З РОЗУМАМ, ПА-ГАСПАДАРСКУ

Грамадства

У  цудоўным  месцы, упрыгожаным стройнымі соснамі ды блакітам велічнага Дняпра, раскінуўся гарадскі пасёлак. Заўсёды дагледжаны і гасцінны,  за апошнія гады яшчэ больш  абнавіўся і прыкметна памаладзеў. Няспешнае, размеранае жыццё ў суладдзі з прыродай  дапаўняецца нераўнадушшам і ўзаемаразуменнем, у першую чаргу – паміж кіраўнікамі мясцовых структур, якія больш разлічваюць на ўласныя сілы і ініцыятыву, а за агульную справу хварэюць душой. Магчыма, таму самыя лепшыя задумы, планы, намеры і не застаюцца толькі словамі.


Рабочы кабінет Віктара Свіслоўскага – увесь Камарынскі пасялковы Савет. А гэта, апрача цэнтральнага населенага пункта, дзе налічваецца  2200 чалавек, яшчэ сем вёсак з 730 жыхарамі. Пасада не дазваляе заседжвацца на адным месцы, рэжым працы павінен быць зручны для грамадзян. У іншым выпадку застанешся далёка і ад рэальнай сітуацыі, і ад балючых кропак,  і  ад  спадзяванняў, запытаў людзей. А Віктар Міхайлавіч менавіта з тых кіраўнікоў, якія шчыра зацікаўлены, каб на падуладнай ім тэрыторыі  адчувалі сябе спакойна, утульна і камфортна ўсе: ад дзяцей да знямоглых састарэлых. Таму, як і належыць, практыкуюцца выязныя прыёмы грамадзян, адзіныя дні інфармавання, сходы, пасяджэнні камісій па справах непаўналетніх, барацьбе з п’янствам, супрацьпажарным стане жылых дамоў і інш. Гэта дазваляе своечасова падключаць да тых ці іншых праблем адпаведныя службы, будаваць работу ў правільным накірунку. У рэшце рэшт, устанаўліваць паміж уладай і насельніцтвам фактар даверу. А як не пацікавіцца станам здароўя і ўмовамі побыту адзінокіх, ветэранаў вайны, не наведацца ў дамы, дзе марнатравяць спіртным?.. За доўгія гады старшынства Віктар Міхайлавіч ужо добра вывучыў і характар, і звычкі мясцовых жыхароў. Здзіўляешся часам, як умее знайсці падыход да кожнага, прымяніць да месца як строгі дзелавы тон, так і трапны жарт. Зразумела: дзе патрэбна  пераканаўча растлумачыць, запэўніць ці  ўсяліць надзею, падбадзёрыць, а дзе – і паўшчуваць.


Дарэчы, колькасць зваротаў у пасялковы Савет за мінулы год у параўнанні з папярэднім паменшылася, і ўсе вусныя ў асноўным неслі растлумачальны характар, а большасць узнятых праблем у пісьмовых датычылася жыллёва-камунальнага абслугоўвання. Ключ да іх вырашэння шукалі на месцы, разам з адказнымі за паўсядзённыя жыццёвыя атрыбуты структурамі. Канец 2010-га – пачатак гэтага года дабавілі яшчэ пытанняў, звязаных з парадкам газіфікацыі дамоў. Хто, за што і колькі павінен плаціць пры падвядзенні блакітнага  паліва да прыватнага сектара – разбіраліся разам са спецыялістамі раённага і абласнога ўзроўняў. Гэтай тэме прысвяцілі пяць сходаў.


Яшчэ больш знізіць паток зваротаў павінен, па меркаванні Віктара Міхайлавіча, узяты на ўзбраенне вопыт Мазырскага раёна, а дакладней – дзейнасць створанай пры пасялковым Савеце камісіі, прызванай сачыць за парадкам на падведамаснай тэрыторыі. У яе склад увайшлі прадстаўнікі аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, газавай гаспадаркі, сістэм адукацыі і аховы здароўя, энергетыкі, сацыяльнай службы. Акцэнт робіцца як на агляд домаўладанняў на прадмет належнага супрацьпажарнага і санітарнага стану, бяспечнай жыццядзейнасці, так і на праблемы людзей.


–Прычым у гэтай новай для нас справе, – дзеліцца  старшыня, – мы  вырашылі   пайсці  далей: завітаць  у  кожны дом,  а не толькі да нядобранадзейных  сем’яў, адзінокіх, інвалідаў, іншых грамадзян “групы рызыкі”. Так будзем лепш валодаць сітуацыяй, зможам прыняць да ведама нейкія пажаданні і прапановы, адчуем настрой людзей.
І ужо, дарэчы, першы “фронт” дзейнасці (вёска Ніжнія Жары) паказаў, што  людзі падобныя візіты, якія арганізоўваюцца кожны другі і чацвёрты чацвер месяца, не ўспрымаюць як нешта дзіўнае ці недарэчнае. Наадварот. Сустракаюць ветліва, актыўна ўступаюць у дыялог. Ёсць неабходнасць у сацыяльнай абароне, матэрыяльнай падтрымцы ці інш. – па-за ўвагай ні адзін праблемны момант не застаецца.


