У саперніцтве з надвор’ем. Як спраўляюцца са снегам на Брагіншчыне

Важнае Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Калі снегапады набіраюць абароты, нязручнасцей і перашкод дадаецца ўсім. Абураюцца вадзіцелі, раздражняюцца і бурчаць пешаходы. Скаргі так і накіроўваюцца ў адрас камунальшчыкаў: замеценыя сцежкі-дарожкі. А цярплівасці ў людзейчамусьці не хапае. Як і разумення: ачысціць адразу і паўсюдна проста немагчыма. Тым больш калі сыпле, сыпле… У такіх умовах да асобных гаспадароў таксама ўзнікае пытанне: а калі вы ў апошні раз бралі ў рукі рыдлёўку?

Зіма сёлета не спазнілася – прыйшла па календары. І ніякімі анамаліямі пакуль не здзівіла. Хто хацеў бялюткага снегу ды кусачага марозіку – калі ласка! Надвор’е адпавядае сезону. А камунальшчыкам, як і належыць, задае напружаны працоўны рытм.

Часам, каб даведацца, што зноў падрастаюць сумёты, не абавязкова нават выходзіць на двор ці глядзець у акно – аб гэтым сведчыць гул снегаўборачнай тэхнікі КЖУП “Брагінскае”. У такі перыяд яна выходзіць на вуліцы райцэнтра, пакуль многія яшчэ спяць ці толькі прачынаюцца. Без скідак на выхадныя і святочныя дні.

У першачарговым парадку, як растлумачвае дырэктар прадпрыемства Раман Козел, расчыстка ажыццяўляецца на праезных частках. У прыярытэце – вуліцы з найбольш інтэнсіўным дарожным рухам: Савецкая, Кірава, Акцябрская, Чалідзе, Гагарына, Скарахода. Потым – другарадныя, прыватны сектар, мікрараёны. У працы задзейнічаны тры адзінкі снегаўборачнай тэхнікі, у тым ліку адзін трактар – на тратуарах. Работы ўручную вядуць сем чалавек. Ажыццяўляецца і пасыпка: да халоднага сезона камунальшчыкі назапасілі 300 тон пясчана-салянай сумесі, каля паловы з якой ужо выкарысталі.

Снегапады то спыняюцца, то зноў набіраюць моц. І ў сітуацыі, калі нябесная канцылярыя не дае літасці, работнікам КЖУП “Брагінскае” не пазайздросціш: толькі расчысцілі ўчастак – трымайце новую порцыю ападкаў. Працаваць даводзіцца ад цямна да цямна. І ў дадатак – выслухоўваць скаргі, незадавальненні. У пераважнай большасці – ад тых, каго не цікавяць ніякія складанасці, хто не хоча чуць растлумачэнняў. Патрэбна одно: каб зручна, камфортна – паўсюдна і адразу! Прабачце… Як па чароўнай палачцы, не атрымаецца.

Больш таго, некаторыя жыхары самі ствараюць перашкоды на шляху снегаўборачнай тэхнікі, загрувашчваючы аўтама-білямі праезды на дваровыя, іншыя тэрыторыі. У такое надвор’е транспарт, які з дня ў дзень стаіць без руху, лепш трымаць у гаражы. Паркавацца – прадумана, кампактна.

А ў асобных грамадзян выклікае абурэнне, калі ў выніку работы трактара, які ачышчае тратуар уздоўж дамоў сядзібнага тыпу, ствараецца гурба насупраць двара. Маўляў, таксама павінны прыбіраць. Хаця спраў для гаспадара – усяго некалькі разоў узмахнуць каля свайго жылля рыдлёўкай. Лянота?..

Вядома, камунальшчыкі не збіраюцца здымаць з сябе адказнасці. Камфорт і зручнасць, бяспека лю-дзей, якасць паслуг – усё гэта было, ёсць і застаецца ў прыярытэце. Але ж і нам, вадзіцелям і пешаходам, звычайным жыхарам, патрэбна разумець: ва ўмовах складанага зімовага надвор’я працаваць адначасова на ўсіх напрамках работнікам аднаго прадпрыемства немагчыма. У адрозненне ад сіл прыроды, людскія рэсурсы абмежаваныя. Таму вельмі пахвальна, калі з самай раніцы ці пасля працоўнага дня з кватэр і дамоў выходзяць жыхары, каб стварыць для сябе ж зручнасць у перамяшчэнні. Калі на дапамогу старым і хворым спяшаецца моладзь, а для дзяцей прыкладам у калектыўных справах на агульную карысць з’яўляюцца бацькі. І да працы людзей, якія дбаюць пра наш камфорт, ставяцца з павагай.

Па-мойму, ва ўмовах узаемаразумення, падтрымкі, саўдзельніцтва будзе значна менш і скарг, і сумётаў.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА