Куды накіруюцца, чым будуць займацца ў дзень суботніка, 16 красавіка, у працоўных калектывах ведалі загадзя. Рабочая група па яго падрыхтоўцы і правядзенні, якую ўзначальвала намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва, абазначыла аб’екты і прадпрыемствы, на якіх патрабавалася дадатковая рабочая сіла. Як і ў папярэднія гады, дапамогі чакала вёска, дзе шырокім фронтам вяліся палявыя работы, ішла падрыхтоўка да пашавага ўтрымання. У КСУП імя Жукава неабходна было перабраць бульбу, у “Малажынскім” і “Брагінцы” – выгарадзіць кашару, высекчы дрэвы і кустарнікі, “Чамярыскім” – пабяліць сад у Хракавічах.
Перабраць насенную бульбу дапамаглі таксама працаўнікам КСУП “Малажынскі”, “Пераможнік”, а ў КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” (в. Гарадзішча) – абрэзаць і пабяліць сад.
Калектывы некаторых арганізацый і ўстаноў Брагіна наводзілі парадак на замацаваных тэрыторыях, падграбалі, рабілі клумбы, фарбавалі агароджу. Свой уклад у добраўпарадкаванне райцэнтра ўнеслі індывідуальныя прадпрымальнікі. Галіна Малая, Радж Гуліеў, Валянціна Герда разам з начальнікам аддзела нарыхтовак раённага спажывецкага таварыства Анатолем Снегіром выграблі смецце, якога каля канавы за тэрыторыяй рынка сабралася шмат. Засталося вывезці яго, каб вецер не разносіў ва ўсе бакі.
Працавалі ў гэты дзень брагінчане сумленна, разумеючы, што чысціню і парадак наводзяць для сябе. Прыемна будзе прайсці потым па вуліцах, дзе не валяецца смецце, дзе ў хуткім часе зацвітуць кветкі. Участак вакол могілак (вуліца Камсамольская) прывялі ў належны стан работнікі ваенізаванай аховы, філіяла “Энерганагляд” РУП “Гомельэнерга”, Брагінскага філіяла КУП “Гомельаблпаліва” і іншых. Ажыўлена было і на вуліцы Чалідзе. Сюды накіраваліся работнікі КЖУП “Брагінскае”, каб пафарбаваць агароджу, вывезці галлё абрэзаных дрэў. Дапамагалі ім дарожнікі (ДЭУ-148) і работнікі ЦБП №306 філіяла №300 Гомельскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк”.
Старшыні сельскіх выканкамаў далучылі да ўборкі населеных пунктаў, добраўпарадкавання могілак жыхароў вёсак. Справа знайшлася ўсім: вывозілі хлам, які скапіўся за зіму, рамантавалі агароджу, фарбавалі яе.
А ўсяго ў суботніку прыняло ўдзел 5170 чалавек. Прадугледжваецца пералічыць на спецыяльны рахунак суму ў межах 50 млн рублёў.
Ніна СІНІЛАВА