Кожны такі дзень пачынаецца з нарады, дзе прадстаўнікі мясцовай назіральнай камісіі на чале з Віктарам Міхайлавічам абмяркоўваюць напрамак сваіх далейшых дзеянняў, аналізуюць выкананне папярэдніх даручэнняў.  А асноўныя праблемы, як паказаў агляд 44-х домаўладанняў у Ніжніх Жарах, звязаны з заменай электраправодак і рамонтам пячнога ацяплення, ды далёка не кожны ў выніку тых ці іншых абставін можа самастойна засцерагчыся ад небяспекі. Таму разглядаюцца магчымасці аказання такім грамадзінам аднаразовай адраснай сацыяльнай дапамогі. Да таго ж, не даводзіцца, як кажуць, варыцца толькі ў сваім саку – вырашэнню больш складаных пытанняў, што патрабуюць падтрымкі структур вышэйшага ўзроўню, спрыяе ўдзел у штотыднёвых нарадах з кіраўніцтвам райвыканкама.


Але поруч з умацаваннем такім чынам бяспекі і пільнай увагай да складаных жыццёвых сітуацый нельга адыходзіць і ад іншых, не менш важных клопатаў і турбот. Як, напрыклад, навядзенне парадку на зямлі. На гэтым накірунку, зрэшты, хацелася б спыніцца асобна.


Па паведамленні Віктара Міхайлавіча, у мінулым годзе на добраўпарадкаванне мясцовай тэрыторыі было зрасходавана 70,5 мільёна рублёў, 18 з якіх  – уласныя сродкі. А астатнія? Вынік зладжанай, зацікаўленай працы тутэйшых жыхароў, беражлівых адносінаў да таго, што ствараецца. І гэта – без перабольшвання. У 2009 годзе Камарын стаў пераможцам агляду  санітарнага стану  і добраўпарадкавання населеных пунктаў Гомельскай вобласці – у сваёй катэгорыі раздзяліў разам з Лоевам другое месца.  Вось і атрымаў у якасці заахвочвання 1500 базавых велічынь, дзякуючы якім з’явілася новая жалезабетонная агароджа ў пасёлку, а таксама хапіла, каб устанавіць яе на могілках і ў Камарыне, і ў Карлаўцы.


І на гэтым кіраўнік спыняцца не збіраецца: заслужанае прызавое месца і тое, што росквіт пасёлка над Дняпром прыкмечаны, яшчэ больш натхняюць на стваральную працу, спрыяюць нараджэнню новых задумак. У прыватнасці, адна з іх – дапоўніць мясцовы інтэр’ер дэкаратыўнымі клумбамі, малымі архітэктурнымі збудаваннямі, дзвюма дзіцячымі пляцоўкамі. А яшчэ – фантанам, для якога ўжо аблюбавана месца, прадуманы ход работ, якія будуць  весціся гаспадарчым спосабам. Ці па сілах? Сумненняў  у Віктара Міхайлавіча не ўзнікае: з такімі кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, што размешчаны на тэрыторыі Савета, можна смела брацца за ўвасабленне любой ідэі. У падтрымцы ніколі не адмовяць. З камандай, як лічыць старшыня, яму сапраўды пашчасціла – неабыякавыя, творчыя, людзі слова і справы. Увогуле, аднадумцы. Ды і мясцовае насельніцтва таксама за чысціню, утульнасць і парадак, а прыгажосць, як вядома, лішняй не бывае. Так што няхай красуе, пашырае гарызонты добраўпарадкавання і не бяднее на працалюбівых людзей пасёлак над  Дняпром.


А мы, калі здзяйснялі чарговую экскурсію па яго наваколлі  ў  суправаджэнні Віктара Міхайлавіча, не маглі не прыкмеціць, з якім гонарам, душэўным парывам і любоўю да свайго краю распавядае старшыня пра  кожную ўвасобленую ў жыццё ідэю, пра кожны адноўлены куточак, акультураны кавалачак зямлі, якія з усталяваннем цяпла абавязкова заззяюць стракатасцю кветак і зелянінай прысад. Мусіць,  больш дакладнага і трапнага слова, каб ахарактарызаваць гэтага кіраўніка, і не падбярэш – Гаспадар.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА