Сяргей Купрыянавіч Галавашчанка – кулямётчык 1183-га палка 356-й стралковай дывізіі 61-й арміі Цэнтральнага фронту, чырвонаармеец.
Нарадзіўся 27 сакавіка 1923 года ў вёсцы Наваселле (цяпер – Купінскі раён Новасібірскай вобласці) у сялянскай сям’і. Рускі.
Рана застаўся сіратой з-за смерці бацькоў ад тыфу, з малалетняга ўзросту выхоўваўся ў дзіцячым доме ў горадзе Бялова (цяпер – Кемераўскай вобласці). Там скончыў сямігодку, а потым і курсы трактарыстаў пры цынкавым заводзе. Працаваў механізатарам у калгасах «Прагрэс», імя Ільіча Кісялёўскага раёна Новасібірскай вобласці (цяпер – Кемераўскай), а таксама ў падсобнай гаспадарцы Бялоўскага цынкавага завода.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, у чэрвені 1941 года, Сяргея Галавашчанку прызвалі ў Чырвоную армію. Праз месяц ён – на фронце. У першых баях з ворагам атрымаў цяжкае раненне, пасля якога доўга лячыўся ў шпіталі, а потым быў накіраваны ў працяглы водпуск на радзіму для аднаўлення здароўя.
У ліпені 1942 года зноў прызваны ў армію. Праходзіў службу ў 215-м запасным палку, а потым – кулямётчыкам 1183-га палка 356-й стралковай дывізіі 61-й арміі. Геройскі праявіў сябе ў Курскай бітве. Так, у раёне вёскі Міхнева Болхаўскга раёна Арлоўскай вобласці чырвонаармеец Галавашчанка, нягледзячы на масіраваны агонь праціўніка, падабраўся да варожай кулямётнай кропкі і закідаў яе гранатамі. Тым самым забяспечыўшы поспех атакі падраздзялення. Згодна з загадам ад 20 ліпеня 1943 года мужнага абаронцу Радзімы ўзнагародзілі медалём «За адвагу».
Самааддана змагаўся ён і пазней, падчас бітвы за Днепр у верасні сорак трэцяга. Калі разам з байцамі перапраўляўся праз раку каля вёскі Навасёлкі Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці, варожая міна выбухнула побач. Трымаючыся за абломкі лодкі, Сяргей дапамагаў сваім таварышам ратавацца, і байцы не толькі ацалелелі самі, але і не дапусцілі страт зброі і боепрыпасаў. Дасягнулі правага берага і ўступілі ў бой, прыкрываючы пераправу астатніх падраздзяленняў палка. Трапны агонь па фашыстах вёў кулямётчык Галавашчанка.
Напружаныя баі за ўмацаванне плацдарма і яго пашырэнне ў напрамку вёсак Піркі – Пасудава працягваліся цэлы тыдзень. Нарэшце пасля моцнай артылерыйскай падрыхтоўкі 1183 стралковы полк перайшоў у рашучае наступленне. Падчас яго 5 кастрычніка пяць воінаў на чале з Сяргеем Галавашчанкам уварваліся на ўскраіну вёскі Чэрнеў і ўступілі з фашыстамі ў рукапашную схватку. Ён асабіста знішчыў двух гітлераўцаў, але сам быў смяротна паранены. Таварышы вынеслі яго з поля бою і затым пахавалі у Чэрневе.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання па фарсіраванні Дняпра і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства чырвонаармейцу Галавашчанку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).
Пазней яго астанкі і іншых воінаў перазахавалі з Чэрнева ў брацкую магілу ў Пірках, на якой у 1958 годзе ўстанавілі скульптуру воіна. Цяпер помнік – на тэрыторыі зоны эвакуацыі: пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёску выселілі. За яго станам сочаць і клапоцяцца пра добраўпарадкаванне работнікі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. А ў Кісялёўску імя земляка, які загінуў пры вызваленні Брагіншчыны, указана на стэле памяці Герояў Савецкага Саюза.
Дарэчы, ужо ў далёкім ад вайны 1973 годзе ў калгасе імя Ільіча Бялоўскага раёна быў заснаваны прыз імя Сяргея Галавашчанкі для пераможца ў спаборніцтве механізатараў. І адным з першых, хто яго заваяваў, стаў сын Героя – Анатоль.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.