыя Пятроўна была ў вёсцы адной з  адмысловых вышывальшчыц крыжыкам. І карункі для ручнікоў, прасцін, якія вязала кручком, таксама атрымліваліся зайздросныя.  Навучыла гэтаму майстэрству маці.


Такім рамяством, як прыгадвае сённяшняя 79-гадовая жанчына, імкнулася авалодаць амаль кожная дзяўчына. Творчыя сакрэты і таямніцы перадаваліся ад пакалення да пакалення. А колькі на рахунку ўсыпаных рознакаляровымі кветкамі вырабаў ды набыўшых абрысы ўзораў і малюнкаў, майстрыха ўжо і не ўспомніць. Многія работы падаравала родным і блізкім.


Гэта ў маладосці рукі не ведалі стомы: працавала на цагельным заводзе, у калгасе, трымала вялікую ўласную гаспадарку. Сілы хапала на ўсё. Зараз жа асноўным клопатам з’яўляецца толькі невялікі ўчастак зямлі ды птушка. Апусцеў прасторны дом дом без дзяцей, якія пражываюць ужо са сваімі сем’ямі далёка ад роднай вёскі і наведваюцца рэдка.  Не стала, на жаль, мужа,  з  якім пражылі  ў  згодзе  сорак  гадоў. Вялікая Айчынная, што апаліла дзяцінства Марыі Пятроўны, забрала брата.  А вось бацька быў доўгажыхаром: пашанцавала сустрэць 100-годдзе. Перажыў ён тры вайны, з  Другой сусветнай вярнуўся са шматлікімі  ўзнагародамі.


У адным з пакояў дагэтуль красуюцца дзве шафы, змайстраваныя  гаспадаром,  – сведчанне яшчэ адной творчай чалавечай натуры. Ствараў і аздобліваў іх народны ўмелец  вечарамі пры газавай лямпе.  Марыя Пятроўна тут жа адзначае: “Муж быў непераўзыдзеным сталяром”.


Вось так, няспынна перагортваючы старонкi  жыцця, час спакойна пакiдае на іх свае адмеціны. Нiчога з “народжанага на стагоддзі” не знiкае бясследна. Яно заносіцца ў кнігу памяці, дазваляе адчуць подых мінулага, абуджае светлыя пачуцці. І вельмі хочацца, каб мела свой добры працяг…


Валянціна БЕЛЬЧАНКА