ПАКЛОНІМСЯ ЎСІМ СВЕТАМ, УСЁЙ ЗЯМЛЁЙ

Грамадства

70 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, дзень усенароднай памяці ахвяр фашызму– гэта не проста дата, гэта даніна павагі тым, хто прымаў на сябе ўдар самой моцнай па тым часе арміі ў свеце. Не кожны змог  бы  адстойваць Радзіму, забыўшы пра сваю інтарэсы і асабістыя прыхільнасці, адпраўляць  уласных дзяцей на немінучую пагібель, цярпець боль і голад, здзекі  акупантаў  і  штохвілінна  чакаць  вызвалення.


Падалі, прастрэленыя куляй, на франтах, прымалі галодную смерць у блакадным Ленінградзе, паміралі ад ран партызаны ў лясах, і гінула, гінула мірнае насельніцтва: жанчыны, дзеці, падлеткі, старыя. Удумайцеся ў лічбу: толькі ў Брагіне на вуліцы Пясочнай было закатавана і расстраляна 8000 мірных жыхароў. Больш чым палова ад цяперашняй колькасці насельніцтва ў раёне. Людзі, якія б маглі жыць, працаваць, ствараць… Хто зараз адкажа: колькі  сярод іх магло б быць таленавітых вучоных, музыкантаў, паэтаў ці проста  шчырых працаўнікоў на сваёй зямлі?  Колькі  дзяцей  не  нарадзілася? Колькі  сямей вынішчана “пад корань”? Колькі, колькі, колькі?.. Адказ  лунае  ў  Сусвеце.  Чалавечы розум  не   спасцігне  гэтага  ніколі.


Адплатай  за  якія грахі было такое пакаранне?  Веруючыя  перакананы: за нявер’е,  за тое, што афіцыйныя асобы не толькі самі забыліся пра Бога, але і стараліся агнём і куляй вынішчыць веру ў сэрцах людскіх. Скінутыя крыжы, разбураныя цэрквы, расстраляныя святары – заняпад духоўнасці. І тады на свет вылазіць карычневая (яна можа быць і іншага колеру) чума. І гінуць, гінуць людзі: старыя і малыя, вінаватыя і бязвінныя. Любая вайна – урок, толькі мы не заўсёды засвойваем матэрыял.


Малебен аб загінуўшых у гады Вялікай  Айчыннай  адбыўся ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца. Крэсны ход вернікаў і проста неабыякавых людзей прайшоў па вуліцах Брагіна і спыніўся на трагічным месцы, дзе былі загублены тысячы жыццяў.


Намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва звярнулася да прысутных са словамі, у якіх гучаў непрыкрыты  боль  за загінуўшых і гонар за мужнасць і непераможнасць народа. У сваім змястоўным выступленні яна прывяла факты, большасці з нас невядомыя.  Так, 22 чэрвеня 1941 года збіраўся сход Брагінскай раённай партыйнай арганізацыі. Патрэбна было разгледзець самыя жыццёвыя і мірныя пытанні: аб падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю і заканчэнні сенанарыхтовак. У раённым Доме культуры гучала музыка, чакалі першага сакратара, якого тэрмінова выклікалі ў Мазыр. Адтуль ён прывёз страшную вестку аб тым, што фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Ужо ў 12 гадзін жыхары райцэнтра слухалі Молатава, які зачытаў зварот Палітбюро ЦК ВКП(б)  да  партыі і народа.


Назаўтра раніцай сотні мужчын стаялі каля ваенкамата. Да 26 чэрвеня мабілізацыя была закончана. Потым Брагін сустракаў бежанцаў з захаду Беларусі і Украіны, якіх пазней пераправілі за Днепр. Туды ж былі эвакуіраваны і тысячы галоў грамадскай жывёлы.


А потым пачалася акупацыя, асноўнай задачай якой было ператварыць актыўную масу “іншароднага насельніцтва” ў напаўпісьменных рабоў (сакрэтны мемарандум Гітлера “Некаторыя думкі пра абыходжанне з насельніцтвам на Усходзе” ад 25 мая 1940 г.). Разам з іншымі паўднёвымі раёнамі Палескай вобласці нашы землі ўваходзілі ў генеральную акругу “Жытомір” рэйхскамісарыята “Украіна”. Брагін быў цэнтрам гебіта (вобласці). Навядзеннем “новага парадку” займаліся каманды  тайнай палявой паліцыі, СС, паліцыі  бяспекі  і  СД,  жандармерыі.


У верасні 1941 года пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва. Першымі былі яўрэйскія сем’і і партыйна-савецкі актыў. На месцы тагачаснай беларускай школы ў райцэнтры стварылі  гета, у якім утрымлівалася каля 600 чалавек, у тым ліку 156 дзяцей да 14 гадоў. Жудаснай восенню 1941-га і пазней на грузавіках і падводах немцы звозілі яўрэяў, натоўпамі гналі людзей з навакольных вёсак, з Лоеўшчыны, з Хойнікаў, нават з Азарычаў, Капаткевічаў, Калінкавічаў, Мазыра. Хапалі цэлымі сем’ямі, затым бязлітасна знішчалі. 27 лістапада 1941 года гета было ліквідавана. Каля 600 чалавек расстралялі, некаторых  закапалі жывымі ў дзвюх вялікіх ямах у раёне  вуліцы  Набярэжнай. У Камарыне, ва ўрочышчы Печы і на двары калгаса “Серп і молат” было расстраляна 140 яўрэяў. Брагінскай вобласцю тады кіраваў адпеты нацыст Нольдэ, і на тэрыторыі “гебітскамісарыята” асабліва жорстка ажыццяўляўся тэрор супраць мірнага насельніцтва. Так, восенню 1942 года, пасля няўдалых акцый супраць партызанскіх атрадаў імя Катоўскага, імя Чапаева, іншых фарміраванняў, было сабрана больш  за 500 партыйна-савецкіх актывістаў, членаў іх сем’яў, родзічаў з Брагінскага, Камарынскага, Лоеўскага раёнаў і на працягу трох сутак іх расстрэльвалі ў Брагіне за жывёлабазай.


“Але самыя жорсткія рэпрэсіі ворага не маглі зламаць волю нашых людзей, іх веру ў Перамогу над гітлераўскім фашызмам.


Мы, іх нашчадкі, не павінны нічога забываць. Трэба несці гэту святую памяць і праўду аб вайне праз гады і перадаваць яе ад пакалення пакаленню. І зноў прыходзіць, каб ускласці кветкі, успомніць, пакланіцца і памаліцца за ўсіх забітых і загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. І няхай не будзе яе, праклятай, ніколі – ні праз 70 год, ні праз стагоддзі,” – звярнулася да прысутных  Ганна  Мікалаеўна.


На гэтым святым месцы адбылося набажэнства, пасля чаго ўдзельнікі крэснага ходу накіраваліся ў раённы Дом культуры на канцэрт-рэквіем “Той незабыўны сорак першы”. Песні ваенных і пасляваенных часоў у выкананні Рамана Цеслянка, Мікалая Малочкі, Ігара Сінілы не маглі не крануць душы, як і верш, які прачытала  Леаніда Леановіч.


З невялікай, але змястоўнай пропаведдзю да прысутных звярнуўся настаяцель Малажынскай у імя Казанскай іконы Божай Маці царквы, іерэй Расціслаў Бандарэнка. Асабіста для мяне  ў гэтым  звароце былі блізкімі  словы: “Такімі людзьмі, як фашысты, Гасподзь пакараў нас. Яны чыталі Гётэ і Шылера, слухалі Баха – і ішлі ўбіваць. Чаму? Не было моцнага духоўнага  фундаменту.  У  душы, цэнтры жыцця кожнага з нас павінен быць Хрыстос”.


І  гарэлі свечкі, і панавала над зямлёй  хвіліна маўчання… Як даніна  памяці тым, чыіх нашчадкаў сярод нас няма.


Галіна ШАЎЧЭНКА



  • Пасля вызвалення раёна аб  зверствах фашыстаў на яго тэрыторыі было напісана ў газеце “За родину”. І заканчвалася публікацыя такімі словамі: “Товарищ боец! Таких преступлений ещё не знал мир. Запомни их и отомсти за каждую каплю невинно пролитой крови”.