Васіль Фёдаравіч ЗАГАЙНАЎ – кулямётчык 3-й роты 1185-га палка 356-й дывізіі 89-га стралковага корпуса 61-й арміі Цэнтральнага фронту, яфрэйтар.
Нарадзіўся 13 студзеня 1903 года ў вёсцы Лопаўцы Новатар’яльскага раёна Марыйскай АССР у сялянскай сям’і. Рускі.
Скончыў сем класаў Пектубаеўскай школы. Да вайны працаваў рахункаводам у калгасе.
У Чырвоную армію Васіля Загайнава прызвалі ў студзені 1942 года, і на фронце ён быў кулямётчыкам стралковай роты. Храбрым, мужным і адважным, як сказана ва ўзнагародным лісце на прадстаўленне яго да звання Героя Савецкага Саюза. На рахунку яфрэйтара – некалькі подзвігаў, здзейсненых у 1943 годзе.
Так, 20 лютага, калі савецкія падраздзяленні прарвалі ўмацаваную лінію абароны праціўніка пад вёскай Чагадаева Болхаўскага раёна Арлоўскай вобласці, Загайнаў з ручным кулямётам уварваўся ў нямецкія траншэі і, умела мяняючы агнявыя пазіцыі, знішчаў фашыстаў. Ён уступіў у перастрэлку з варожымі аўтаматчыкамі і ў выніку гэтага бою знішчыў сем гітлераўцаў, а сам атрымаў кулявое раненне. Але траншэі не пакінуў, пакуль яны не былі поўнасцю ачышчаны ад фашыстаў.
Пасля лячэння ў шпіталі Васіль Загайнаў зноў вярнуўся ў сваю часць. На календары – 24 ліпеня. Ноч. Падчас наступлення 3-й стралковай роты на вёску Конскае вышэйзгаданага раёна яфрэйтар непрыкметна пранік у размяшчэнне праціўніка і адкрыў кулямётны агонь, знішчыўшы да 15 нямецкіх салдат і афіцэраў. Яму ўдалося стварыць паніку ў варожых радах і тым самым пасадзейнічаць вызваленню населенага пункта ад фашысцкіх захопнікаў.
Першага жніўня пры заняцці савецкімі войскамі буйнога апорнага пункта – сяла Злынь Болхаўскага раёна – яфрэйтар з фланга прыкрываў іх кулямётным агнём. І пры гэтым знішчыў каля 20 гітлераўцаў.
У канцы верасня ў раёне станцыі Рэпкі Чарнігаўскай вобласці рух байцоў быў спынены агнём праціўніка з боку чыгункі. Разведаць размяшчэнне варожых кулямётных гнёзд і падавіць іх – такі загад атрымаў Загайнаў.
Каб выканаць пастаўленую баявую задачу, ён, умела маскіруючыся, непрыкметна наблізіўся да гэтых кропак і закідаў іх гранатамі. А пасля адкрыў па гітлераўцах агонь са свайго кулямёта. Знішчыў шэсць нямецкіх салдат, захапіў спраўны кулямёт праціўніка і расчысціў шлях нашай наступаючай пяхоце.
З пісьма брату Паўлу ў Арзамас:
«Добрый день, дорогой и любимый брат Павел Фёдорович! С приветом к Вам ваш брат Василий Фёдорович. Шлю вам низкий поклон и пожелаю вам всех наилучших успехов в военной жизни. Сообщаю вам, П.Ф., я в 10 ч. 3-го октября жив и здоров, а дальше не знаю, что будет. Письмо ваше получил, и очень рад был и доволен, что со своим поговорил, спасибо, не забыл меня на фронте. Так, дорогой брат, не знаю, увидимся или нет. Трудно. Мы наступаем. Немца гоним на Запад. Тульскую обл. освободили, Орловскую, Черниговскую, Украину тоже. Теперь 1-го октября перешли реку Днепр…».
У пачатку кастрычніка, атрымаўшы загад фарсіраваць Днепр, камандзір часці вырашыў накіраваць на супрацьлеглы бераг для разведкі і забеспячэння пераправы групу адважных воінаў. Камандзірам яе быў назначаны яфрэйтар Загайнаў.
Пад прыкрыццем цемры перадавая група пераадолела водную перашкоду і заняла прыбярэжную вышыню. А на світанні варожыя танкі і пяхота рушылі ў контратаку. Трапным агнём кулямётаў і аўтаматаў, гранатамі націск гітлераўцаў удалося адбіць. Але варожыя контратакі паўтараліся. На працягу трох сутак смельчакі 1185-га стралковага палка ўтрымлівалі вышыню. Васіль Загайны быў паранены ў галаву, але поле бою не пакінуў. Разам з падраздзяленнямі часці, якія пераправіліся на правы бераг, ён узняў у атаку тых, хто застаўся ў жывых, і захапіў новую вышыню.
Чацвёртага кастрычніка разгарэўся бой за плацдарм на правым беразе Дняпра ў раёне вёскі Піркі, што на Брагіншчыне і цяпер знаходзіцца ў зоне адчужэння і адсялення. Менавіта там вораг неаднаразовымі контратакамі імкнуўся ўтрымаць свае ўмацаваныя пазіцыі.
Калі фашысты паспрабавалі абысці роту з фланга, яфрэйтар Загайны першым разгадаў іх манеўр. Выбраўшы зручнае месца, ён агнём са свайго кулямёта стрымліваў націск гітлераўцаў, а пры набліжэнні закідваў іх гранатамі. Будучы параненым, працягваў змагацца.
Сваімі дзеяннямі адважны баец стварыў умовы для фарсіравання Дняпра стралковымі падраздзяленнямі палка і ўтрымання рубяжа, захопленага на правым беразе. У гэтым баі ён знішчыў звыш 30 нямецкіх аўтаматчыкаў, але і сам загінуў, не адступіўшы ні на крок.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання па фарсіраванні Дняпра і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства яфрэйтару Загайнаву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А праз некалькі дзён яго жонка Ксенія Рыгораўна атрымала пісьмо ад камандзіра часці – генерал-маёра Макарава:
«Дело, за которое боролся ваш муж, продолжают его товарищи и друзья по оружию, беспощадно истребляя немецких захватчиков и их технику, всё дальше и дальше гоня гитлеровских мерзавцев на запад, освобождая нашу Родину. Недалёк тот день, когда над всей освобождённой Родиной будет победно реять красное знамя, как символ победы и независимости. И в этот день мы, его боевые друзья и товарищи, не забудем Василия Фёдоровича, а наоборот, на его подвигах будем воспитывать весь рядовой, сержантский, офицерский состав нашей части».
Пахаваны вызваліцель Брагіншчыны ў брацкай магіле ў Пірках, за станам якой цяпер сочаць работнікі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Раней, дарэчы, у гэтай вёсцы знаходзілася школа, якая насіла імя Героя.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
*У Вялікую Айчынную вайну верасень 1943-га стаў гістарычным для ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым месяцы, задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён”, пачалося вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях крывавы, неймаверна цяжкі, усланы вялікай колькасцю загінуўшых. Толькі ў брацкай магіле Камарына, які першым скінуў з сябе цяжар гітлераўскай акупацыі, пахавана больш чым 900 савецкіх воінаў. У тым ліку пяць Герояў Савецкага Саюза. А ўсяго за подзвігі, праяўленыя пры вызваленні Камарынскага і Брагінскага раёнаў, гэтага высокага звання ўдастоены 398 воінаў. Не ўсім суджана было сустрэць Перамогу. Імёны тых, хто аддаў за яё жыццё, – на пастаментах. Расказаць пра іх гераізм і мужнасць ставіць на мэце наш цыкл публікацый. Будзем ведаць і памятаць!
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.